Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная і Паўднёвая Карэі прыступілі да разьмінаваньня мяжы


Паўночнакарэйскія вайскоўцы перасякаюць мяжу для сустрэчы з прадстаўнікамі Сэулу, 31 ліпеня 2018
Паўночнакарэйскія вайскоўцы перасякаюць мяжу для сустрэчы з прадстаўнікамі Сэулу, 31 ліпеня 2018

Войскі Паўночнай і Паўднёвай Карэяў прыступілі да разьмінаваньня памежнай дэмілітарызаванай зоны, паведамляе Reuters са спасылкай на паўднёвакарэйскае Міністэрства абароны.

Бакі прыбяруць адтуль свае ахоўныя пасты, выведуць з рэгіёну ўзбраеньне і ачысьцяць тэрыторыю ад выбуховых прыстасаваньняў. Памежнікі будуць несьці службу бяз зброі. Апэрацыя была ўзгодненая на сустрэчы лідэраў дзьвюх Карэяў, якая адбылася ў Пхэньяне на мінулым месяцы. Паўночнакарэйскі бок пакуль не пацьвердзіў гэтай інфармацыі.

Дэмілітарызаваная зона шырынёй 4 кілямэтры расьцягваецца праз паўвостраў на 250 кілямэтраў, падзяляючы дзьве краіны. Гэтая лінія была зафіксаваная Пагадненьнем аб замірэньні 1953 году ў паселішчы Пханмунджом, дзе да гэтага часу праходзяць перамовы паміж прадстаўнікамі Карэяў.

Нароўні з паўднёвакарэйцамі ў гэтай зоне разьмешчаныя міжнародныя сілы ААН пад кіраўніцтвам ЗША. Прадстаўнік мясцовага амэрыканскага камандаваньня палкоўнік Чад Кэрал адмовіўся паведамляць, ці будуць ЗША выводзіць ўзбраеньне з дэмілітарызаванай зоны разам з паўднёвакарэйскімі калегамі, аднак заявіў, што амэрыканскія сапёры ўдзельнічаюць у разьмініраваньні.

Паўднёвая Карэя каля 40 гадоў таму пабудавала ўздоўж усёй мяжы са свайго боку масіўную сьцяну вышынёй да 5 мэтраў. Яна расьцягнулася на больш чым 240 кілямэтраў. Яе шырыня ў падставе дасягае 19 мэтраў. Падыходы да яе абаронены калючым дротам, які знаходзіцца пад электрычнай напругай. У гэтай зоне Сэул ўсталяваў сыстэму гучнагаварыльнікаў, празь якія пэрыядычна вёў агітацыйную кампанію супраць уладаў КНДР. Сьцяна перарываецца на 10 кілямэтраў толькі на адным участку раўніннай мясцовасьці — у Пханмунджоме. Менавіта ў гэтай мясцовасьці ў лістападзе летась паўночнакарэйскі салдат уцёк на поўдзень, будучы пры гэтым сур’ёзна паранены таварышамі па службе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG