Выстава World Press Photo адкрылася ў Менску

Выстава World Press Photo адкрылася ў Менску

Міжнародная выстава «Сусьветнае прэс-фота 2018» праходзіць з 23 траўня па 12 чэрвеня ў прасторы культурнага цэнтру КОРПУС на праспэкце Машэрава, 9/8 у Менску. Арганізатары — культурна-адукацыйны цэнтар ЦЭХ.

Сусьветнае прэс-фота году

Ранальда Шэміт / Ronaldo Schemidt Вэнэсуэла, Agence France-Presse / 3 траўня 2017 году

28-гадовы Хасэ Віктар Салясар Бальса загарэўся падчас сутыкненьняў са спэцназам, у якія перарасьлі пратэсты супраць прэзыдэнта Нікаляса Мадуры ў Каракасе, Вэнэсуэла.

Намагаючыся сканцэнтраваць заканадаўчую ўладу ў сваіх руках, Мадура абвясьціў, што перагледзіць вэнэсуэльскую дэмакратычную сыстэму і сфармуе заканадаўчую асамблею. Новая структура заменіць Нацыянальную Асамблею, дзе рэй вядзе апазыцыя. Апазыцыйныя лідэры заклікалі да масавых пратэстаў з патрабаваньнем датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. Сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і ўнутранымі войскамі Вэнэсуэлы выбухнулі 3 траўня, і пратэстоўцы шпурлялі бутэлькі з гаручай сумесьсю і камяні. Салясар загарэўся, калі выбухнуў паліўны бак матацыкла. Выжыў, але атрымаў апёкі першай і другой ступені.

Актуальныя тэмы. 1 месца, адзінкавае фота

Еска Дэнцэль / Jesco Denzel Нямеччына, laif / 24 лютага 2017 году

Човен з турыстамі з Лагас-Марына плыве каналамі Макока — старажытнай рыбацкай вёскі, якая разраслася да вялізнага стыхійнага паселішча, — на берагах Лагаскай лягуны, горад Лагас, Нігерыя.

Насельніцтва Макока — блізу 150 000 чалавек, шмат хто жыве тут не адно пакаленьне. Але Лагас імкліва расьце: нерухомасьць каля прыбярэжнай паласы ў дэфіцыце, і робяцца захады, каб разбурыць такія паселішчы, як Макока, і пабудаваць жытло для заможных.

Актуальныя тэмы. 1 месца, сэрыя фота

Гэба Хаміс / Heba Khamis Эгіпет / 6 лістапада — 7 сьнежня 2016 году

«Прасаваньне грудзей» — традыцыйная практыка ў Камэруне. Дзяўчатам-падлеткам масажуюць або сьціскаюць грудзі, каб тыя не расьлі або расьлі марудней. Так робяць, спадзеючыся адцягнуць полавае высьпяваньне, каб прадухіліць згвалтаваньне або сэксуальныя дамаганьні. «Прасаваньне грудзей» зазвычай робіць маці дзяўчыны або старэйшая сваячка. Тэхніка «прасаваньня» розная ў розных рэгіёнах краіны. Некаторыя зьвязваюць грудзі папругай, іншыя награваюць тачыльны камень, шпатэль або таўкачык і «прасуюць» або масажуюць імі грудзі.

Экалёгія. 1 месца, адзінкавае фота

Ніл Олдрыдж / Neil Aldridge ПАР / 21 верасьня 2017 году

Маленькі белы паўднёвы насарог напампаваны заспакаяльнымі прэпаратамі, вочы яго завязаныя. Неўзабаве жывёліну выпусьцяць у дзікую прыроду паблізу дэльты Акаванга, Батсвана. Туды яго вязуць з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, каб засьцерагчы ад браканьераў.

Белыя паўднёвыя насарогі лічацца «патэнцыйна ўразьлівымі». Парашок з насарогавага рога — багаты трафэй, які цэніцца за мэдычныя ўласьцівасьці, асабліва ў Віетнаме і Кітаі, дзе ён ужываецца як лёгкі наркотык. Цэны на рогі вагаюцца ад 20 да 50 тысяч эўраў за кіляграм. У 2014 годзе ў ПАР насарогаў незаконна адстрэльвалі ажно 1215 разоў. Батсвана ратуе насарогаў ад браканьераў у ПАР і аднаўляе іх папуляцыю ў сваіх гадавальніках, дзе ўмовы як мага бліжэйшыя да натуральных.

Экалёгія. 1 месца, сэрыя фота

Кадыр ван Лёгёйзэн / Kadir van Lohuizen Нідэрлянды, NOOR Images / 23 лютага 2016 году — 9 ліпеня 2017 году

Чалавецтва выпрацоўвае больш сьмецьця, чым калі раней. Паводле дасьледаваньняў Сусьветнага банку, сьвет прадукуе 3,5 млн тонаў цьвёрдага сьмецьця за дзень — у 10 разоў больш, чым 100 гадоў таму. Сьметнікі і звалкі запаўняюцца, Сусьветны эканамічны форум папярэджвае, што да 2050 году ў акіянскай вадзе будзе плаваць больш (вагою) плястыку, чым рыбы. Статыстыка ўтылізацыі сьмецьця ўва ўсім сьвеце адлюстроўвае, наколькі па-рознаму грамадзтвы даюць (або не даюць) рады сьмецьцю.

Агульныя навіны. 1 месца, адзінкавае фота

Патрык Браўн / Patrick Brown Аўстралія, Panos Pictures, для UNICEF / 28 верасьня 2017 году

Трупы ўцекачоў. Човен, у якім прадстаўнікі народу рагінґ’я спрабавалі ўцячы з М’янмы, перакуліўся за 8 км ад пляжу Інані каля гораду Кокс-Баджар у Банглядэшы. На борце былі блізу ста чалавек. Ацалелі сямнаццаць.

Рагінґ’я — у асноўным мусульманская групоўка, якая складае меншасьць у штаце Рагінэ, што ў М’янме. Іх прыблізна 1 мільён. У 1980-я гады людзей рагінґ’я пазбавілі грамадзянства М’янмы. Хваляваньні ў М’янме пачаліся 25 жніўня, пасьля таго як некаторыя рагінґ’я напалі на паліцэйскія пастарункі і забілі 12 паліцыянтаў. Улады М’янмы, дзе-нідзе з падтрымкай мясцовых будыстаў, пачалі помсьціць — на вёскі рагінґ’я нападалі, ім палілі хаты.

Агульныя навіны. 1 месца, сэрыя фота

Айвар Прыкет / Ivor Prickett Iрляндыя, для The New York Times

10 ліпеня, пасьля некалькіх месяцаў баёў, ірацкі ўрад абвясьціў Мосул вызваленым ад «Ісламскай дзяржавы» («Даіш»), але ў асобных раёнах гораду сутыкненьні працягваліся. Усходнія раёны Мосула вызвалілі пры канцы студзеня 2017 году. Заходнія ж, асабліва шчыльна забудаваны стары горад, заваяваць было цяжэй. Тысячы цывільных жыхароў загінулі пад перакрыжаваным агнём. Ацалелыя засталіся амаль што без харчоў і вады.

Працяглыя праекты. 1 месца, сэрыя фота

Карла Кохэлман / Carla Kogelman Нідэрлянды / 19 ліпеня 2012 — 29 жніўня 2017 году

Я — Вальдфіртэль

Ганна і Алена — сёстры, якія жывуць у Мэркенбрэхце, біяэнэргетычнай вёсцы, якая налічвае каля 170 жыхароў і месьціцца ў Вальдфіртэлі, адасобленым аграрным раёне Аўстрыі на мяжы з Чэхіяй. У сясьцёр ёсьць два старэйшыя браты, але дзяўчаты бавяць большасьць часу разам, ведучы бесклапотнае жыцьцё: плаваюць, гуляюць на дварэ і вакол дому. Біяэнэргетычная вёска вырабляе большасьць неабходнай энэргіі зь біямасы ды іншых узнаўляльных крыніцаў. Фатографка здымае Ганну і Алену з 2012 году. Яна прыяжджае да іх на колькі тыдняў, зазвычай улетку, глядзіць, як яны гадуюцца і бавяцца разам.

Прырода. 1 месца, адзінкавае фота

Коры Арналд / Corey Arnold ЗША / 14 лютага 2017 году

Белагаловы арлан сілкуецца недаедкамі ў сьмецьцевых баках супэрмаркету ў Галяндзкай затоцы, горад Уналаска, штат Аляска, ЗША.

Колісь белагаловы арлан быў блізкі да зьнікненьня, але дзякуючы намаганьням эколягаў папуляцыя аднавілася. Ва Ўналасцы жывуць 5000 чалавек і 500 арланаў. Штогод з Галяндзкай затокі выгружаюць каля 350 мільёнаў кіляграмаў рыбы. Птушак надзяць рыбацкія траўлеры, але таксама парэшткі ежы ў сьмецьці і торбы з харчамі ў руках няўважлівых мінакоў. Амэрыканскую нацыянальную птушку тут называюць «голубам Галяндзкай затокі».

Прырода. 1 месца, сэрыя фота

Эмі Вітале / Ami Vitale ЗША, для National Geographic / 29 верасьня 2016 году — 23 лютага 2017 году

Асірацелыя і пакінутыя сланяняты ачуньваюць і вяртаюцца ў дзікую прыроду ў слановым прытулку «Рэтэці», які належыць жыхарам поўначы Кеніі і разьмяшчаецца на спадчынных землях народнасьці самбуру. Прытулак для асірацелых сланянятаў заснавалі ў 2016 годзе мясцовыя людзі. Працуюць тут цяперашнія ці былыя ваяры самбуру. Даўней самбуру ня надта імкнуліся ратаваць сланоў — бо тыя, на іх погляд, несьлі небясьпеку людзям ды маёмасьці, — але цяпер ставяцца да жывёлін інакш.

Людзі. 1 месца, адзінкавае фота

Маньнус Вэнман / Magnus Wennman Швэцыя / 2 cакавіка 2017 году

Джэнэта (справа) прыкутая да ложка і застаецца ў бяспамяцтве 2,5 года, а ейная сястра Ібадэта — больш за 6 месяцаў, у Гурндалі, Швэцыя. Прычына — «uppgivenhetssyndrom» (сындром абыякавасьці).

Сындром абыякавасьці — стан, які, як мяркуюць, сустракаецца толькі ва ўцекачоў у Швэцыі. Хворыя ўпадаюць у вэгетатыўны стан. Прычыны разладу няясныя, але лічыцца, што яго правакуюць траўма, стрэс і прыгнечанасьць.

Людзі. 1 месца, сэрыя фота

Эдам Фэргусан / Adam Ferguson Aўстралія, для The New York Times

Дзяўчат прымусілі ўпрыгожыцца, абвязалі выбухоўкай і загадалі ўзарваць сябе ў людным месцы, але ім удалося ўцячы і паклікаць на дапамогу. «Бо-ко Харам» — ваенізаваная групоўка, якая базуецца ў Нігерыі, а назва яе перакладаецца як «Заходняя адукацыя забароненая!», — падкрэсьлена зрабіла мішэньню школы і з 2014 году ўжо скрала больш за 2000 жанчын і дзяўчат. Шахідкі разглядаюцца ваеўнікамі як новы від зброі. Групоўка выкарыстала 27 дзяўчат у атаках тэрарыстаў-сьмяротнікаў у першай чвэрці 2017 году, а на год раней за такі самы прамежак часу — толькі 9.

Спорт. 1 месца, адзінкавае фота

Олівэр Скарф / Oliver Scarff Вялікая Брытанія, Agence France-Presse / 28 лютага 2017 году

Гульцы дзьвюх камандаў-спаборніц, «Вярхоўнікі» і «Нізоўнікі», змагаюцца за мяч падчас гістарычнага штогадовага Каралеўскага масьленічнага футбольнага матчу ў Эшбарне, графства Дарбішыр, Вялікая Брытанія.

Матч гуляецца паміж сотнямі ўдзельнікаў за два васьмігадзінныя пэрыяды. У каманды ідуць паводле месца нараджэньня: «Вярхоўнікі» — з паўночнага берага рэчкі Гэнмар, і «Нізоўнікі» — з паўднёвага. Забіць гол — значыць тройчы пляснуць па жорнах, замацаваных на слупах прыкладна за 5 км адзін ад аднаго.

Спорт. 1 месца, сэрыя фота

Ален Шрэдэр / Alain Schroeder Бэльгія, Reporters / 17–25 верасьня 2017 году

Дзеці-жакеі едуць бязь сёдлаў, басанож і зь мінімальнай вупражжу на маленькіх конях падчас скачак «Маэн Джаран» на інданэзійскім востраве Сумбаўа. «Маэн Джаран» — традыцыя, якая перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне. Колісь гэта былі сьвяткаваньні добрага ўраджаю, але ў ХХ стагодзьдзі галяндцы ператварылі скачкі ў відовішчны спорт дзеля забавы чыноўнікаў. Хлопчыкі, якім ад пяці да дзесяці, сядаюць на сваіх конікаў пяць-шэсьць разоў на дзень, разганяючыся да 80 км/г і нават больш. Пераможца атрымлівае грашовы прыз, а ўсе астатнія зарабляюць ад 3,5 да 7 эўра за заезд.

Пільныя навіны. 1 месца, сэрыя фота

Дэйвід Бэкер / David Becker ЗША, Getty Images / 1 кастрычніка 2017 году

58 чалавек былі застрэленыя і больш за 50 параненыя, калі стралок Стывэн Падак адкрыў агонь па 22 000 гледачоў на фэстывалі кантры-музыкі Route 91 Harvest у гатэлі і казіно Mandalay Bay у Лас-Вэгасе, штат Нэвада, ЗША. Падак вёў агонь дзесяць хвілін з нумару люкс на 32 паверсе гатэля. Потым застрэліўся. У ягоным нумары знайшлі 23 вінтоўкі, на некаторых быў усталяваны мэханізм для хуткаснай стральбы, адмыслова распрацаваны, каб наблізіць стрэльбу да аўтамата, здатнага выстрэльваць па 400–800 патронаў за хвіліну. У Падака не было прыводаў у паліцыю, матывы ягонага крывавага ўчынку засталіся нявысьветленыя.