Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя асудзіла чарговае выкананьне сьмяротных выракаў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

Амбасада Францыі ў Беларусі выдала заяву з асуджэньнем выкананьня ў Беларусі сьмяротных выракаў, вынесеных Аляксандру Міхаленю і Віктару Лётаву.

«Мы зноў заяўляем аб нашай сур’ёзнай заклапочанасьці ў дачыненьні да іншых беларускіх грамадзянаў, асуджаных на сьмяротнае пакараньне, — гаворыцца ў заяве. — Францыя стала нагадвае пра сваю пазыцыю па гэтым пытаньні ўсюды і пры любых абставінах. Мы заклікаем беларускія ўлады ўсталяваць мараторый на выкананьне сьмяротнага пакараньня ў якасьці першага кроку да яго скасаваньня. Гэта будзе спрыяць збліжэньню Беларусі як з Эўрапейскім Зьвязам, так і з Радай Эўропы».

Раней у гэты дзень Высокая прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі, віцэ-прэзыдэнтка Эўракамісіі Фэдэрыка Магерыні прыняла ў Брусэлі міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея. Сярод іншага яна падкрэсьліла рашучае непрыманьне Эўразьвязам сьмяротнага пакараньня ў любых абставінах, згадаўшы новыя выпадкі выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі.

Эўразьвяз: сьмяротнае пакараньне супярэчыць гатоўнасьці Беларусі да супрацы

Што важна ведаць​

  • Пра сьмяротнае пакараньне Віктара Лётава і Аляксея Міхалені стала вядома 29 траўня падчас разгляду ў Вярхоўным судзе апэляцыі Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, якім прысудзілі вышэйшую меру пакараньня за забойства трох чалавек.
  • 30-гадовы Віктар Лётаў быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня за трэцяе забойства, якое ўчыніў у Глыбоцкай турме, дзе ўжо адбываў пакараньне за забойства.
  • 32-гадовы Аляксей Міхаленя — неаднаразова судзімы жыхар Нароўлі, які ў сакавіку 2016 году забіў суседзяў-пэнсіянэраў.
  • 29 траўня Рада Эўропы заклікала Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • 30 траўня Вярхоўны суд адхіліў апэляцыю Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, асуджаных на сьмерць.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG