Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве паліцыя затрымала Аляксея Навальнага і Леаніда Волкава


Аляксей Навальны і Леанід Волкаў.

У Маскве ў чацьвер быў затрыманы апазыцыйны расейскі палітык Аляксей Навальны. Пра гэта ён сам паведаміў у Твітары.

За паўгадзіны да гэтага ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева супрацоўнікамі гэтага ж падразьдзяленьня паліцыі быў затрыманы кіраўнік фэдэральнага штабу Навальнага Леанід Волкаў. Ён павінен быў вылецець ва Ўфу, дзе плянаваў правесьці сустрэчу з мясцовымі валанцёрамі і прыхільнікамі апазыцыйнага палітыка.

Навальнага пазьней адпусьцілі з паліцыі. Апазыцыянэру ўручылі пратакол аб тым, што ў дачыненьні да яго распачата адміністрацыйная справа па артыкуле аб «паўторным парушэньні правілаў правядзеньня мітынгу». Палітыку пагражае да 30 сутак арышту, аднак па якой дакладна справе і калі будзе суд, пакуль невядома.

Кіра Ярмыш, прэс-сакратар Навальнага заявіла Радыё Свабода, што затрыманьне апазыцыянэра можа быць зьвязана з акцыямі 28 студзеня ў падтрымку «Страйку выбаршчыкаў».

На гэтым тыдні суд у Маскве арыштаваў на 10 сутак дырэктара Фонду барацьбы з карупцыяй Рамана Рубанава, які таксама быў затрыманы ў Шарамецьцева. На Рубанава быў складзены пратакол аб парушэньні правілаў арганізацыі масавых мерапрыемстваў — з прычыны акцыі 28 студзеня ў падтрымку «Страйку выбаршчыкаў».

30 студзеня ў Шарамецьцева былі затрыманыя Кіра Ярмыш і прэс-сакратар кампаніі палітыка Руслан Шаведзінаў. Іх абвінавацілі ў арганізацыі «Страйку выбаршчыкаў». Яны атрымалі пяць і восем сутак арышту адпаведна.

28 студзеня ў дзесятках гарадоў Расеі прайшлі акцыі ў падтрымку забастоўкі выбаршчыкаў, да якой заклікаў Аляксей Навальны пасьля таго, як яму адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах. У акцыях удзельнічалі тысячы чалавек. Па ўсёй краіне былі затрыманыя 350 актывістаў.

XS
SM
MD
LG