Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз арышт дзьвюх жанчын паміж Саудаўскай Арабіяй і Канадай пачаўся дыпляматычны скандал


Самар Бадаві (справа)

Паміж Саудаўскай Арабіяй і Канадай паўстаў буйны дыпляматычны канфлікт. Улады арабскай краіны прапанавалі канадзкаму амбасадару пакінуць краіну за 24 гадзіны і замарозілі новае гандлёвае пагадненьне і інвэстыцыі ў краіну.

У першую чаргу яно тычыцца канадзкай ваеннай кампаніі General Dynamics Corp (GD. N), якая ў 2013 годзе выйграла кантракт на $13 млрд і зьбіралася пастаўляць бронемашыны ўладам Саудаўскай Арабіі.

Прычынай стала тое, што канадзкія ўлады выказалі пратэст з прычыны арышту дзьвюх саудаўскіх жанчын-актывістак, Самар Бадаві (Samar Badawi) і Насімы аль-садах (Nassima al-Sadah). Абедзьве былі арыштаваныя на мінулым тыдні.

Канадзкія ўлады 3 жніўня запатрабавалі неадкладнага вызваленьня жанчын.

Гэта выклікала рэзкую рэакцыю ў каралеўстве. Улады Саудаўскай Арабіі заявілі, што «ня ўмешваюцца» ва ўнутраныя справы іншых краін, уключаючы Канаду, і таму не пацярпяць умяшаньня іншых краін у свае ўнутраныя справы і ў пытаньні ўзаемадзеяньня з уласнымі грамадзянамі.

«Любы далейшы крок з боку Канады будзе намі расцэнены як прызнаньне нашага права ўмешвацца ва ўнутрыпалітычныя справы Канады», — заявілі ў МЗС Саудаўскай Арабіі.

Самар Бадаві — сястра саудаўскага блогера-дысыдэнта Раіфа Бадаві. Ён быў арыштаваны яшчэ ў 2012 годзе за стварэнне сайта «Лібэральная сетка Саудаўскай Арабіі» і за абразу ісламу быў асуджаны на 10 гадоў турмы і 1000 публічных удараў бізуном. Жонка і дзеці Бадаві ўжо атрымалі палітычнае прыстанішча ў Канадзе, і ўлады гэтай краіны зьвярталіся да ўладаў Саудаўскай Арабіі з просьбай пазбавіць блогера саудаўскага грамадзянства і дэпартаваць яго ў Канаду, але гэтая просьба не была задаволеная.

Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch паведаміла, што акрамя дзьвюх арыштаваных жанчын, «дзясяткі» жыхарак Саудаўскай Арабіі, якія змагаюцца за свае правы, цярпяць з траўня перасьлед уладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG