Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Канада ўзгаднілі новае гандлёвае пагадненьне, якое прыйдзе на зьмену NAFTA


Сьцягі Мэксыкі, Канады і ЗША

Прадстаўнікі ЗША і Канады ўвечары ў нядзелю абвясьцілі аб дасягненьні дамоўленасьці аб замене Паўночнаамэрыканскага пагадненьня аб свабодным гандлі (NAFTA), заключанага чвэрць стагодзьдзя таму, мадыфікаваным трохбаковым пагадненьнем з Мэксыкай.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Заява была зробленая па выніках напружаных дыскусій, якія праходзілі ў апошнія гадзіны перад заканчэньнем устаноўленага бакамі крайняга тэрміну дасягненьня дамоўленасьці.

Пагадненьне ЗША, Мэксыкі і Канады (USMCA) ляжа ў аснову гандлю, якая складае 1,2 трыльёна даляраў у год. Чакаецца, што яно будзе падпісанае прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, а таксама лідэрамі дзьвюх іншых краін-удзельніц.

«Нам здаецца, што гэта фантастычнае пагадненьне для ЗША» — заявіў журналістам на тэрмінова скліканым брыфінгу высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі, адзначыўшы, што заключэньне дамоўленасьці зьяўляецца «вялікай перамогай прэзыдэнта».

Крытыка дзейнага пагадненьня NAFTA была адным з цэнтральных пунктаў перадвыбарчай кампаніі Трампа ў 2016 годзе.

«Самае дрэннае гандлёвае пагадненьне, якое калі-небудзь падпісвалася» — гэтак Трамп характарызаваў NAFTA, ускладаючы на яго адказнасьць за скарачэньне працоўных месцаў на амэрыканскіх вытворчасьцях пасьля ўступленьня пагадненьня ў сілу ў 1994 годзе.

Кангрэс ЗША, хутчэй за ўсё, прыме рашэньне па USMCA ў наступным годзе. Аднак яго лёс далёка не пэўны, асабліва калі дэмакраты вернуць сабе кантроль над Палатай прадстаўнікоў па выніках прамежкавых выбараў у Кангрэс у лістападзе.

«USMCA дасьць нашым рабочым, фэрмэрам, уладальнікам ранча і бізнэсу гандлёвае пагадненьне, якое адпавядае высокім стандартам, якое прывядзе да больш свабодных рынкаў, да больш сумленнага гандлю і да ўстойлівага эканамічнага росту ў нашым рэгіёне» — гаворыцца ў сумеснай заяве гандлёвага прадстаўніка ЗША Робэрта Лайтхайзэра і міністра замежных спраў Канады Хрысты Фрылянд.

Пагадненьне Вашынгтона і Атавы пашырыць доступ амэрыканскіх прадпрыемстваў на рынак малочнай прадукцыі Канады. У той жа час яно абараняе канадзкія кампаніі ад магчымага амэрыканскага мыта на аўтамабілі.

Аднак устаноўленае Вашынгтонам мыта на сталь і алюміній застанецца ў сіле.

Сыстэма ўрэгуляваньня спрэчак, усталяваная папярэднім пагадненьнем NAFTA, застанецца нязьменнай, што зьяўляецца вялікай перамогай для Канады.

Пакідаючы пасяджэньне ўраду, скліканае позьнім вечарам у нядзелю, прэмʼер-міністар Джастын Трудо сказаў, што гэта быў «добры дзень для Канады».

Адміністрацыя Трампа патрабавала, каб урад Трудо дасягнуў пагадненьня да паўночы ў нядзелю, прыстрашыўшы ў адваротным выпадку выключыць Канаду з дамовы.

«Гэты крайні тэрмін быў рэальным — заявіў высокапастаўлены прадстаўнік ЗША. — Мы завяршылі працу на добрай ноце, і, як мы ў выніку думаем, дасягнулі добрага пагадненьня для ўсіх трох краін».

Амэрыканскія чыноўнікі ў апошнія тыдні настойвалі на тым, каб тэкст новага пагадненьня, незалежна ад таго, ці стане Канада яго ўдзельніцай, быў апублікаваны не пазьней за 30 верасьня. Гэта рабілася для таго, каб выканаць патрабаваньні, якія датычацца апавяшчэньняў Кангрэсу, а таксама для таго, каб дзейны пакуль прэзыдэнт Мэксыкі Энрыке Пэнья Ньета мог падпісаць пагадненьне да таго, як яго зьменіць на пасадзе абраны прэзыдэнт, левы папуліст Андрэс Мануэль Лопэс Абрадор.

Урад Канады сутыкнуўся з магутнай апазыцыяй некаторым элемэнтам абноўленага пагадненьня з боку фэрмэраў краіны. Выбаршчыкі Квэбэка, дзе на фэрмах знаходзяцца 354 тысячы дойных кароў — больш чым у якой-небудзь іншай правінцыі Канады — у панядзелак прымуць удзел у рэгіянальных выбарах, на вынікі якіх могуць істотна паўплываць вынікі гандлёвых перамоваў.

Нацыянальная асацыяцыя вытворцаў у ЗША заявіла, што яна «надзвычай натхнёная» першымі зьвесткамі пра дэталі новага трохбаковага пакту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG