Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе адмянілі сустрэчу з нобэлеўскай ляўрэаткай Алексіевіч з прычыны пагрозаў у яе адрас


Сьвятлана Алексіевіч

За 4 гадзіны да выступу пісьменьніца была занесеная ў базу дадзеных украінскага сайту «Міратворац» нібыта за «прапаганду, накіраваную на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці і маніпуляваньне грамадзка значнай інфармацыяй» падчас выступу ў Брукліне ў 2016 годзе, паведамляе УНІАН.

У Адэсе адмянілі сустрэчу зь ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Святланай Алексіевіч у сувязі з пагрозамі, якія паступілі ў яе адрас. Як перадае карэспандэнт УНІАН, творчая сустрэча зь беларускай пісьменьніцай была заплянаваная на 8 жніўня а 20-й у Зялёным тэатры, разьмешчаным у Цэнтральным парку культуры і адпачынку ім. Тараса Шаўчэнкі. Уваход быў вольным, у тэатры сабралася шмат людзей. Аднак перад пачаткам прадстаўніца арганізатараў заявіла са сцэны, што сустрэчы не адбудзецца, бо ў адрас Алексіевіч пачалі паступаць пагрозы.

Арганізатары таксама заявілі, што сёньня а 16.00, за 4 гадзіны да выступу, Алексіевіч была занесеная ў базу дадзеных сайту «Міратворац» нібыта за «прапаганду, накіраваную на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці і маніпуляваньне грамадзка значнай інфармацыяй» падчас выступу ў Брукліне ў 2016 годзе.

«Міратворац» — украінскі сайт, які зьмяшчае адкрытую базу асабістых дадзеных людзей, сабраных нелегальным шляхам і сродкамі выведкі па адкрытых крыніцах, якіх аўтары называюць «сэпаратыстамі» або «агентамі Крамля». Сайт пазыцыянуе сябе як «інтэрнэт-прадстаўніцтва Цэнтру дасьледаваньняў злачынстваў супраць асноў нацыянальнай бясьпекі Украіны, міру, бясьпекі грамадзян».

«Шматлікія СМІ неадкладна напісалі пра гэта. Прыкладна ў 18:30 Алексіевіч была выдаленая са сьпісу рэсурсу „Міратворац“... Нобэлеўская ляўрэатка дала зразумець, што выступ у такой атмасфэры будзе для яе некамфортным. Для каманды Зялёнага тэатру таксама непрымальна падвяргаць аўдыторыю і сьпікера любога кшталту рызыкам. Дыялёгі з Алексіевіч адмяняюцца, мы прыносім прабачэньні за прычыненыя нязручнасьці», — заявілі ў тэатры.

Для таго, каб Алексіевіч магла прыехаць у Адэсу, быў абвешчаны збор дабрачынных сродкаў. У тэатры заявілі, што ахвяраваньні, унесеныя спонсарамі для арганізацыі бясплатнага выступу, будуць вернутыя.

Сама Алексіевіч заявіла, што абвінавачаньні, якія выставілі супраць яе ў «Міратворцы», надуманыя.

«Гэтага ніяк ня можа быць, паколькі мая маці ўкраінка і нарадзілася я ва Ўкраіне, і заўсёды адчувала ў сабе ўкраінскую кроў. Але дзеля нашай агульнай бясьпекі думаю, што сёньняшняй нашай сустрэчы ня будзе. Мы яе адменім. Выказваю ўсім тым, хто хацеў сустрэцца са мной, вялікую падзяку. Я вельмі вас люблю, і мне вельмі хацелася, каб сёньняшні вечар быў», — заявіла пісьменьніца.

Святлана Алексіевіч — вядомая беларуская пісьменьніца, журналістка, сцэнарыст дакумэнтальных фільмаў. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2015 году. Найбольшую вядомасьць атрымалі яе кнігі ў жанры мастацка-дакумэнтальнай прозы «Ў вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG