Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якога пярэпалаху «дзень народнага адзінства» Расеі пачалі сьвяткаваць і ў Беларусі


Помнік Мініну і Пажарскаму ў Маскве

Гадоў дваццаць ня быў у Маскве. Трапіў зноў у пачатку ўкраінскай вайны. Пахадзіў, паглядзеў, убачыў — расейская сталіца зьмянілася.

Няма натоўпаў з «кілбасных электрычак», не відаць чэргаў. Масквічы сталі больш прыветлівымі. І ўсюды бачныя прыкметы зьліцьця постсавецкай Расеі з Расеяй царскай. Вось на Цьвярской гістарычны будынак. На сьцяне першага паверха два барэльефы — Ленін выступае з трыбуны, на другім надпіс інфармуе, што тут у 1917 г. дзейнічаў ваенна-рэвалюцыйны камітэт. А над усім гэтым на ўзроўні другога паверха вісіць, пакрывае рэвалюцыйныя выявы велізарны царскі арол —пазалочаны, двухгаловы. Што называецца «яднаньне адбылося». На глебе імпэрскага сіндрома.

Вось і дата 4 лістапада — нацыянальнае расейскае сьвята — «Дзень народнага адзінства» — зацьверджанае ў 2004 г. Тут бачны прадуманы акт гістарычнай палітыкі і «паяднаньня» дзьвюх Расеяў. Па-першае, выбраны дзень блізкі да 7 лістапада — сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі, каб не ламаць, а наадварот, выкарыстаць савецкі стэрэатып масавай сьвядомасьці, бо людзі прывыклі да чырвонага дня календара ў пачатку лістапада. Па-другое, выкарыстаны яшчэ больш даўні стэрэатып гістарычнай памяці, бо вызваленчую місію Мініна і Пажарскага пачалі ўслаўляць яшчэ ў імпэрыі Раманавых. Не забытая і важная частка дзяржаўнага ідэалягічнага апарата — праваслаўная царква — 4 лістапада яна адзначае сьвята Казанскай Божай Маці, чый абраз нібыта і дапамог перамагчы «супастатаў» у 1612 годзе. Ворага выбралі таксама прадумана — Польшчу, якая выйшла з-пад расейскага ўплыву і падалася ў NATO.

Акрамя таго, апалчэньне Мініна-Пажарскага — адзін з нямногіх эпізодаў расейскай вайсковай гісторыі, які мае выразна абарончы характар. Абарончых войнаў у гісторыі Расеі няшмат, таму ўсе яны і абвешчаныя айчыннымі: франка-расейская 1812 года і нямецка-савецкая 1941 — 1945 гадоў. Падзеі першага дзесяцігодзьдзя XVII ст. у Маскоўскім царстве не выпадала назваць айчыннай вайной, бо міжсобную бойку пачалі самыя маскоўцы пасьля сьмерці тырана і садыста Івана IV. І гэтак званых палякаў яны самыя ў Маскву запрасілі. У гістарыяграфіі і народнай памяці замацавалася ёмістая назва тых падзеяў — Смута. Гэта таксама стэрэатып гістарычнай памяці, які няпроста выкараніць. Смуту спыніла апалчэньне Мініна-Пажарскага, помнік якім на Краснай плошчы ў Маскве паставілі яшчэ ў 1818 годзе.

Але нам беларусам якая справа да мэандраў расейскай гістарычнай палітыкі? Зь якога пярэпалаху дзень расейскага яднаньня 4 лістапада дзе-нідзе пачалі сьвяткаваць у нашай краіне, вось як у Берасьці пару гадоў таму? Тым больш, што ў далёкім 1612 г. сярод г. зв. акупантаў- «палякаў», нібыта ў той дзень выгнаных з Масквы, ці ня большасьць была беларусаў-ліцьвінаў.

Чаму расейскае сьвята пачалі адзначаць менавіта ў Берасьці? Таксама не выпадкова. Бо тут месьціцца важны цэнтар расейска-савецкай гістарычнай памяці — Берасьцейская-крэпасць, тут канцэнтрацыя расейска-савецкіх вайскоўцаў-адстаўнікоў з сем’ямі. Тут літаральна ў мэтрах праходзіць мяжа варожага Захаду. Берасьце надалей трактуецца расейцамі як крайні заходні рубеж «рускага міру». І адсюль на Захад трансьлюецца расейскі пасыл — мы тут былі, ёсьць і будзем, гэта нашая тэрыторыя. Нядаўна ў тым жа Берасьці паставілі помнік расейскім дэсантнікам. І ўсё гэта можна ацаніць як даволі красамоўнае сьведчаньне, што беларуская ўлада толькі фармальна беларуская, і выглядае на тое, што толькі фармальна ўлада.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG