Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраванага ў справе замаху на расейскага журналіста Бабчанку выпусьцілі на волю


Аркадзь Бабчанка. Калаж

З Тараса Стальмашэнкі, які быў падазраваным у справе аб замаху на журналіста Аркадзя Бабчанку, зьнялі абвінавачваньні ў тэрарызьме і вызвалілі з-пад варты.

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева ў сераду, 19 сьнежня, вызваліў з-пад варты 40-гадовага Тараса Стальмашэнку — аднаго з падазраваных у справе аб замаху на расейскага журналіста Аркадзя Бабчанку.

Як паведамляе DW, галоўная вайсковая пракуратура падчас пасяджэньня зьняла са Стальмашэнкі абвінавачваньне ў падрыхтоўцы тэракту. У той жа час ён прызнаў віну ў незаконным захоўваньні зброі. За гэта суд прызначыў яму пакараньне ў пяць гадоў пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам у тры гады.

Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала Стальмашэнку 13 чэрвеня, тады ў яго кватэры знайшлі незарэгістраваны пісталет з патронамі. Праваахоўнікі даведаліся пра Стальмашэнку з тэлефона Барыса Германа, які на той час знаходзіўся пад арыштам як непасрэдны заказьнік інсцэніраванага забойства журналіста. У СБУ тады заявілі, што ў траўні Стальмашэнка разам зь яшчэ двума грамадзянамі Ўкраіны наведваў Растоў-на-Доне, дзе праходзіў інструктаж для арганізацыі тэрактаў ва Ўкраіне. Зваротныя квіткі ва Ўкраіну Стальмашэнку і ягоным спадарожнікам купляў Герман на просьбу Вячаслава Піваварніка — яго сьледзтва лічыць галоўным арганізатарам шэрагу прадухіленых тэрактаў.

Барыс Герман на судовых пасяджэньнях тлумачыў журналістам, што асабіста не знаёмы са Стальмашэнкам і ня ведае, навошта ён езьдзіў у Растоў. Адсутнасьць якіх-небудзь доказаў, якія пацьвярджаюць падрыхтоўку яго кліента да тэрактаў, падкрэсьліваў і абаронца Стальмашэнкі Алег Юрчанка.

Выйшаўшы на волю, Тарас Стальмашэнка адмовіўся адказваць на пытаньне журналістаў аб прычынах паездкі ў Растоў-на-Доне, адзначыўшы, што не знаёмы ні з Германам, ні з Піваварнікам. Пракурор Раман Цыб таксама не захацеў камэнтаваць зьмену пазыцыі абвінавачваньня.

Вячаслаў Піваварнік дагэтуль знаходзіцца ў вышуку, аднак СБУ завочна абвінаваціла яго ў дзяржаўнай здрадзе, арганізацыі падрыхтоўкі да тэракту, фінансаваньні тэрарызму і незаконнага абароту зброі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG