Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марсэльскага імама высылаюць з Францыі за радыкальныя казаньні


Вялікая мячэць у Парыжы
Вялікая мячэць у Парыжы

На патрабаваньне міністра ўнутраных справаў Жэрара Калёна судовая рада дала 8 сакавіка згоду на высылку з Францыі ўплывовага імама салафітаў альжырца Эль-Хадзі Дудзі. Пра гэта паведамляе газета Le Monde.

Імам абвінавачваецца ў прапаведваньні радыкальных антысэміцкіх ідэяў сярод прыхаджан яго мячэці ў Марсэлі. Адвакат імама Набіль Будзі прапанаваў францускаму правасудзьдзю не высылаць ягонага падабароннага ў абмен на зрачэньне сану і спыненьне казаньняў.

Рада дэпартамэнта, якая прымае рашэньне аб высылцы з краіны, адзначае, што ў дачыненьні да сьветапогляду Дудзі досыць доўгі час «пераважалі беспакаранасьць, якая наносіла шкоду асноватворным каштоўнасьцям Рэспублікі».

Эль-Хадзі Дудзі прыехаў у Францыю ў 1981 годзе. Паводле інфармацыі спэцслужбаў, ад 2013 да 2017 году імам заклікаў у сваіх казаньнях да «расправы зь нявернымі» і надзвычай нэгатыўна выказваўся аб габрэйскім народзе. Падчас слуханьня ў сераду Эль-Хадзі Дудзі таксама прызнаўся ў тым, што дазваляў сабе выказваньні, якія апраўдваюць зьбіцьцё камянямі ў якасьці пакараньня за шлюбную здраду.

У 2005-2006 гадах на сваім сайце ён актыўна асудзіў публікацыю ў дацкай прэсе карыкатураў на прарока Мухамада і застаўся пры гэтым самым меркаваньні пасьля нападу на рэдакцыю францускага выданьня Charlie Hebdo ў 2015 годзе.

Адвакат імама абвінаваціў суд у выкарыстаньні ў якасьці доказнай базы вырваных з кантэксту урыўкаў казаньняў. Паводле яго, Дудзі прадстаўляе артадаксальную плынь ісламу, якая можа, на думку ўладаў, балянсаваць на мяжы дапушчальнага, аднак «ён не заклікае да джыгаду або тэрарызму». Словы адваката падае газета Le Monde.

Мячэць Ас-Суна, у якой прапаведаваў Дудзі, разьмешчаная ў адным з самых бедных кварталаў Марсэлю і зьяўляецца адной зь пяці самых вялікіх у горадзе. У сярэдзіне сьнежня пастановай прэфэктуры паліцыі дэпартамэнту Буш-дзю-Рон яна была зачыненая на шэсьць месяцаў. У сьнежні 2017 году года прэфэкт паліцыі адзначыў, што сярод прыхаджан мячэці апошнімі гадамі былі людзі, якія далучыліся пасьля да групоўкі Аль-Каіда або выправіліся ваяваць у Сырыю і Ірак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG