Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэр, які ініцыяваў «справу мэдыкаў»: «Я думаў, ведамства Жарко — непатапляльны авіяносец»


Васіль Бельмач. Фота: Белсат
Васіль Бельмач. Фота: Белсат

Былы старшы памочнік Беларускага вайсковага пракурора пэнсіянэр Васіль Бельмач, зь якога пачалася інфармацыйная хваля вакол карупцыі ў медычных закупках, пракамэнтаваў Свабодзе масавыя затрыманьні ў межах гэтак званай «справы мэдыкаў».

Паводле КДБ, у справе аб злоўжываньнях чыноўнікаў з мэдыцынскай галіны ўжо больш за 60 фігурантаў, 37 зь іх затрыманыя. Ім прад’явілі абвінавачаньні ў хабарніцтве і ўхіленьні ад падаткаў, у тым ліку ў закупках абсталяваньня і лекаў па завышаных на 60–100% цэнах. КДБ заяўляе, што амаль усе прызналі віну.

Хто ўжо затрыманы ў «справе мэдыкаў»

На допыт выклікалі таксама экс-міністра аховы здароўя Беларусі, цяперашняга віцэ-прэм’ера Васіля Жарко.

«Генпракуратура — асноўны ініцыятар утойваньня правапарушэньняў у сфэры мэдыцыны​»

Былы старшы памочнік Беларускага вайсковага пракурора, пэнсіянэр Васіль Бельмач на пачатку году падзяліўся зь тэлеканалам «​Белсат» сваёй гісторыяй лячэньня.

Ён сьцьвярджае, што 6-я бальніца Менску прадала яму нелегальна завезены ў Беларусь пратэз па цане ў разы даражэйшай за арыгінал і без суправаджальных тэхнічных дакумэнтаў. Васілю Бельмачу сказалі, што інфармацыя аб пратэзе зьяўляецца камэрцыйнай тайнай. Так адказвалі мужчыну таксама судзьдзі і высокія чыноўнікі пракуратуры.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Васіль Бельмач сказаў, што пачаў сваё змаганьне паўтара года таму. І лічыць, што стаў імпульсам цяперашніх затрыманьняў у сфэры мэдыцыны.

«У мяне ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць незаконнасьць дзеяньняў Міністэрства аховы здароўя, Генэральнай пракуратуры і суду. Гэта рэчы, несумяшчальныя з нормамі права. Я гатовы іх прад'явіць. Нічога лішняга ня будзе. Асноўны доказ — суды, супрацоўнікі міністэрства і пракуратуры сказалі, што інструкцыя ў карыстаньні эндапратэзам, імплянтаваным мне, — гэта камэрцыйная тайна».

Васіль Бельмач кажа, што вітае цяперашнія затрыманьні ў сфэры мэдыцыны.

«Але гэта занадта позьнія дзеяньні. Усім было вядома, што карупцыя ў ахове здароўя жыве і квітнее. Я паўтара года прыводзіў доказы ўтойваньня карупцыйных дзеяньняў Міністэрства аховы здароўя. Таксама чамусьці ніхто не закранае камітэт аховы здароўя Менгарвыканкаму».

Гэта занадта позьнія дзеяньні. Усім было вядома, што карупцыя ў ахове здароўя жыве і квітнее

Васіль Бельмач кажа, што даваў дзяржаўным структурам ня толькі свае, але і зьвесткі іншых фізычных асобаў, якім зробленыя апэрацыі эндапратэзаваньня, пра адсутнасьць рэгістрацыйных пасьведчаньняў Міністэрства аховы здароўя.

«Я сам юрыст і магу даць прававую ацэнку. Ёсьць пастанова Савету Міністраў пра дзяржаўную рэгістрацыю вырабаў мэдычнага прызначэньня. Я дакладна прыводзіў усе дадзеныя. І Генпракуратура — гэта асноўны ініцыятар утойваньня правапарушэньняў у сфэры мэдыцыны. Я гатовы прадставіць доказы».

Паводле Васіля Бельмача, згаданыя пратэзы ўвозіліся ў Беларусь без аплаты НДС, хоць, паводле ўказу Лукашэнкі, ад выплаты НДС вызваляюцца вырабы мэдычнага прызначэньня, якія прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю.

«У гэтым выпадку на тэрыторыю Беларусі ўвозіліся эндапратэзы, якія не прайшлі дзяржаўнай рэгістрацыі. Але разам з тым без аплаты ўвазнога НДС у 20%. Але старшыня Мытнага камітэту сказаў, што ўсё законна. Я распаўсюдзіў інфармацыю, што старшыня наўмысна ўводзіць у зман. Ён падаў на мяне пазоў за паклёп. Аднак Фрунзенскі РАУС адмовіў у пачатку справы супраць мяне, бо ў маіх дзеяньнях няма прыкмет паклёпу. Значыць, мае довады правільныя».

«Я думаў, што ведамства Жарко —​ гэта непатапляльны авіяносец»

Васіль Бельмач не чакаў, што карупцыя ў сфэры мэдыцыны ў такіх маштабах усплыве і ёю зоймуцца праваахоўнікі.

Ніколі ня думаў, што ў прэзыдэнта хопіць палітычнай волі на прыняцьце такога важнага рашэньня

«Я думаў, што ведамства Жарко — гэта непатапляльны авіяносец. Я ніколіня думаў, што ў прэзыдэнта хопіць палітычнай волі на прыняцьце такога сур’ёзнага і важнага рашэньня. Зайдзіце ў любую краму, паслухайце, пра што людзі гавораць. Гэта самая надзённая тэма. У простых паліклініках і лякарнях пэрсанал пляскае ў ладкі і вітае гэтыя затрыманьні. Бо вядома, колькі зарабляе мэдсястра. А тут знаходзяць 500 тысяч даляраў! Людзі вітаюць палітычнае рашэньне нашага прэзыдэнта. Але гэтыя дзеяньні маюць крыху запозьнены характар. Бо карупцыя ўцягнула ў свой абарот значную колькасьць службовых асобаў Міністэрства аховы здароўя», — кажа ён.

Васіль Бельмач пракамэнтаваў таксама інфармацыю пра допыт экс-міністра аховы здароўя Беларусі, цяперашняга віцэ-прэм’ера Васіля Жарко.

Віцэ-прэм'ер Беларусі Васіль Жарко
Віцэ-прэм'ер Беларусі Васіль Жарко

«Уся краіна гудзела пра тое, што рабілася ў ахове здароўя. Чалавека будуць выклікаць на допыт толькі тады, калі фігурантамі спраў пра яго дадзены нейкія паказаньні. Затрыманы намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі — гэта ягоны пратэжэ.

Зачапіць Жарко — гэта азначае скампрамэтаваць прэзыдэнта

Але зачапіць Жарко — гэта азначае скампрамэтаваць прэзыдэнта. Аднак у атачэньні нашага прэзыдэнта гэта самы непапулярны чалавек. Я супраць таго, каб такія, як Жарко знаходзіліся каля стырна нашай дзяржавы».

Віцэ-прэм’ер Жарко патлумачыў карупцыю ў мэдыцыне і правалы ў хакеі

Паводле Васіля Бельмача ў шэрагу затрыманых бракуе асобаў з праваахоўных органаў, якія прыкрывалі створаную ў ахове здароўя карупцыйную сетку.

«Мой статус у якасьці спажыўца не абвергнуты ні судом, ні пракуратурай. Але разам з тым яны кажуць, што мне нельга даваць інфармацыю, бо гэта камэрцыйная тайна. Тое, якую мне рабіць нагрузку на нагу, якія абмежаваньні, колькі ў маім целе можа знаходзіцца без нэгатыўных наступстваў імплянтаваны пратэз — гэта камэрцыйная тайна? Гэта ж поўная лухта», — кажа былы старшы памочнік Беларускага вайсковага пракурора

«6-я лякарня адмовіла мне ў дачы інфармацыі»

16 ліпеня канчаецца двухмесячны тэрмін разгляду нагляднай скаргі, якую Васіль Бельмач падаў генпракурору на дзеяньні 6-й гарадзкой бальніцы Менску і Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў у сфэры аховы здароўя. Дырэктар гэтага цэнтру Аляксандар Сталяроў цяпер таксама сярод затрыманых мэдыкаў.

«Паводле адпаведнай пастановы, я як зацікаўленая асоба маю права мець копіі дакумэнтаў, якія закранаюць мае правы і законныя інтарэсы. Значыць, 6-я лякарня адмовіла мне ў дачы інфармацыі.

Ніводнага дакумэнту, які адпавядае патрабаваньням заканадаўства, няма. А пракуроры і судзьдзі робяць выгляд, што ўсё законна

Я зьвярнуўся па інфармацыю ў Цэнтар экспэртыз і выпрабаваньняў, дзе ёсьць рэгістрацыйнае дасье. Мне там сказалі, што не дадуць гарантыйнага абавязаньня і інструкцыі аб эксплюатацыі пратэза. Але мне ўдалося сфатаграфаваць матэрыялы гэтага дасье. Ніводнага дакумэнту, які адпавядае патрабаваньням заканадаўства, там няма. А пракуроры і судзьдзі робяць выгляд, што ўсё гэта законна».

Васіль Бельмач кажа, што са студзеня гэтага году адчувае боль ад імплянтаванага пратэзу і прымае антыбіётыкі і абязбольвальныя сродкі. Яго хвалюе, чаму ў Беларусі робяць апэрацыі з прымяненьнем вырабаў мэдычнага прызначэньня, якія не прайшлі дзяржаўнай рэгістрацыі.

«Назвы адрозьніваюцца. У рэгістрацыйным пасьведчаньні Міністэрства аховы здароўя сказана пра рэалізацыю і прымяненьне эндапратэзаў вытворчасьці Швайцарыі, а мне імплянтаваны мала таго, што іншай назвы пратэз, але яшчэ і нямецкай вытворчасьці. І мне кажуць, што гэта дапушчальна. Але пакажыце мне норму права, дзе гэта дапушчальна?!»

«Жорстка дзярбанілі бюджэт»

У сваёй барацьбе за праўду Васіль Бельмач сумняваецца, што ягоныя наглядныя скаргі будуць задаволеныя. Чаму?

«Цяперашнія затрыманьні зьвязаныя з парушэньнямі ў справе закупак за кошт бюджэту. Тут прававыя адносіны зь дзяржавай, бо жорстка дзярбанілі бюджэт. А ў выпадку са мной справа тычыцца фізычнай асобы. І тысячы людзей, такіх як я, гэта фізычныя асобы. І калі мяне прызнаюць першым пацярпелым, то тады тысячы людзей могуць зьвярнуцца, і дзяржаве давядзецца кампэнсаваць страты. Гэта будуць вельмі вялікія грошы.

Калі мяне прызнаюць першым пацярпелым, то тады тысячы людзей могуць зьвярнуцца

Гадавы абарот толькі 6-й лякарні па рэалізацыі эндапратэзаў, якія не прайшлі дзяржаўнай рэгістрацыі, складае каля 3 мільёнаў даляраў. Таму дзяржава баіцца і ня хоча прызнаваць парушэньні заканадаўства ў дачыненьні фізычных асобаў. Маўляў, скажыце дзякуй, што вам паставілі, і ідзіце прэч».

«Гэта ўспышка дзеяньняў праваахоўнікаў»

Ці памяняюць цяперашнія затрыманьні сытуацыю ў ахове здароўя?

«На пэўны пэрыяд. Калі воўк укусіў сьвежага мяса і за гэта вы яго стукнулі, ён можа толькі адбегчы ўбок, але потым ён вернецца да здабычы. Гэта заглухне на пэўны час. Таму тое, што цяпер адбываецца, добра. Але гэта ўспышка дзеяньняў праваахоўнікаў, якая ня мае сыстэмнага і пастаяннага характару, асабліва што тычыцца органаў аховы здароўя», — перакананы Васіль Бельмач.​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG