Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ў найбліжэйшы час пачнуць вяшчаньне яшчэ некалькі ўкраінскіх тэлеканалаў


Прэзэнтацыя тэлеканалу UATV у Беларусі.

Чатыры ўкраінскія тэлеканалы пачнуць трансьлявацца ў Беларусі ў найбліжэйшы час, акрамя каналу замежнага вяшчаньня UATV, які ўжо атрымаў афіцыйны дазвол на трансьляцыю. Пра гэта інфармуе агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

Афіцыйны дазвол на трансьляцыю UATV дзейнічае ў Беларусі з 24 студзеня сёлета. Прэзэнтацыя гэтага каналу адбылася сёньня, 15 сакавіка, у амбасадзе Ўкраіны ў Менску.

«На сёньня яшчэ дакладна адзін украінскі канал атрымаў дазвол на вяшчаньне ў Беларусі — гэта тэлеканал Film. ua Drama, у студзені месяцы ён ужо пачаў распаўсюджвацца. І ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі на сёньняшні дзень знаходзяцца на разглядзе яшчэ два тэлеканалы кампаніі Star Cinema і Star Media. У пэрспэктыве на бліжэйшы час тэлеканал World украінскі. Але гэта ўсё каналы не інфармацыйныя, не дзяржаўныя — яны нішавыя», — паведаміла генэральны дырэктар UATV Людміла Бярозаўская ў інтэрвію журналістам у рамках прэзэнтацыі тэлеканалу ў Менску.

Паводле словаў дырэктара ТАА «Навігатар ТБ» (афіцыйнага дыстрыбутара тэлеканалу UATV у Беларусі) Вадзіма Ціхановіча, акрамя названых, яшчэ два ўкраінскія тэлеканалы падалі заяўвы на дазвол трансьляцыі ў Міністэрства інфармацыі Беларусі. «Яшчэ два канала падаліся літаральна ўчора — гэта 1+1 International і Квартал-95, — распавёў Ціхановіч журналістам.

На цяперашні момант «Навігатар ТБ» заключыў каля 20 дамоваў пра вяшчаньне UATV зь беларускімі апэратарамі кабэльных сетак; у дзесяці зь іх прагляд ўжо даступны. Траціна апэратараў вяшчае ў Менскай вобласьці, астатнія — у Гомельскай і Берасьцейскай. У найбліжэйшы час плянуецца падключэньне да іншых беларускіх апэратараў кабэльных сетак.

Усяго ў Беларусі дзейнічае каля 150 кабэльных тэлеапэратараў. Найбольш буйнымі зьяўляюцца «МТІС», «Велком» і «Космас Тэлекам», аднак яны пакуль не ўключылі ўкраінскі тэлеканал.

UATV стаў першым украінскім тэлеканалам, які пачаў вяшчаць у кабэльных сетках Беларусі. Ва Ўкраіне на парытэтнай аснове вяшчае беларускі тэлеканал «Беларусь 24».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG