Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дэпутат Дзярждумы са зброяй перапыніў футбольны чэмпіянат у Грэцыі


Іван Савідзі
Іван Савідзі

Улады Грэцыі 12 сакавіка абвясьцілі аб прыпыненьні чэмпіянату краіны па футболе на нявызначаны тэрмін. Як заявіў намесьнік міністра культуры і спорту Грэцыі Георгіяс Васіалідзіс, «Сустрэчы не адновяцца да таго часу, пакуль ня будуць створаныя новыя рамкі, узгодненыя ўсімі». Ён дадаў ён, дадаўшы, што Атэны «маюць зносіны» з гэтай нагоды з УЕФА.

У нядзелю расейскі прадпрымальнік, былы дэпутат ад «Адзінай Расеі» і ўладальнік грэцкага футбольнага клюбу ПАОК зладзіў скандал на матчы паміж камандамі ПАОК і АЕК. У канцы сустрэчы судзьдзя з-за афсайду не залічыў гол, які быў забіты футбалістамі ПАОК на апошніх хвілінах. Футбалісты не пагадзіліся з рашэньнем арбітра і адмовіліся працягваць матч, пачалася сварка з удзелам гульцоў абодвух клюбаў. У гэты момант Савідзі выбег на поле ў суправаджэньні аховы, прычым у яго быў пісталет.

Як пішуць некалькі грэцкіх выданьняў, бізнэсмэн крычаў на адрас судзьдзі і ўладальніка клюба-саперніка «Ты — труп» і пэрыядычна хапаўся за пісталет.

Пазьней Савідзі ў суправаджэньні аховы сышоў з поля:

Грэцкія СМІ паведамляюць, што Савідзі і яшчэ некалькі чалавек, якія ўдзельнічалі ў канфлікце, расшукваюцца паліцыяй.

Футбалісты АЕК сышлі з поля, матч ня быў дагуляны.

Прадстаўнік Савідзі заявіў РБК: «Так, ён выбег на поле. Так, гэта парушэньне правілаў. Але там склалася правакацыйная футбольная сытуацыя. Казаць пра тое, што расейскі бізнэсовец пагражаў зброяй трэнэру ці яшчэ камусьці, — гэта не адпавядае рэчаіснасьці».

Сам Савідзі ў заяве на сайце клюбу напісаў:

«Нашы праціўнікі спрабуюць абярнуць супраць нас найменшыя інцыдэнты. Але гонар ПАОК ня толькі ў нашым адзінстве, але і ў нашай здольнасьці кантраляваць эмоцыі і ўстрымлівацца ад дзеяньняў, якія могуць быць выкарыстаныя супраць нас. Я працягваю верыць у нас і ў грэцкую сыстэму правасудзьдзя».

Савідзі нарадзіўся ў Грузіі, але пасьля службы ў войску пераехаў у Растоў-на-Доне. Яго асноўным актывам доўгі час быў «Данскі тытунь», які пазьней стаў часткай холдынгу «Група Агроком», які належыць таксама Савідзі (у холдынг таксама ўваходзіць міжнародны аэрапорт Растова-на-Доне і гатэль у тым жа горадзе).

У 2003-м і 2007 годзе бізнэсовец быў двойчы абраны дэпутатам Дзяржаўнай думы, але ў 2012 годзе ня змог зноў стаць дэпутатам. У тым жа годзе ён набыў кантрольны пакет акцый клюбу ПАОК, які знаходзіўся на мяжы банкруцтва. Да гэтага ў Расеі ён быў прэзыдэнтам футбольных клюбаў «Растоў» і СКА (Растоў-на-Доне).

Паводле дадзеных Forbes, Савідзі актыўна ўкладае грошы ў грэцкую эканоміку. У 2013 годзе ён атрымаў у кіраваньне гатэль Macedonia Palace ў Салёніках і валодае доляй у вытворчасьці мінэральнай вады Souroti. Таксама ён у складзе кансорцыюму выйграў тэндэр на пакупку другога паводле памеру грэцкага порта ў Салёніках, а ў 2017 годзе купіў 19,63% нацыянальнага тэлеканалу Mega і яшчэ некалькі мэдыяактываў. Forbes ацэньвае капітал Савідзі ў $ 600 млн.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG