Маме – помнік у цэнтры гораду, бацьку – яма ў лесе
Упершыню матэрыял апублікаваны 7 сакавіка 2018 года

Зіне Кацар 93 гады. Яе маці — Матруна Маркевіч, аўтарка арнамэнту на дзяржаўным сьцягу БССР і сучасным дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусі. Яе бацька — Аляксей Маркевіч, «вораг народу», расстраляны ў 1937 годзе. Пра сапраўдную гісторыю сваіх бацькоў яна даведалася, калі ўжо выйшла на пэнсію. Цяпер сям’я аднаўляе памяць пра сваіх продкаў. Карыстаючыся тым, што ўлады шануюць маці, сваякі спрабуюць паставіць помнік па бацьку — на месцы масавых расстрэлаў пад Воршай.

Дзед нікому не распавядаў, што арнамэнт на сьцягу выткала ягоная сястра

Зіна Кацар жыве ў вёсцы Палянка

Дзіна Пракопаўна і Зіна Кацар

30 сакавіка 1995 году на сваім лецішчы пад Менскам згарэў Міхаіл Сяргеевіч Кацар, доктар мастацтвазнаўства. Ад распаленай печы загарэлася коўдра, што выклікала пажар. У агні згарэлі ўсе ягоныя архівы — матэрыялы з этнаграфіі, якія ён зьбіраў яшчэ з 1930-х гадоў.

«Быў бы ў жывых, ён бы распавёў шмат», — кажа Дзіна Пракопаўна Кацар. Міхаіл Кацар — родны брат ейнай бабулі Матруны (Матроны) Маркевіч.

Сям’я Маркевічаў, фота 1920-х

Гісторыю сваёй сям’і Дзіна Пракопаўна дазнавалася не ад старэйшых сваякоў, але з падручнікаў і архіваў КДБ. Да 1990-х гадоў яна не падазравала, што яе бабуля — нікому не вядомая сялянка зь Сеньненшчыны — аўтарка арнамэнту на дзяржаўным сьцягу БССР, а з 1995 году — і новым дзяржаўным сьцягу Беларусі.

Пра тое, як арнамэнт яе бабулі трапіў на дзяржаўны сьцяг БССР, Дзіна Пракопаўна прачытала ў газэтах. Усё гэта адбылося дзякуючы Міхаілу Кацару. Ён быў этнографам, яшчэ ў 1930-я зьбіраў узоры народнай вышыўкі для Беларускага прамысловага савету. На падставе сабраных ім матэрыялаў выдаваліся альбомы арнамэнтаў. Альбомы передавалі на прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці, каб там рабілі тканіну з народным матывамі.

Малюнак арнамэнту Матруны ў рукапісе Міхаіла Кацара

У архівах Міхаіла Кацара былі эскізы вышыўкі і Матруны Маркевіч (у дзявоцтве Кацар). Але пра тое, што Матруна — ягоная сястра, амаль ніхто ня ведаў. Калегам ён не распавядаў пра сваяцтва з Матрунай, а сваякам — пра тое, што скарыстаў сястрын арнамэнт.

«Гэта вядома было, хоць нідзе і не публікавалася, — распавёў Свабодзе доктар этнаграфіі, прафэсар Яўген Сахута. — Ці ён сам распавядаў, ці што. Але гісторыю пра Матруну Маркевіч ведалі. Па руках доўгі час хадзіў ягоны рукапіс, і ў культурным асяродку пра гэта было вядома».

Яўген Міхайлавіч Сахута працуе ў Інстытуце этнаграфіі Нацыянальнай акадэміі навук. Ён рыхтаваў да друку апошнюю кнігу Міхаіла Кацара — «Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка». У копіі рукапісу, што захавалася ў Сахуты, акурат прыгадваецца гісторыя пра Матруну Маркевіч. Ёсьць і замалёўка ручніка, зь якога быў узяты арнамэнт.

Яўген Сахута захаваў рукапіс Міхаіла Кацара

Сьцяг БССР (1919-1927

Сьцяг БССР (1927-1937)

Сьцяг БССР (1937-1951)

Сьцяг БССР (1951-1991)

Як прымалі сьцяг ў БССР

Да 1950-х гадоў усе савецкія рэспублікі мелі амаль ідэнтычныя сьцягі: серп і молат з зоркай на чырвоным палотнішчы, а пад ім абрэвіятура накшталт УРСР ці Qazaq SSR/Казахская ССР. Аднак пасьля вайны ўлады вырашылі распрацаваць адрозныя сьцягі. Пільная патрэба ўзьнікла пасьля ўключэньня Беларускай і Ўкраінскай ССР у склад дзяржаваў-заснавальніц ААН (гэтага дамагалася Масква, каб мець там дадатковыя галасы).

Сьцяг БССР быў адзіным савецкім сьцягам, які меў нацыянальны арнамэнт. У 1951 годзе камісія пры Акадэміі навук разглядала ўзоры розных варыянтаў. Іх узялі з даваенных архіваў Беларускага прамысловага савету. Абралі ўзор, які расшыфроўваўся як «узыход сонца». Спыніліся менавіта на тым арнамэнце, бо яго было прасьцей вышываць пры машыннай вытворчасьці.

Міхаіл Кацар

У камісію, якая распрацоўвала сьцяг, запрасілі і Міхаіла Кацара. У ягоным рукапісе апісваецца тая падзея:

«У 1951 годзе мяне запрасіў прэз. АН БССР Грашчанкоў і сказаў, што Вярхоўны Савет БССР даручыў АН БССР стварыць эскіз сьцяга БССР і што Акадэмія навук даручае гэта сэктару выяўленчага мастацтва. Пры гэтым было сказана, што сьцяг мусіць быць арыгінальным і адрозьнівацца ад сьцягоў іншых рэспублік. Але галоўнае, каб сьцяг выказваў асноўную ідэю народу і дзяржавы Беларусі.

І вось у старых архівах быў выяўлены арнамэнтальны ўзор, які азначаў Узыходзячае сонца. Ён быў вышыты на ручніку сялянкі Маркевіч М. зь вёскі Касьцелішчы Сеньненскага раёну. Вось гэты ўзор і быў пакладзены ў аснову арнамэнтальнага ўзору сьцяга».

Думалі, што бацька ў Сыбіру, а яго расстралялі ў Воршы

Дзіна і Зіна Кацары зьбіраюць дакумэнты пра сваіх маці і бацьку

Дзіна Пракопаўна мяркуе, што Міхаіл Кацар хаваў гісторыю пра сваю сястру, каб ня трапіць пад рэпрэсіі. Рэч у тым, што Аляксей Маркевіч, муж Матруны, быў «ворагам народу». Яго рэпрэсавалі ў 1937 годзе. А таму кожная згадка пра сваяцтва з жонкай «ворага народу» магла каштаваць Кацару жыцьця.

«Міхаіл Сяргеевіч нічога не гаварыў. Ніколі і нідзе, — кажа Дзіна Пракопаўна. — Цуд, што ён выратаваўся. Ён і казаў: „Я ад Сталіна сыйшоў — ад рэпрэсіяў, і ад Гітлера сышоў“. Так шыфраваўся чалавек, што мы ня ведалі нічога».

Пра лёс свайго дзеда Дзіна Кацар даведалася таксама позна — праз 60 год пасьля ягонага арышту. Да 1997 году нашчадкі былі ўпэўненыя, што рэпрэсаванага дзеда Аляксея адправілі ў высылку ў Сыбір.

А потым Аркадзь, родны дзядзька Дзіны Пракопаўны, атрымаў адказ зь Віцебскага КДБ. У ім гаварылася, што Аляксея Маркевіча расстралялі ў 1937 годзе ў Воршы. У 1989-м яго пасьмяротна рэабілітавалі.

«Мы думалі, што ён далёка сагнаты, — распавядае Зіна Аляксееўна, дачка Аляксея і Матруны. Сёньня яна жыве ў Смалявіцкім раёне каля Менску. — І вось мой бацька за свае рукі, за сваю працу загінуў».

Зіна Кацар

Аляксей Маркевіч быў багатым чалавекам на вясковыя меркі. Вырабляў са скуры боты і чамаданы, гнаў дзёгаць. Сям’я мела вялікі дом. Усяму гэтаму зайздросьцілі суседзі.

«Сусед наш Саўка пісаў даносы на бацьку, — кажа Зіна Аляксееўна. — Людзём было зайздросна. Ляксея такая пабудова добрая, і дзелавы быў на ўсе рукі».

Аляксей і Матруна Маркевічы

Зьвесткі пра прысуд яму ёсьць у «Картатэцы Сталіна». Арыштаваны 10 кастрычніка за антысавецкую агітацыю. Асуджаны «тройкай» 15 кастрычніка ў Воршы. Расстраляны 2 лістапада 1937 году.

Пасьля арышту бацькі Матруна зь дзецьмі зьбегла з дому і хавалася ў сваякоў. Чатыры наступныя гады, пакуль не пачалася вайна, да іх ставіліся як да сям’і «ворага народу». Іх адпраўлялі рыць канавы і прыбірацца ў лесе. За працу нічога не плацілі. Ад голаду памерлі двое з шасьці дзяцей.

Перасьледы Маркевічаў скончыліся толькі пасьля вайны. Суседа Саўку, які пісаў усе даносы, асудзілі. Яму далі 8 гадоў за тое, што рваў каласкі на калгасным полі.

Даведка КДБ, зь якой стала вядома пра расстрэл бацькі ў Воршы

Улады пра месца расстрэлу: «Гэта было на ўзроўні чутак»

Матруне Маркевіч усталявалі памятны знак у Сяньне ў 2015 годзе

У 2015 годзе ў цэнтры Сянна адкрылі помнік Матруне Маркевіч. У краязнаўчым музэі ёй прысьвечаны асобны стэнд. Калі стала вядома, што яна аўтарка арнамэнту на дзяржаўным сьцягу, Матруна зрабілася адной з гераіняў раёну. Сваякоў цяпер запрашаюць на афіцыйныя імпрэзы, у дачкі Зіны Аляксееўны і ўнучкі Дзіны Пракопаўны часта бяруць інтэрвію.

Зусім па-іншаму ўшанаваная памяць іхнага бацькі і дзеда. Хоць у адказе КДБ напісана, што ён расстраляны ў Воршы, ніхто ня ведае, дзе ён пахаваны. Афіцыйна вядома пра два месцы расстрэлаў на ўскраінах гораду — гэта Кабыляцкая гара і лес уздоўж Магілёўскай шашы. Але помніка загінулым няма ні ў водным месцы.

Яшчэ ў 1982 годзе аршанскія ўлады прызналі, што на Кабыляцкай гары і каля Магілёўскай шашы НКВД праводзіла расстрэлы. Каля былой вёскі Кабылякі выявілі парэшткі 50 чалавек з адтулінамі ў лобавай частцы чарапоў.

«Усе жыхары пацьвярджаюць, што расстрэлы савецкіх людзей праводзіліся ў 1937-1939 гадах органамі НКУС, — напісана ў акце, які склалі пракурор, лекар-судмэдэкспэрт, прадстаўнікі міліцыі, вайсковага камісарыяту і Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. — У гэты пэрыяд лес на так званай „Кабыляцкай гары“ быў месцам масавых расстрэлаў ні ў чым не вінаватых людзей, гэтаксама як лясны масіў уздоўж Магілёўскай шашы ў в. Паддубцы».

Нашчадкі Матруны і Аляксея ўпершыню пабывалі на Кабыляцкай гары ў красавіку 2017 году.

«Там жудаснае месца! Лес, бур’ян, сучча», — так апісвае Зіна Аляксееўна месца пад Воршай, дзе, верагодна, ляжыць яе бацька.

Валун з памятнай шыльдай на Кабыляцкай гары паставілі ў 1990 годзе. Але з таго часу шыльду некалькі разоў скрадалі

У 1990 годзе аршанскія ўлады паставілі тут помнік ахвярам рэпрэсіяў — валун з шыльдай. Школьнікі з бліжэйшай вёскі Андрэеўшчыны пэўны час даглядалі мясьціну. Паводле Ігара Казьмерчака, старшыні моладзевага аб’яднаньня «Зьвяз», цяпер улады не даглядаюць Кабыляцкую гару. Двойчы на год — на Радаўніцу і на Дзяды — тут прыбіраюцца сваякі рэпрэсаваных і гарадзкія актывісты. Таксама няма шыльды на валуне — яе некалькі разоў выкрадалі.

Аднак у райвыканкаме Свабодзе заявілі, што за Кабыляцкай гарой сочаць і прыбіраюць там сьмецьце. На пытаньне пра мэмарыял на гэтым месцы Ганна Сьвятлова, кіраўніца аддзелу культуры Аршанскага райвыканкаму, сказала, што пакуль дакладна невядома, ці на Кабыляцкай гары ёсьць пахаваньні.

— Іх, разумееце, узаконіць трэба, могілкі. Праводзіць яшчэ дасьледаваньні, ці насамрэч там пахаваныя людзі. Ці там проста расстрэльвалі, але там жа не пахаваны ніхто.
— Невядома, ці там месца масавых пахаваньняў?
— Так. Месца расстрэлу, хутчэй за ўсё. Як кажуць нашыя гісторыкі. Пахаваньняў там няма.
— Быў жа акт 1982 году, дзе фармулёўка была «пахаваныя».
— Не, там не пахаваныя, а расстраляныя.
— У пачатку 1990-х былі матэрыялы ў друку, апытвалі сьведкаў, якія распавядалі, што там насамрэч расстрэльвалі людзей.
— Гэта было на ўзроўні чутак.

Цяпер, па словах чыноўніцы, праводзяцца «гістарычныя дасьледаваньні». Музэй гісторыі і культуры Воршы працуе з архівамі, каб пацьвердзіць, ці Кабыляцкая гара была месцам масавых расстрэлаў і пахаваньняў у сталінскія часы.

Пакуль выканкам шукае новыя доказы, Кабыляцкая гара ператвараецца ў народны мэмарыял. З кожным годам вакол валуна зьяўляецца новыя крыжы з імёнамі рэпрэсаваных і забітых пад Воршай. Некаторыя вешаюць мэдальёны з фатаздымкамі сваіх продкаў. Гэтаксама плянуюць зрабіць Кацары-Маркевічы.

«Значыць, трэба самім рабіць. Іншага выйсьця ў нас няма», — кажа Дзіна Пракопаўна.