Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая тэлевізія: Януковіч вывеў з Украіны 3,6 мільёна даляраў праз Swedbank


Віктар Януковіч, Масква, 6 лютага 2019

Экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч выкарыстоўваў для вываду грошай з краіны швэдзкі банк Swedbank, вывеўшы зь яго дапамогай як мінімум 3,6 мільёна даляраў або 34 мільёна швэдзкіх каронаў, паведамляе Швэдзкі тэлеканал SVT у сваім вялікім расьсьледаваньні.

Аўтары матэрыялу падкрэсьліваюць, што гэта — толькі адзін эпізод адмываньня грошай Януковічам, якому ўдалося знайсьці пацьвярджэньне. Цяпер у Швэцыі і некалькіх іншых краінах ідзе расьсьледаваньне ў дачыненьні да Swedbank: некалькі яго падразьдзяленьняў, а таксама дацкі Danske Bank, падазраюцца ў адмываньні грошай з краінаў былога СССР.

Грашовыя трансфэры, пра якія ідзе гаворка, былі зробленыя ў пэрыяд 2007–2015 гадоў. Нагадаем, што ў лютым 2014 года Януковіч зьбег з Украіны ў Расею пасьля Майдану і масавых пратэстаў у Кіеве, зьвязаных зь яго дзеяньнямі на пасадзе прэзыдэнта і расстрэлам удзельнікаў Майдану.

У 2011 годзе грошы былі пераведзеныя на рахунак кампаніі Vega Holding Limited у літоўскім падразьдзяленьні Swedbank: крыніцы ў Кіеве лічаць, што кампанія была зьвязаная зь сям’ёй Януковіча. Аўтары расьсьледаваньня лічаць, што грошы былі атрыманыя Януковічам як хабар, і гэтак сама лічаць украінскія сьледчыя, якія займаюцца пошукам грошай экс-прэзыдэнта. У адмыванні гэтай сумы таксама ўдзельнічала падразьдзяленьне Danske Bank у адной з краін Балтыі.

Кіраўніцтва спэцыяльных расьсьледаваньняў Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Генэральнай пракуратуры Ўкраіны раней заяўляла, што Януковіч у пэрыяд 2011–2012 гадоў атрымаў хабар у памеры 26 мільёнаў грыўняў [крыху больш за 1 мільён даляраў — РС] пад выглядам аўтарскага ўзнагароджаньня за кнігу, якая ніколі не была напісаная.

Паводле дакумэнтаў, якія атрымала SVT, кіраўніцтва Swedbank даведалася аб рахунках, зьвязаных зь Януковічам у іх банку, толькі ў 2017 годзе, калі адпаведны запыт у банк быў зроблены з боку ўкраінскіх сьледчых. Сам Януковіч пры гэтым сьцьвярджаў, што «ні ў адным банку сьвету» няма яго грошай, і што ўсе зьберажэньні былі менавіта на заблякаваных рахунках ва Ўкраіне, дзе, паводле дадзеных новых уладаў Украіны, было заблякавана каля 1,42 мільярда даляраў. Аднак Латвія пасьля гэтага выявіла ў латвійскіх банках як мінімум 50 мільёнаў даляраў, зьвязаных з экс-прэзыдэнтам і яго асяродзьдзем.

Паводле зьвестак сьледчых, грошы ва ўкраінскіх банках, зьвязаныя з Януковічам, былі канфіскаваныя і паступілі ў бюджэт у канцы 2017 году. Але пасьля гэтага яны былі накіраваны кампаніям, блізкім да цяперашняга прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG