Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International заклікала забараніць «робатаў-забойцаў»


Амэрыканскі вайсковы бесьпілётнік MQ-9 Reaper

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала забараніць так званых «робатаў-забойцаў» — цалкам аўтаномныя сыстэмы ўзбраеньняў.

«Робаты-забойцы — гэта больш не навуковая фантастыка. Зьяўленьне надзеленых штучным інтэлектам бесьпілётнікаў, аўтаматычных гармат, якія могуць самі выбіраць, куды цэліць, сьведчыць аб тым, што тэхналягічныя прарывы ў галіне стварэньня ўзбраеньняў нашмат апярэджваюць разьвіцьцё адпаведнага міжнароднага права», — заявілі праваабаронцы.

Amnesty International выступіла з такой заявай перад пачаткам перамоваў аб сьмяротных аўтаномных сыстэмах узбраеньняў пад эгідай ААН. Яны пачынаюцца 27 жніўня ў Жэнэве. Чакаецца, што ў перамовах возьмуць удзел прадстаўнікі з 75 краін.

Ад вынікаў перамоваў залежыць, ці зьявяцца ў найбліжэйшыя гады цалкам самакіраваныя робаты, якія будуць самастойна выбіраць аб’екты атакі і прымаць рашэньне аб іх зьнішчэньні. Праваабаронцы асьцерагаюцца, што гэта можа прывесьці да незаконных забойстваў, траўмаў і іншым парушэньняў правоў чалавека.

У Amnesty International заклікалі выпрацаваць юрыдычна абавязковыя стандарты, каб людзі заставаліся ключавым зьвяном пры рэалізацыі «крытычна важных функцый» аўтаномных сыстэм узбраеньняў, такіх як ідэнтыфікацыя, выбар і захоп цэляў.

Чым робат горшы за беларуса. Спэцыялістка па штучным інтэлекце пра машыны-забойцы і беларускі закон аб СМІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG