Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Галіяфах» выйшла 13-я кніга Юрыя Станкевіча, самага спрэчнага беларускага празаіка


Кніжныя навінкі выдавецтва «Галіяфы» — у традыцыйным суботнім аглядзе Свабоды.

Юры Станкевіч. Бесапатам

Юры Станкевіч — адзін з самых плястычных і непрадказальных сучасных беларускіх празаікаў, аўтар, якога дагэтуль ня могуць дакладна ідэнтыфікаваць літаратуразнаўцы, пісьменьнік, якога крытыкі альбо замоўчваюць, альбо абвінавачваюць у залішняй адкрытасьці сэксуальных сцэнаў, ксэнафобіі, нацыяналізьме і нават расізьме.

Ягоную новую кнігу складаюць найлепшыя, на думку выдаўцоў, творы, напісаныя ў розныя гады. Гэта раман «Любіць ноч — права пацукоў», аповесьці «Апладненьне ёлупа», «Лавец сьвятла поўні», «Бесапатам», а таксама некалькі апавяданьняў. Гэтыя творы аўтара яшчэ падчас ранейшых публікацый выклікалі вялікі чытацкі розгалас і шматлікія вострыя спрэчкі. Ім характэрныя напружаны сюжэт, алегарычнасьць, прытчавасьць, няпростыя, часам шокавыя сытуацыі і развагі пра будучыню. Праблемы, якія ставіць аўтар, выходзяць далёка за ўнутрыбеларускі кантэкст і тычацца лёсу эўрапейскай цывілізацыі.

Сын рэпрэсаванага савецкімі карнымі органамі па 58-м артыкуле, Юры Станкевіч добра зьведаў на сабе жахі таталітарнай сыстэмы. Ягоныя творы пачалі друкавацца толькі ў пэрыяд гэтак званай «перабудовы». З таго часу выдаў дванаццаць кніг прозы, з якіх найбольшую папулярнасьць яму прынесьлі «Любіць ноч — права пацукоў», «Мільярд удараў», «П’яўка», «Шал», «Брамнік заўжды самотны», «Паўночны вецер для сьпелых пладоў».

Надзея Ясьмінска. Дом цікаўных казак

Казкі, нібы чароўныя істоты, падарожнічаюць па сьвеце і час ад часу дораць камусьці дзіва. Неяк яны з цікаўнасьці наведалі адзін дом — i з жыхарамі гэтага дома здарыліся сапраўдныя, хай і маленькія, прыгоды...

«Дом цікаўных казак» — гэта складанка кароткіх гісторый пісьменьніцы Надзеі Ясьмінскай з шыкоўнымі папяровымі ілюстрацыямі мастачкі Алены Сацута. Героі кніжкі сустракаюць незвычайных гасьцей, прыходзяць на дапамогу дзіўным незнаёмым і нават апынаюцца ў розных цікавых месцах, не пакідаючы свайго пакоя.

«Казкі ў гэтай кніжцы — нібы жывыя істоты, — зазначае ў сваім фэйсбуку пісьменьніца. — У чароўных казак няма каранёў — у іх ёсьць крылы. Яны лётаюць па сьвеце, нябачныя для ўсіх. Сядаюць на сьпіну ветру, сьлізгочуць па вясёлцы, абганяюць хмары. І калі казка выпадкова дакранецца да чалавека, з ім адбываецца нешта незвычайнае..».

Надзея Ясьмінска выпусьціла сваю першую кнігу «Зялёныя песьні Эрмінціі» ў 2012 годзе. Цяпер на рахунку пісьменьніцы ўжо дзевяць кніг, некалькі перамог у літаратурных конкурсах і дзьве ганаровыя ўзнагароды — беларуская прэмія Цёткі і міжнародная прэмія Віталя Біянкі.

Мікола Калядны. Судуманьне

Якія ўражаньні зьведвае душа, калі пакідае чалавечае цела і адпраўляецца на той сьвет, як падводзяцца рахункі за добрыя і благія зямныя ўчынкі? Пытаньні, якія хвалявалі аўтара ў папярэдніх творах.

Ягоную аповесьць «Астрахрышча», выдадзеную ў 2008-м, крытыкі назвалі адной з лепшых кнiг сучаснай эзатэрычнай тэматыкі. Сам аўтар неаднаразова зазначаў, што нашае жыцьцё заўсёды зорнае, то бок касьмічнае. Думкі, пачуцьці, дзеі людзей пачынаюцца і заканчваюцца ад Нябёсаў. Задача кожнага з нас — усьвядоміць, зразумець гэта. Ад таго, як тое атрымліваецца, залежыць, на ягоную думку, літаральна ўсё — і агульнае, і прыватнае. Менавіта такая ідэя аб’ядноўвае ягоную аповесьць «Каханьне» і раман «Ільвінае вока», выдадзеныя летась.

Новая кніга паглыбляе ранейшыя тэмы і мастацкія прыёмы. Яна напісаная лексыкай без мужчынскага і жаночага роду ў адзіночным ліку, малюе дзіўныя ўзаема­­дачыненьні і касьмічныя прыгоды разумных істо­таў, паказвае фэнамэнальны сьвет бясплоцевых стварэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG