Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А маглі і галаву праламіць». У Менску рабочыя скінулі з даху цагліну і трапілі ў дзяўчыну


Рабочыя чысьцяць ад сьнегу дах дому на вуліцы Ленінградзкай у Менску. Фота Варвары Казловай
Рабочыя чысьцяць ад сьнегу дах дому на вуліцы Ленінградзкай у Менску. Фота Варвары Казловай

10 студзеня рабочыя чысьцілі дах дому № 5 на вуліцы Ленінградзкай у Менску. Разам са сьнегам на зямлю паляцелі будаўнічыя матэрыялы. Варвара Казлова ішла ўнізе, цагліна трапіла ёй у нагу. У яе гематома і зламаны палец.​

Варвара Казлова кажа Свабодзе, што дом, зь якога скідалі сьнег, ня быў агароджаны. Толькі на рагу дому стаяў папераджальны знак, а ўздоўж сьцяны агароджы не было.

«Пры мне там праходзілі людзі, — сказала Варвара. — Выходзілі людзі з офісу ў гэтым доме».

Ходнік, куды скідалі сьнег і цэглу, ня быў агароджаны з боку дарогі. Фота Варвары Казловай
Ходнік, куды скідалі сьнег і цэглу, ня быў агароджаны з боку дарогі. Фота Варвары Казловай

Яна ішла ўздоўж дому па праезнай частцы, бо бачыла, што на ходнік скідаюць сьнег. Калі ёй на нагу ўпала цагліна, рабочы, які сачыў за працамі каля дому, сказаў, што нічога ня можа з гэтым зрабіць.

На просьбу дзяўчыны рабочы выклікаў хуткую дапамогу. Пакуль чакала лекараў, бачыла, як з даху надалей скідалі будаўнічыя матэрыялы — цэглу і пліты. Увесь гэты час уздоўж дому праходзілі людзі, на вуліцу выходзілі працаўнікі офісу, разьмешчанага ў тым доме.

«Усе нормы бясьпекі былі парушаныя», — лічыць Варвара.

Калі дзяўчына вярнулася з траўмапункту дахаты, яна пачала тэлефанаваць у ЖЭС і скардзіцца на небясьпечныя працы. Ёй адказалі, што агароджа ўздоўж дому ёсьць і што цэглу адтуль ніхто не скідае.

У ЖЭС-92, які абслугоўвае дом, Свабодзе параілі зьвяртацца ў арганізацыю «ЖКГ Кастрычніцкага раёну», якая прыбірае сьнег з даху.

«Так, дом наш, тэхнічнае абслугоўваньне нашае, але за правядзеньне працы падраднымі арганізацыямі мы не нясем ніякай адказнасьці», — сказаў праз тэлефон галоўны інжынэр ЖЭСу.

Мы патэлефанавалі і туды, але ў прымальні сказалі, што інжынэр, адказны за дом на Ленінградзкай, будзе толькі ў панядзелак.

На месцы здарэньня 10 студзеня. Фота Варвары Казловай
На месцы здарэньня 10 студзеня. Фота Варвары Казловай

У кожным разе тэхніка бясьпекі там была парушаная. У лісьце дэпартамэнту інспэкцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны напісана, што тэрыторыя, на якую скідаюць сьнег, мусіць быць агароджаная з трох бакоў. Уздоўж усёй пляцоўкі мае быць нацягнутая вяроўка з чырвонымі сьцяжкамі ці сыгнальнай стужкай ня менш як за 6 мэтраў ад будынку. На фота Варвары Казловай відаць, што сыгнальнай стужкі ўздоўж дому зусім няма.

«У мяне ўжо пыталіся пра суд, ці буду я патрабаваць кампэнсацыі, — кажа Варвара. — Для мяне важна падняць грамадзкае пытаньне. Сёньня мне на нагу ўпала цагліна, а заўтра некаму галаву праломіць. Чаму пра гэта ня рупяцца ЖЭСы?»

Сёньня Варвара Казлова напісала заяву ў міліцыю. У панядзелак будзе судова-мэдычная экспэртыза. Могуць пачаць крымінальную справу паводле артыкулу 155 — «Прычыненьне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня празь неасьцярожнасьць».

З правілаў прыбіраньня сьнегу з дахаў:

  • Небясьпечныя зоны магчымага падзеньня сьнегу і лёду павінны агароджвацца з трох бакоў інвэнтарнымі кратамі, шчытамі, вяроўкай з чырвонымі сьцяжкамі (сыгнальнай стужкай). Агароджу неабходна разьмяшчаць ня менш як за 6 м ад будынка пры яго вышыні да 20 м, пры вышыні ад 20 да 40 м — ня менш як за 10 м. У выпадку неабходнасьці скідаць сьнег з дахаў будынкаў вышынёй больш як 40 м зона агароджаньня павінна быць прапарцыйна павялічаны.
  • Ля агароджы зоны магчымага падзеньня сьнегу і лёду на тратуары павінен стаяць дзяжурны ў сыгнальнай камізэльцы і ахоўнай касцы, забясьпечаны сьвістком для папярэджваньня пешаходаў і сыгналізацыі тым, хто працуе на даху.
  • Дзьвярныя прахоны з боку даху, які ачышчаецца ад сьнегу, павінны замыкацца, або ўнутры лесьвічных клетак, арак, брамы павінны выстаўляцца дзяжурныя, каб папярэджваць людзей аб небясьпецы. Калі немагчыма замкнуць дзьверы выхаду з будынку ў той бок даху, які ачышчаецца, павінна быць навешаная павець да мяжы небясьпечнай зоны для абароны пешаходаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG