Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея параіла прэм’еру Даніі «вучыць гісторыю»


Марыя Захарава.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што прэм’ер-міністар Даніі Ларс Лёк Расмусэн «дрэнна вучыў у школе прадмет «гісторыя».

Таксама Захарава сказала, што Расмусэн «у прапагандысцкіх мэтах» наўмысна сказіў падзеі Другой сусьветнай вайны.

Расмусэн выступаў у Эўрапарлямэнце 28 лістапада. Яго выступ быў прысьвечаны брэксіту. Таксама палітык казаў пра тое, чаму Данія, хоць і зьяўляецца членам ЭЗ, ня хоча выконваць ўсё заканадаўства, якое ідзе з Брусэлю.

Тлумачачы гэта, палітык распавёў, што яго маці нарадзілася на востраве Борнгальм, які належыць Даніі (знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Балтыйскага мора паміж Даніяй і Польшчай), і была сьведкай спачатку нямецкай акупацыі, а потым — высадкі савецкіх войскаў на высьпе ў траўні 1945 году.

«Яна была сьведкай таго, як гарэла зямля ад бомбаў, якія падалі зь неба», — распавёў Расмусэн пра савецкія бамбаваньні.

Ларс Лёк Расмусэн
Ларс Лёк Расмусэн

Востраў быў акупаваны Нямеччынай з 10 красавіка 1940 годзe: амаль пяць гадоў на Борнгальме быў разьмешчаны назіральны пункт і радыёлякацыйная станцыя, а таксама добра ўмацаваны гарнізон з 12 тысяч вайскоўцаў. У траўні 1945 году СССР пачаў бамбардзіроўкі выспы пасьля таго, як камандуючы гарнізонам Борнгальму адмовіўся здацца.

Паводле заходніх гісторыкаў, 7-8 траўня 1945 году падчас бамбаваньняў савецкай авіяцыі на востраве было цалкам зьнішчана 250 дамоў, а каля 3 тысяч атрымалі пашкоджаньні. 10 мірных жыхароў загінулі (большасьць былі эвакуіраваныя). Усяго на востраў было скінута 225 бомбаў.
Гэтыя бамбардзіроўкі адбыліся ўжо пасьля капітуляцыі Нямеччыны, і, як падкрэсьліў Расмусэн, ужо «пасьля таго, як Данія здабыла незалежнасьць» ад Нямеччыны.

9 траўня савецкія войскі высадзіліся на востраве і заставаліся там да 5 красавіка 1946 году: гэты пэрыяд заходнія гісторыкі называюць «савецкай акупацыяй» Борнгальму.

Борнгальм
Борнгальм

Але гэтая трактоўка падзей катэгарычна не задаволіла Захараву і МЗС РФ. Паводле слоў Марыі Захаравай, СССР не акупаваў востраў, а правёў на ім «вызваленчую апэрацыю».

«Выказваньне кіраўніка дацкага ўраду — гэта клясычны прыклад скажэньня гістарычнай праўды дзеля прапагандысцкіх мэтаў, — заявіла Захарава 5 сьнежня па сьлядах выступу дацкага прэм’ера. — Ён зрабіў гэта наўмысна і ў якасьці прыкладаў жахаў Другой сусьветнай вайны прывёў не нямецка-фашыстоўскую акупацыю, якая прынесла сьмерць і разбурэньне ў Эўропе, а вызваленчую апэрацыю Чырвонай Арміі на востраве Борнгальм».

«Дацкі бок быў праінфармаваны, што савецкія войскі знаходзяцца там часова да таго моманту, пакуль ня будуць вырашаныя ваенныя пытаньні да Нямеччыны. На Борнгальме працягвала дзейнічаць дацкая адміністрацыя. 16 сакавіка 1946 году савецкі ўрад накіраваў датчанам апавяшчэньне пра тое, што на працягу месяца войскі будуць выведзеныя з вострава. 4 красавіка быў падпісаны акт аб перадачы Борнгальму прадстаўнікам дацкіх уладаў, і на наступны дзень камандуючы савецкімі часткамі на востраве пакінуў яго на вайсковым караблі», — заявіла Марыя Захарава.

Яна таксама ўзгадала пра абэліск на высьпе, на якім залатымі літарамі напісана: «Вечная слава русским богатырям, погибшим в боях за Борнхольм» і іншыя падзякі «савецкім воінам-вызваліцелям». А ў канцы параіла Расмусэн «не зьнеслаўляць маці» сваімі гістарычнымі ведамі.

Раней расейскі палітоляг Віктар Крэменюк стаў прычынай яшчэ аднаго гістарычнага скандалу. Крэменюк заявіў, што іншы скандынаўскі востраў, Готлянд, які належыць Швэцыі, у пачатку XX стагодзьдзя быў дэмілітарызаванай зонай, і таму цяпер Швэцыя таксама ня мае права разьмяшчаць там войскі і праводзіць вайсковыя вучэньні. Швэдзкі журналіст, які браў інтэрвію ў палітоляга, не праверыў гэтую інфармацыю і выдаў яе ў эфір, хоць гэта была няпраўда, а жыхары Швэцыі масава паверылі аўтарытэтнаму тэлеканалу:

Палітолягі назвалі гэтае інфармацыйнае ўкідваньне адным з самых удалых (для Расеі), з рэалізаваных расейскімі прапагандысцкімі структурамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG