Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узбэцкую чыноўніцу, якая іранізавала пра шматжонства, накіравалі ў прымусовы адпачынак


Наргіза Рахімава

Намесьніцу дырэктара Агенцтва інфармацыі і масавых камунікацый пры адміністрацыі прэзыдэнта Ўзбэкістану накіравалі ў прымусовы адпачынак з прычыны пагрозы яе бясьпецы. Пра гэта ўзбэцкай службе Радыё Свабода паведамілі крыніцы ў праваахоўных органах і калегі чыноўніцы.

35-гадовая маці чацьвярых дзяцей Наргіза Рахімава сутыкнулася з пагрозами пасьля камэнтара ў фэйсбуку на тэму шматжонства ў мусульман.

Усё пачалося напярэдадні 8 сакавіка, калі карыстальнік Hayot Baxtiyor O’gli напісаў на старонцы ўзбэцкай службы Радыё Свабода ў фэйсбуку камэнтар у абарону шматжонства:

«Толькі мужыкі-анучы, якія не змогуць справіцца нават з адной жонкай, і жанчыны-сьцервы, якія сядзяць на шыі сваіх мужоў як на ішаку, выступаюць супраць шматжонства», — напісаў Hayot Baxtiyor O’gli.

У адказ Наргізы Рахімава (Саідава — яе дзявочае прозьвішча) напісала:

«Наш прарок ня браў другую жонку пры жыцьці нашай маці Хадзіджы. Ня ведаю, можа, у той час ён быў анучай, можа, наша маці Хадзіджа была сьцервай, гэта вы лепш ведаеце. Хазрат Алі таксама ня браў другую жонку пры жыцьці нашай маці Фацімы. Гэтая акалічнасьць вельмі сьмешная, вядома ж».

Пасьля гэтага ў сацыяльных сетках зьявіліся дзесяткі камэнтароў, відэазваротаў і заяў, накіраваных супраць Рахімавай. Некаторыя карыстальнікі пагражалі ёй сьмерцю. Былі таксама пагрозы і на адрас яе мужа і дзяцей. Рахімавай давялося выдаліць усе акаўнты ў сацыяльных сетках.

Як кажа высокапастаўленая крыніца Радыё Свабода ў праваахоўных органах Узбэкістанк, цяпер сілавікі шукаюць аўтараў камэнтароў, якія заклікалі да гвалту ў дачыненьні да чыноўніцы.

9 сакавіка на сайце тэлеканалу Azon TV зьявіўся відэазварот Наргізы Рахімавай, якая назвала тое, што адбылося, «непаразуменьнем».

«Я, як звычайная раба Божая, хачу прынесьці ўсім мусульманам шчырыя прабачэньні за свае думкі, якія выклікалі столькі бурных спрэчак», — сказала ў сваім відэазвароце Рахімава.

Экспэрты па інтэрнэт-тролінгу выявілі шэраг фэйкавых акаўнтаў, якія паведамляюць, што нібыта насамрэч Рахімава ня шкадуе аб сказаным і называе апанэнтаў па спрэчцы ідыётамі. У узбэцкамоўных Telegram-каналах зьявіліся пасты пра актыўнасьць троляў, якія зьмяшчаюць скрыншоты з аднатыпнымі тэкстамі супраць чыноўніцы.

Пра сытуацыю выказаўся камітэт па справах рэлігій пры кабінэце міністраў Узбэкістану. У заяве камітэту імя Наргізы Рахімавай ня згадваецца. Аднак у ім падкрэсьліваецца, што «абраза рэлігійных пачуцьцяў грамадзян цягне за сабой пакараньне, прадугледжанае заканадаўствам краіны».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG