Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі звольнілі журналістаў за тролінг фэміністак


У Францыі некалькі журналістаў і рэдактараў былі звольненыя або часова адхіленыя ад пасады за тое, што каля дзесяці гадоў у сацыяльных сетках займаліся тролінгам сваіх калег-жанчын і актывістак фэмінісцкага руху.

Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі, спасылаючыся на газэту Libération. Паводле францускага выданьня, журналісты стварылі закрытую групу ў «Фэйсбуку» пад назвай League du LOL, у якой публікавалі зьдзеклівыя выявы і камэнтары.

Сярод часова зьнятых з пасады аказаліся і двое супрацоўнікаў самой Libération.

Адзін з іх, Вэнсэн Гляд, які заснаваў групу League du LOL у 2009 годзе, прынёс прабачэньні, хоць і абмовіўся, што ня можа адказваць за «ўвесь ідыятызм, які людзі посьцяць у інтэрнэце».

У прыватнасьці, удзельнікі групы League du LOL жартавалі пра згвалтаваньні і разьмяшчалі парнаграфічныя фатаграфіі, на якіх асобы порнаакторак былі замененыя на асобы рэальных ахвяраў іх зьдзекаў.

Аляксандр Эрво, рэдактар онлайн вэрсіі Libération, таксама папрасіў прабачэньня за свой удзел у закрытай групе.

«Я прызнаюся ва ўласным ідыятызьме, але не адказваю за ідыятызм іншых. Твіціў я якое-небудзь дзярмо за апошнія 11 гадоў? Вядома. Я гэтым не ганаруся. Тым, хто адчувае, што на працягу 11 гадоў стаў ахвярай маіх глупстваў, я магу толькі сказаць, што прыношу ім мае глыбокія прабачэньні, што ў мяне не было благіх намераў, і што гэтага больш не паўторыцца», — напісаў Эрво.

Газэта Libération на час ўнутранага расьсьледаваньня адхіліла ад пасады і Аляксандра Эрво, і Вэнсэна Гляда.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG