Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы адвакат Трампа дасьць паказаньні пра яго ўдзел у бізнэсе ў Маскве. ЖЫВОЕ ВІДЭА


Майкл Коэн
Майкл Коэн

Былы адвакат прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Майкл Коэн ў сераду плянуе даць у Кангрэсе паказаньні пра тое, што Трамп загадзя ведаў аб уцечцы электронных лістоў, якія маглі нашкодзіць ягонай суперніцы ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан на прэзыдэнцкіх выбарах ў 2016 годзе. Таксама ён абвінаваціць кіраўніка дзяржавы ў махлярстве і расізме. 20-старонкавы праект ўступнага выступу Коэна апублікавала выданьне The New York Times.

Жывы эфір выступу Майкла Коэна ў Кангрэсе будзе трансьлявацца аб 18-й гадзіне па менскім часе.

​На гэтым тыдні Майкл Коэн пагадзіўся даць паказаньні некалькім камітэтам Кангрэса ЗША, выступ 27 лютага будзе адкрытым. У сваім ўступным слове Майкл Коэн паабяцае перадаць Кангрэсу дакумэнты, якія, паводле яго, даказваюць, што прэзыдэнт ЗША асабіста ўдзельнічаў у незаконных апэрацыях.

Коэн, як чакаецца, скажа, што Трамп даручыў яму заплаціць $130,000 порнаакторцы Стормі Дэніелс, каб тая захоўвала маўчаньне пра сувязі з будучым прэзыдэнтам. Аплата магла парушаць правілы фінансаваньня выбарчай кампаніі.

Ён таксама заявіць, што будучы прэзыдэнт кіраваў перамовамі аб праекце будаўніцтва хмарачоса ў Маскве ўжо ў той час, калі быў кандыдатам у прэзыдэнты і публічна сьцьвярджаў, што ў яго няма дзелавых інтарэсаў у Расеі. Акрамя таго, ён заявіць, што нядаўна арыштаваны палітычны дарадца Трампа Роджэр Стоўн загадзя папярэдзіў Трампа яго пра перамовы з заснавальнікам WikiLeaks Джуліанам Асанжам, падчас якіх той сказаў, што сайт апублікуе электронную перапіску, якая нанясе шкоду выбарчай кампаніі Гілары Клінтан.

Коэн таксама заявіць, што Трамп дазваляў сабе расісцкія выказваньні ў адрас чарнаскурых жыхароў ЗША.

Пры гэтым у праекце выступу Коэна гаворыцца, што ў яго няма прамых доказаў змовы амэрыканскага прэзыдэнта ці яго выбарчага штаба з Расеяй, расьсьледаваньне чаго вядзецца ў ЗША.

  • Усе абвінавачваньні з чарнавіка выступу Коэна раней ужо адмаўляліся Дональдам Трампам, а факт перамоваў з Асанжам адмаўляецца Стоўнам.
  • У сераду Трамп заявіў, што Коэн — толькі адзін з адвакатаў, якія працавалі з ім. У сваёй заяве ў Твітэры прэзыдэнт ЗША выказаў здагадку, што заявы Коэна могуць быць зьвязаныя з ягоным жаданьнем скараціць тэрмін турэмнага зьняволеньня. У сьнежні Коэн быў прыгавораны да трох гадоў турэмнага зьняволеньня за хлусьню пад прысягай, парушэньне правілаў фінансаваньня выбарчых кампаній і ўхіленьне ад выплаты падаткаў. У лютым судзьдзя дазволіў былому адвакату перанесьці тэрмін пачатку турэмнага зьняволеньня на 6 траўня.

«Майкл Коэн быў адным з многіх адвакатаў, якія прадстаўлялі мяне (на жаль). У яго былі і іншыя кліенты. Ён быў пазбаўлены ліцэнзіі за хлусьню і махлярства. Ён рабіў дрэнныя рэчы, не зьвязаныя з Трампам. Ён хлусіць, каб скараціць тэрмін свайго турэмнага зьняволеньня», — заявіў прэзыдэнт ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG