Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея перадала ў Вэнэсуэлу гуманітарную дапамогу ў падтрымку Мадура


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейскія дзяржаўныя інфармагенцтвы паведамілі ў сераду аб прыбыцьці ў Вэнэсуэлу партыі гуманітарнай дапамогі з Масквы зь лекамі і мэдыцынскім абсталяваньнем, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Агенцтвы спаслаліся на крыніцу ў дыпляматычных колах, якая паведаміла, што пастаўка была ажыцьцёўлена пад эгідай Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя.

За некалькі гадзін да гэтага Нікаляс Мадура паведаміў, што з Масквы ў Вэнэсуэлу адправілі 300 тон мэдыкамэнтаў ды іншай дапамогі.

Прафэсар Карляс Рамэра, які выкладае міжнародныя адносіны ў Цэнтральным унівэрсытэце Вэнэсуэлы, назваў расейскую дапамогу рэжыму Мадура «хутчэй сымбалічнай» з прычыны ціску, які, паводле Рамэра, цяпер аказваюць на ўрад Мадура Вашынгтон і яго саюзьнікі.

Рамэра дадаў, што «лёс Вэнэсуэлы знаходзіцца ў руках чужынцаў». Ён параўнаў краіну з чыгуначнымі шляхамі, па якіх насустрач адзін аднаму «нясуцца два цягнікі... з хуткасьцю, якая штодня нарастае». Прафэсар меў на ўвазе сутыкненьне інтарэсаў Расеі і ЗША ў сувязі з крызісам у Вэнэсуэле.

Лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі Хуан Гуайдо, прызнаны ЗША і яшчэ дзясяткамі дзяржаваў у якасьці часовага прэзыдэнта краіны, заклікаў жыхароў Вэнэсуэлы дапамагчы завезьці амэрыканскую гуманітарную дапамогу празь мяжу з Калюмбіяй. Рэжым Мадура забарыкадаваў дарогу, якая злучае Вэнэсуэлу з калюмбійскім горадам Кукута, дзе цяпер захоўваецца ўся прывезеная гуманітарная дапамога.

У Крамлі плян Гуайдо жорстка раскрытыкавалі, абвінаваціўшы лідэра апазыцыі ў пошуку падставы для амэрыканскага ваеннага ўварваньня ў Вэнэсуэлу.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у сераду зноў абрынуўся на Вашынгтон у сувязі зь нядаўняй заявай прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Лаўроў назваў заклік Трампа, які зьвярнуўся да вэнэсуэльскіх вайскоўцаў з просьбай спыніць падтрымку рэжыму Мадура, «абуральным парушэньнем міжнароднага права».

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG