Кірстэн Нілс і Крыстафэр Рэй выступілі на слуханьнях у Сэнаце.
Кітай разгарнуў беспрэцэдэнтную кампанію для аказаньня ўплыву на амэрыканскаю грамадзкую думку напярэдадні лістападаўскіх прамежкавых выбараў у Кангрэс, а кітайскія выведныя службы ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ўяўляюць найбольшую пагрозу для Злучаных Штатаў. Пра гэта заявілі ў сераду прадстаўнікі службаў бясьпекі ЗША.
У сэнацкім Камітэце нацыянальнай бясьпекі кіраўнік Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША Кірстэн Нілс і дырэктар ФБР Крыстафэр Рэй адказалі на пытаньні заканадаўцаў, якія тычацца сьцьвярджэньня прэзыдэнта Дональда Трампа пра тое, што Кітай умешваецца ў выбары ў ЗША. Сэнатары таксама цікавіліся тым, ці ўяўляе выведніцкая дзейнасьць Пэкіну большую пагрозу, чым дзеяньні Масквы.
Нілс заявіла, што існуе два віды вонкавых пагрозаў для бясьпекі амэрыканскай выбарчай сыстэмы: хакерскі ўзлом і пашкоджаньне інфраструктуры, якая, у сваю чаргу, уключае рэгістрацыйныя сьпісы выбарнікаў і машыны для галасаваньня, а таксама ўплыў на правядзеньне выбарчай кампаніі.
«Кітай дзейнічае абсалютна беспрэцэдэнтна, робячы беспрэцэдэнтныя намаганьні з мэтай паўплываць на амэрыканскую грамадзкую думку, — адказала Нілс. — Але мы ня бачылі, каб кітайцы спрабавалі скампрамэтаваць інфраструктуру выбараў».
«Расея вядзе барацьбу за сёньняшні дзень. А Кітай — барацьбу за дзень заўтрашні»
Крыстафэр Рэй пайшоў далей, адказваючы на пытаньне сэнатараў, ці ёсьць Кітай большай пагрозай, чым Расея.
Нагадаем, што расейскае ўмяшаньне ў выбары 2016 году зьяўляецца прадметам шырокамаштабнага фэдэральнага расьсьледаваньня, якое ўключае пытаньне аб тым, ці мела месца супрацоўніцтва Трампа з Масквой падчас прэзыдэнцкай кампаніі.
«Выведніцкая дзейнасьць Кітаю ўяўляе самую шырокамаштабную, самую складаную, самую доўгатэрміновую пагрозу, зь якой мы сутыкаемся, — сказаў Рэй. — Пагроза Расеі можа заставацца значнай і пасьля падзеньня Савецкага Саюзу. Але Расея вядзе барацьбу за сёньняшні дзень. А Кітай — барацьбу за дзень заўтрашні».