Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чарнігаве мужчыну з таблічкай «Я ватник» прывязалі да слупа ў жывым эфіры


Ва ўкраінскім горадзе Чарнігаве прыхільнікі «Нацдружыны» у жывым эфіры на працягу 30 хвілін паказвалі мужчыну, прывязанага скотчам да слупа з таблічкай «Я ватник». Мінакам аўтар трансьляцыі Аляксандар Тарнаўскі тлумачыў, што прывязаны да слупа нібыта «адсядзеў дзесяць гадоў за згвалтаваньне дзяцей», а пазьней кінуў бутэльку ў помнік героям «Нябеснай сотні».

Аўтар трансьляцыі таксама казаў, што мужчына сам папрасіў прывязаць яго. Мінакі ў асноўным абаранялі прывязанага, адной з дзяўчат Тарнаўскі прапанаваў прывязаць і яе. «У нас яшчэ скотч застаўся», — сказаў ён.

«Калі суд не працуе, будзе самасуд», — камэнтуе свае дзеяньні аўтар трансьляцыі.

Сьведкі сцэны выклікалі паліцыю, першы экіпаж прыбыў прыкладна праз 8 хвілін пасьля пачатку трансьляцыі. Паліцыянт павітаўся за руку з адным з маладых людзей, якія сядзелі непадалёк ад самага пачатку трансьляцыі, і са сваёй напарніцай адышоў ад слупа з прывязаным чалавекам. На працягу трансьляцыі да месца здарэньня прыбылі яшчэ некалькі паліцэйскіх аўтамабіляў.

Аўтар трансьляцыі некалькі разоў плюнуў у прывязанага, у тым ліку і пасьля прыбыцьця паліцыі.

«Рэч ня ў тым, што гуманісты, рэч у тым, што я такую ж карцінку бачыў у Славянску», — спрабаваў заступіцца за прывязанага адзін з мінакоў.

«Завалі ***» (закрый рот), - нецэнзурна адказаў аўтар роліка.

Паліцыянты адвязалі мужчыну ад слупа толькі на 26-й хвіліне трансьляцыі. Калі супрацоўнікі адышлі ад мужчыны, ён працягнуў стаяць каля слупа, заклаўшы рукі за яго. Пасьля гэтага паліцыянты забралі мужчыну з сабой. За ўвесь час трансьляцыі мужчына ня вымавіў ні слова.

Начальнік сэктару сувязяў з грамадзкасьцю Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ў Чарнігаўскай вобласьці Сяргей Брыль у размове з праграмай Радыё Свабода «Настоящее время» ня змог назваць прычыну, чаму паліцыянты не адвязалі мужчыну адразу.

«У аддзяленьні паліцыі ён напісаў тлумачальную запіску, што ня мае ні да каго ніякіх прэтэнзій і што сам папрасіў сябе прывязаць, каб загладзіць віну» за кінутую ў мэмарыял «Нябеснай сотні» бутэльку, растлумачыў Брыль. Паводле яго, інфармацыя пра інцыдэнт занесеная ў Адзіны рэестар дасудовых расьсьледаваньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG