Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Саратаўскай вобласьці затрымалі арандатарку кавярні, дзе адбыўся выбух газу


На месцы выбуху ў Саратаве
На месцы выбуху ў Саратаве

У Саратаўскай вобласьці затрымалі арандатарку памяшканьня кавярні ў пасёлку Лысыя Горы, дзе напярэдадні выбухнуў газ. Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт Расеі.

Яе падазраюць у аказаньні паслуг, якія не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі, што пацягнула прычыненьне цяжкай шкоды здароўю. У выніку выбуху пацярпелі 22 наведнікі кавярні, адзін чалавек загінуў.

Паводле папярэдняй інфармацыі сьледзтва, у падсобным памяшканьні ўстановы захоўваўся газавы балён. Па невядомых на дадзены момант прычынах адбылася ўцечка яго зьмесьціва, у выніку чаго адбыўся выбух з наступным узгараньнем.

Сьледзтва будзе хадайнічаць аб арышце затрыманай, ёй пагражае да шасьці гадоў зьняволеньня.

Выбух адбыўся 26 студзеня ў кавярні «Рандэву» ў пасёлку Лысыя Горы Саратаўскай вобласьці. У кавярні прысутнічалі 35 гасьцей і пяць чалавек пэрсаналу. Адзін з пацярпелых ад выбуху памёр у бальніцы, атрымаўшы каля 90 адсоткаў апёкаў цела. Пацярпелі 22 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей, 14 — былі шпіталізаваныя.

У апошні месяц у Расеі адбыўся шэраг здарэньняў з газавым абсталяваньнем, якія прывялі да чалавечых ахвяраў.

У горадзе Шахты Растоўскай вобласьці ў выніку выбуху газу ў шматпавярховым доме 14 студзеня загінулі 5 чалавек.

39 чалавек сталі ахвярамі выбуху ў шматпавярховым доме ў Магнітагорску 31 сьнежня. Асноўная вэрсія сьледзтва — выбух бытавога газу. Шэраг СМІ паведамілі, што расьсьледуецца і вэрсія тэракту.

Пазьней тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за выбухі ў Магнітагорску, але Сьледчы камітэт Расеі выступіў з камэнтаром, у якім прапанаваў журналістам «не давяраць паведамленьням тэрарыстычных арганізацый, якія, як вядома, прыпісваюць сабе ўсе рэзанансныя здарэньні ў розных краінах сьвету».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG