Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі пратэставалі супраць «Чарнобылю ў асобна ўзятым мікрараёне»


У лютым прайшоў флэшмоб супраць шуму і смуроду з прадпрыемства «Гомельшпалеры»
У лютым прайшоў флэшмоб супраць шуму і смуроду з прадпрыемства «Гомельшпалеры»

Больш за 100 чалавек сабраліся 3 сакавіка ў адным з двароў Навабеліцкага раёну Гомля.

Жыхары пратэставалі супраць нядаўна ўведзенай лініі фабрыкі «Гомельшпалеры» — скардзяцца на моцны пах і пастаянны гул абсталяваньня. Яны параўноўваюць тое, што адбываецца, з «чарнобыльскай катастрофай у асобна ўзятым мікрараёне».

Як паведамляе Tut.by, жыхароў сабралі актывісты ініцыятыўнай групы — абыходзілі кватэры, раздавалі ўлёткі. Запрашэньні адправілі таксама ў гарадзкі і раённы выканкамы, дырэктару шпалернай фабрыкі. І тыя прыйшлі.

Жыхары — чыноўнікам: «Мы вам больш ня верым!»

Да мітынгоўцаў выйшаў прадстаўнік фабрыкі і намесьнік старшыні Навабеліцкага райвыканкаму, запрасілі ў актавую залю адміністрацыі. Але людзі прапанову адхілілі: «Там вы будзеце гаспадарыць і кіраваць сытуацыяй, а мы вам больш ня верым», — патлумачылі яны сваю пазыцыю.

Пасьля гэтага зьявіліся старшыня абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Сушчэвіч, галоўны санітарны ўрач вобласьці Аляксандар Тарасенка, намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы шпалернай фабрыкі Віктар Кушнераў.

«За 400 мэтраў ад прахадной — дзіцячая паліклініка, два дзіцячыя садкі, — абураецца мясцовая жыхарка Алена Барысаўна. — Прэзыдэнт патрабуе нараджаць, а навошта, калі мы гэтых дзяцей тут жа і труцім?»

Паводле яе, усё лета над гародам стаяў гэты густы едкі дым. У выніку — пяршэньне ў горле, кашаль, нейкі «Чарнобыль у асобна ўзятым мікрараёне», — падсумавала жанчына.

Яе суседзі дадаюць, што ад леташняй восені да праблемы смуроду дадалася яшчэ адна — гул.

«Ён такой сілы, што, паверце, каб у гэты момант завод працаваў, мы б ня чулі тут адно аднаго», — кажа Аляксандар.

Мясцовы жыхар Сяргей Бабіцкі ўпэўнены, што ўсе праблемы ад таго, што на прадпрыемстве, калі набывалі новыя лініі, зэканомілі на «печы дапальваньня».

«Пры вытворчасьці выдзяляецца хлёрысты вініл, гэта канцэраген. Калі ў паветры ёсьць пах, гэта азначае, што норма перавышаная ў разы».

Адміністрацыя — народу: «Экспэрты парушэньняў ня выявілі»

На днях у Гомлі чакаюць адмыслоўцаў з лябараторыі Санкт-Пецярбургу. У канцы мінулага году паветра ў Навабеліцы ўжо правяралі іхныя калегі з Курску і перавышэньняў не знайшлі. Мясцовыя ня вераць у іх аб’ектыўнасьць.

«Фабрыка плаціць за замеры, такім чынам яна — зацікаўлены бок, няўжо будзе дэманстраваць вынікі, якія ёй нявыгадна дэманстраваць?» — задаюцца пытаньнем людзі.

У адказ галоўны санітарны ўрач вобласьці прапанаваў у дзень, калі спэцыялісты расейскай лябараторыі будуць рабіць на фабрыцы замеры, паўдзельнічаць у «народным кантролі».

На спэцыфічны пах каля шпалернай фабрыкі ў Навабеліцы людзі пачалі скардзіцца яшчэ мінулай зімой, калі на прадпрыемстве адкрылі новую вытворчасьць вінілавых шпалераў.

У ліпені на патрабаваньне абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя работа фабрыкі была прыпыненая. Празь некаторы час кіраўніцтва прадпрыемства дало справаздачу пра выпраўленыя недахопы. Але праблема ня зьнікла.

Галоўнае спадзяваньне ў барацьбе з пахамі заводзкая адміністрацыя ўскладае на ўстаноўку генэратара азону — акісьляльніка, здольнага разбураць самыя ўстойлівыя хімічныя сувязі. Неўзабаве стануць вядомыя вынікі выпрабаваньняў.

Што тычыцца шуму, то, згодна зь дзейным заканадаўствам, для спыненьня вытворчасьці дастаткова двух замераў, якія пацьвярджаюць перавышэньне дапушчальных нарматываў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG