Басманны суд Масквы ў суботу арыштаваў заснавальніка фонду Baring Vostok амэрыканца Майкла Калві, якога ў Расеі абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры.
Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС. Раней пад арышт адправілі яшчэ пяць чалавек, якія праходзяць па справе аб крадзяжах.
Пра затрыманьне Майкла Калві стала вядома напярэдадні. Сьледзтва абвінавачвае прадпрымальніка ў тым, што ён нібыта арганізаваў махлярскую схему па крадзяжы 2,5 мільярда расейскіх рублёў з банку «Усходні». Справа была заведзеная па заяве члена савета дырэктараў гэтага банку Шерзода Юсупава.
Калві зьвязаў свой крымінальны перасьлед менавіта з канфліктам паміж акцыянэрамі банка — структурамі Baring Vostok і Арцёмам Авецісянам. Абвінавачваньні ў махлярстве ён адхіліў.
Калві заснаваў у 1994 годзе буйны інвэстыцыйны фонд Baring Vostok. Гэта адзін з найстарэйшых і найбуйнейшых фондаў наўпроставых інвэстыцый, якія працуюць у Расеі. З моманту стварэньня фонд прыцягнуў больш за 3,7 мільярда даляраў капіталу і інвэставаў больш чым у 80 праектаў у Расеі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў