Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з затрыманых 25 сакавіка паскардзіўся ў пракуратуру на зьдзекі з боку міліцыянтаў 


Затрыманьні 25 сакавіка ў Менску

Артур Жураў — адзін з тых, хто быў затрыманы 25 сакавіка ў Менску на плошчы Якуба Коласа. У перапоўненым аўтазаку ён быў дастаўлены ў РУУС Савецкага раёну, адкуль пасьля сямі гадзін утрыманьня быў адпушчаны ў ліку апошніх. Сваёй гісторыяй ён падзяліўся з праваабаронцамі цэнтру «Вясна».

Акрамя таго, што ў міліцыі Журава пратрымалі больш за тры гадзіны, што зьяўляецца парушэньнем закону, супрацоўнікі РУУС незаконна правялі працэдуру дактыляскапіі і без яго згоды сфатаграфавалі — на той момант малады чалавек ня быў у статусе адміністрацыйна арыштаванага.

За ўвесь час знаходжаньня Журава ў пастарунку яму не далі магчымасьці паведаміць сваёй жонцы пра тое, дзе ён. І хоць, згодна з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях, затрыманы мае права цягам трох гадзін ад моманту затрыманьня гэта зрабіць, карыстацца тэлефонам яму не дазволілі.

Супрацоўнікі РУУС, не назваўшы свае прозвішчы і не паказаўшы службовыя пасьведчанььні, да складання адміністрацыйнага пратаколу праводзілі асабісты асабісты агляд без панятых, што таксама зьяўляецца парушэньнем.

Сам пратакол па арт. 23.34 КаАП быў падпісаны сьведкамі асобна, не ў прысутнасьці Журава, што не дае магчымасьці высьветліць, ці мелі яны ўвогуле нейкае дачыненьне да яго затрыманьня.

Аднак самым жорсткім, паводле Артура, стала ігнараваньне супрацоўнікамі міліцыі яго стану здароўя. Такія паводзіны ён лічыць прыкладам «бесчалавечнага абыходжаньня».

«У двары РУУС нас паставілі тварам да сьцяны, не давалі магчымасьці рухацца і глядзець па баках, — расказаў Артур Жураў. — Затым адвялі ў пастарунак. У мяне сур’ёзнае страўнікавае захворваньне, неабходна рэгулярна прымаць лекі і дыетычна харчавацца 5-6 разоў на дзень. Пра свой дыягназ я паведаміў міліцыянту Дзярэйку, які складаў пратакол, і намесьніку начальніка РУУС, які не назваў прозьвішча. Абодва праігнаравалі гэты факт. Адмовілі нават у шклянцы вады. Праз нейкі час мне стала кепска і я папрасіў таблеткі, якія былі ў заплечніку. Ніякай рэакцыі. Увечары, калі пасьля сямі гадзін мяне нарэшце адпусьцілі, крытычна паднялася тэмпэратура».

Артур Жураў зьвярнуўся ў пракуратуру Савецкага раёну са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў Савецкага РУУС. Ён просіць правесьці праверку па пералічаных парушэньнях Працэсуальна-выканаўчага кодэксу і прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасьці.

Сьвяткаваньне 100 год незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску 25 сакавіка праводзілася на мітынгу-канцэрце з дазволу гарадзкіх уладаў. Паводле розных ацэнак, на пляцоўцы каля менскага Опэрнага тэатру 25 сакавіка сабраліся ад 11 да 50 тысяч чалавек. Афіцыйных лічбаў менская міліцыя не называла, атрымаць камэнтар Свабодзе не ўдалося.

Па колькасьці ўдзельнікаў гэта найбольш масавы Дзень Волі ў ХХІ стагодзьдзі. Паводле падлікаў праваабаронцаў, вядома пра 120 затрыманьняў па ўсёй Беларусі 25 сакавіка, у тым ліку былі затрыманыя шэсьць дзясяткаў чалавек у Менску, дзе была спроба сабрацца на несанкцыянаванае шэсьце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG