Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя запатрабавала выбачэньняў ад Дональда Трампа


Францыя працягвае абурацца некарэктным выказваньнем Дональда Трампа на карысьць дазволу на нашэньне агнястрэльнай зброі.

Выступаючы перад Нацыянальнай стралковай асацыяцыі ў Тэхасе, прэзыдэнт ЗША заявіў, што тэракту ў парыскім клюбе «Батаклян» у 2015 годзе ўдалося б пазьбегнуць, калі б у гледачоў у зале была зброя.

«Яны былі жорстка забітыя невялікай групай тэрарыстаў, у якіх была зброя, яны не сьпяшаліся і застрэлілі іх аднаго за адным», — сказаў Дональд Трамп. Пры гэтым ён дазволіў сябе інсцэнізаваць страляніну і, імітуючы тэрарыстаў, казаў: «Бум, хадзі сюды. Бум, хадзі сюды. Бум».

Францыя палічыла гэта абразай памяці ахвяраў тэракту, падчас якога загінула 130 чалавек. МЗС Францыі неадкладна выпусьціла камюніке, у якім гаворыцца, што «Францыя выказвае сваё глыбокае асуджэньне выказваньня прэзыдэнта Трампа з нагоды тэрактаў 13 лістапада 2015 году ў Парыжы і патрабуе захоўваць павагу да памяці ахвяраў. Францыя ганарыцца тым, што застаецца бясьпечнай краінай, дзе строга рэгулюецца набыцьцё і захоўваньне агнястрэльнай зброі».

Яшчэ да Афіцыйнай рэакцыі Элізэйскага палаца, былы прэзыдэнт краіны Франсуа Алянд назваў словы Трампа «ганебнымі» і «непрыстойнымі», якія «добра паказваюць, што Дональд Трамп думае пра Францыю і яе каштоўнасьці». «Непрыстойны і некампэтэнтны, што я яшчэ магу сказаць», — так адрэагаваў ў твітэры былы міністар Манюэль Вальс. Нацыянальная фэдэрацыя ахвяраў тэрактаў запатрабавала рэакцыі ад францускай дыпляматыі.

У нядзелю, 6 траўня, францускі міністар фінансаў Бруна Лё Мэр заявіў, што прэзыдэнт ЗША мусіць адмовіцца ад сваіх словаў і прынесьці прабачэньні. «Хіба мы камэнтуем масавыя забойствы, якія рэгулярна здараюцца ў ЗША праз тое, што там дазволена нашэньне зброі? Не», — дадаў ён. Мэр Парыжу Ан Ідальго палічыла асабліва абразьлівай «тэатральную пастаноўку» тэракту ў «Батакляне».

Прадстаўнік сацыялістычнай партыі Аліўе Фор выказаў надзею, што Эманюэль Макрон асабіста адрэагуе на словы Трампа: «Амэрыканскі прэзыдэнт не пасаромеўся абразіць памяць ахвяраў „Батакляну“, прэзыдэнт Францыі мусіць паказаць, дзе знаходзяцца дапушчальныя межы», — сказаў ён.

Інцыдэнт адбыўся праз усяго два тыдні пасьля візыту Эманюэля Макрона ў ЗША, падчас якога Дональд Трамп дэманстраваў, паводле Аліўе Фора, «братэрскую мужчынскую дружбу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG