Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як 200 ВНУ Чэхіі страйкуюць у абарону канстытуцыйных каштоўнасьцяў


У Чэхіі студэнты распачалі папераджальны страйк, каб выказаць нязгоду зь невыкананьнем канстытуцыйных нормаў пры прызначэньні прэм’ера.

Студэнты з больш як 200 вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў Чэхіі на паўгадзіны перапынілі вучобу ў поўдзень і выйшлі на плошчы і пляцоўкі каля сваіх школ на папераджальны страйк у абарону грамадзянскіх і канстытуцыйных каштоўнасьцяў.

Крытыка страйкоўцаў скіраваная на адрас прэм’ер-міністра ў адстаўцы Андрэя Бабіша, які на просьбу прэзыдэнта Мілаша Зэмана працягвае выконваць свае функцыі.

«Дэмакратычны кірунак нашай краіны знаходзіцца пад пагрозай з-за прэм’ер-міністра, які сам знаходзіцца пад крымінальным перасьледам, але кіруе ўрадам без даверу і пры маўклівай падтрымцы прэзыдэнта рэспублікі», — заявіў старшыня студэнцкай Рады ВНУ Міхал Зіма.

Студэнты патрабуюць, каб прэзыдэнт кіраваўся законам пры прызначэньні прэм’ера, які павінен атрымаць падтрымку дэпутатаў і ня можа быць чалавекам, супраць якога заведзеная крымінальная справа.

Студэнты сярод іншага, патрабуюць, каб урад у адстаўцы, які выконвае свае абавязкі да прызначэньня новага ўраду, не прымаў прынцыповых рашэньняў, новых законаў і не рабіў пэрсанальных прызначэньняў.

Праціўнікі Андрэя Бабіша ўказваюць на сувязь лідэра руху ANO са структурамі дзяржбясьпекі ЧССР і на тое, што супраць яго вылучаныя абвінавачаньні ў злоўжываньні эўрапейскімі датацыямі.

Паводле Зімы, праз 70 гадоў пасьля лютага 1948 году ў Чэскай Рэспубліцы ўспрыняцьце дэмакратычных каштоўнасьцяў мяняецца, многія чэскія палітыкі парушаюць канстытуцыйныя нормы. Мэта студэнцкай ініцыятывы — прымусіць людзей зьвярнуць увагу на тое, што адбываецца ў краіне, пры гэтым яны хочуць, каб верхняя палата парлямэнту — сэнат — адыгрываў у палітыцы больш актыўную ролю.

Да страйку далучыліся студэнты з Прагі, Брна, Оламаўца, Чэскіх Будзеёвіц і іншых унівэрсытэцкіх цэнтраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG