Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады высылаюць шматдзетнага ўкраінца за адміністрацыйнае парушэньне


Сяргей Працэнка (справа) і Андрэй Стрыжак
Сяргей Працэнка (справа) і Андрэй Стрыжак

40-гадовы ўкраінец Сяргей Працэнка дзесяць гадоў жыве ў Беларусі. Ён ажаніўся з жыхаркай Буда-Кашалёва. Сям’я выхоўвае траіх дзяцей, якім два, чатыры і дзевяць гадоў.

У кастрычніку 2018 году Буда-Кашалёўскі РАУС прыняў рашэньне аб высылцы Сяргея зь Беларусі на тры гады — за адміністрацыйнае правапарушэньне. Мужчыну нападпітку на вуліцы затрымала міліцыя. Гэта і стала падставай для ягонай высылкі.

Рашэньне аб «высылцы шляхам добраахвотнага выезду з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах грамадзкай бясьпекі» прыняў Буда-Кашалёўскі РАУС. Скарга ў абласную міліцыю не прынесла плёну. Суд Буда-Кашалёўскага раёну пакінуў рашэньне міліцыі ў сіле.

Сяргей Працэнка зьвярнуўся па юрыдычную дапамогу ў гомельскае прадстаўніцтва праваабарончага цэнтру «Вясна». Супольна зь незалежным прафсаюзам РЭП праваабаронцы падрыхтавалі скаргу ў Гомельскі абласны суд. Украінец уступіў у прафсаюз РЭП.

Скаргу ў Гомельскім абласным судзе ў апэляцыйным парадку разглядала калегія пад прадстаўніцтвам судзьдзі Валянціны Лукашэнкі.

«Хацеў бы застацца ў Беларусі зь сям’ёй»

Сяргей Працэнка тлумачыў на пасяджэньні, што звычайна не злоўжывае алькаголем, раскайваецца ў сваім правапарушэньні. Ён зьвяртаў увагу суду, што мае ў Беларусі сталую працу (грузчыкам на мясакамбінаце), жытло, жонку, малых дзяцей, крэдыты. У выпадку высылкі жонка застанецца практычна бяз сродкаў для існаваньня, таму што знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і атрымлівае толькі дапамогу на дзяцей.

«Мне падабаецца Беларусь, я тут маю шмат сяброў і хацеў бы застацца жыць са сваёй сям’ёй», — казаў на судзе Сяргей.

Дырэктар мясакамбінату, дзе працуе ўкраінец, сам езьдзіў у міліцыю, каб прасіць пакінуць добрага работніка, не высылаць яго.

Прадстаўнікі судовай калегіі зьвярнулі ўвагу, што за 10 гадоў знаходжаньня ў Беларусі Сяргей Працэнка меў 14 правапарушэньняў. Украінец патлумачыў, што большая частка правапарушэньняў — адсутнасьць флікера.

Праваабаронца: пакараньне празьмерна суровае

Сяргей Працэнка (справа) і Андрэй Стрыжак
Сяргей Працэнка (справа) і Андрэй Стрыжак

​Інтарэсы ўкраінца на судзе прадстаўляў сябра рады незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак. У судовых спрэчках ён выказаўся, што лічыць такое пакараньне, як высылка на тры гады, празьмерна суровым. Ён дадаў, што працэдура высылкі была парушаная — Сяргей Працэнка, паводле Стрыжака, не атрымліваў паведамленьня аб высылцы, а толькі гатовую пастанову.

«Сяргей Працэнка — шараговы жыхар Беларусі, не асацыяльная асоба, не нясе пагрозы грамадзкай бясьпецы. Ён мала чым адрозьніваецца ад беларуса — мае сям’ю, жытло, крэдыт, працу. Справа тычыцца ня толькі яго аднаго, але пяці чалавек — усёй сямʼі. І калі Сяргея вышлюць, гэта можа мець сурʼёзныя наступствы і значна пагоршыць матэрыяльна стан сям’і, якая можа трапіць у сацыяльна небясьпечнае становішча.

Калі б закон так сурова ставіўся ня толькі да іншаземцаў, але і беларусаў, то за такое правапарушэньне, як зьяўленьне ў стане алькагольнага апʼяненьня, можна было выслаць палову Буда-Кашалёва, асабліва ў пятніцу вечарам», — заявіў Андрэй Стрыжак.

Ён прасіў суд адмяніць пастанову аб высылцы ўкраінца і кіравацца пры вынясеньні рашэньня прынцыпамі гуманізму і сувымернасьці.

Суд абвясьціў перапынак да 24 студзеня — каб разабрацца, ці сапраўды буда-кашалёўская міліцыя парушыла працэдуру высылкі замежных грамадзян.

«Буда-Кашалёўскі РАУС займае вельмі дэструктыўную пазыцыю. Нягледзячы на тое, што справа цяпер разглядалася ў апэляцыйнай інстанцыі, міліцыя ўжо прыслала Сяргею выканаўчы ліст, што ён павінен быў выехаць зь Беларусі яшчэ да 20 сьнежня, фактычна яны яго выштурхоўвалі з краіны, хоць рашэньне суду пакуль не набыло моц», — дадаў Андрэй Стрыжак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG