Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прэзыдэнцкіх выбарах у Мэксыцы перамог кандыдат ад левых Лёпэс Абрадор


Лёпэс Абрадор

На прэзыдэнцкіх выбарах у Мэксыцы перамог кандыдат ад левага апазыцыйнага блёку Андрэс Мануэль Лёпэс Абрадор. Па папярэдніх дадзеных нацыянальнай выбарчай камісіі, ён набраў больш за 53 працэнты галасоў.

Астатнія кандыдаты прызналі сваю паразу. Афіцыйныя вынікі будуць абвешчаныя на працягу некалькіх дзён. Лёпэс Абрадор зойме прэзыдэнцкую пасаду 1 сьнежня 2018 года. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ужо павіншаваў Лёпэса Абрадора зь перамогай на выбарах, паведамляе CNN.

64-гадовы Лёпэс Абрадор падчас перадвыбарнай кампаніі абяцаў перамагчы «уладу мафіі» і перамагчы карупцыю. Ён таксама мае намер выбудаваць новыя адносіны з ЗША, заснаваныя на ўзаемнай павазе і абароне мэксыканскіх мігрантаў, якія легальна працуюць і жывуць у Злучаных Штатах.

У красавіку Трамп абвінаваціў Мэксыку ў бескантрольнай міграцыйнай палітыцы. Пазьней улады ЗША абвесьцілі, што да нелегальных мігрантаў будзе прымяняцца палітыка так званай нулявой талерантнасьці — дзяцей мігрантаў сталі разлучаць з сем’ямі на мяжы на час судовага разбору па справах бацькоў. Па дадзеных амэрыканскіх СМІ, з пачатку траўня да пачатку чэрвеня на мяжы з Мэксыкай былі разлучаныя зь семʼямі больш за дзьве тысячы дзяцей. 20 чэрвеня Дональд Трамп адмяніў гэта распараджэньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG