Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ і Сусьветны банк ухвалілі новыя крэдыты для Ўкраіны


Прэзыдэнт Сусьветнага банку Джым Ён Кім і кіраўніца МВФ Крысьцін Лягард
Прэзыдэнт Сусьветнага банку Джым Ён Кім і кіраўніца МВФ Крысьцін Лягард

Рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) 18 сьнежня зацьвердзіла новую праграму падтрымкі эканомікі Ўкраіны. У рамках праграмы Кіеў на працягу 14 месяцаў атрымае 3,9 мільярда даляраў.

Першы транш у 1,4 мільярда паступіць да 25 сьнежня. Рашэньні аб далейшых траншах будуць прымацца ў траўні і ў лістападзе 2019 году. Пра гэта паведаміла міністэрства фінансаў Ўкраіны.

Новая праграма крэдытаваньня Ўкраіны прынятая наўзамен той, што дзейнічала з сакавіка 2015 году. Чатырохгадовая праграма дапамогі МВФ прадугледжвала выдзяленьне Ўкраіне 17,5 мільярдаў даляраў.

Раней прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паведаміў, што Сусьветны банк ухваліў даваньне Кіеву крэдыту ў 750 мільёнаў даляраў. Рашэньне арганізацыі паказвае, што Сусьветны банк прызнае істотны прагрэс Украіны на шляху рэформаў, у прыватнасьці, у фінансавай галіне, напісаў Парашэнка ў твітэры.

Сусьветны банк, Міжнародны валютны фонд і іншыя замежныя арганізацыі надаюць уладам Украіны фінансавую дапамогу ў выглядзе крэдытаў для рэфармаваньня ўкраінскай эканомікі і барацьбы з карупцыяй. Напярэдадні Ўкраіна падпісала пагадненьні на больш чым 200 мільёнаў эўра з Эўразьвязам, у тым ліку на разьвіцьцё дарог, энэргазьберажэньне ў дамах, прафэсійную стажыроўку і навуковыя абмены.

Беларусь раней таксама прасіла ў МВФ крэдыт у 3 мільярды даляраў, аднак улетку 2017 году перамовы былі прыпыненыя — бакі разыходзяцца што да тэмпаў правядзеньня рэформаў у эканоміцы. Падчас працы агляднай місіі МВФ у Менску ў лістападзе 2018 годзе пра новы крэдыт МВФ для Беларусі гаворкі не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG