Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёгкае і спакойнае» — слоган Радыё Relax, дзе можна пачуць Караткевіча, Разанава, Марціновіча


Паўтара месяца таму на частаце 87,5 FМ зьявілася новая беларускамоўная радыёстанцыя зь лёгкай музыкай — Радыё Relax. У эфіры няма навінаў і звыклых вядучых, замест размоваў — кароткія ўрыўкі зь літаратурных твораў, цытаты, мудрыя думкі знакамітых людзей, прагнозы надворʼя, конкурсы і шмат лёгкай, спакойнай музыкі.

Галоўны рэдактар, генэральны прадусар Радыё Relax Аляксандар Ажынскі расказаў Свабодзе, чаму беларуская мова больш арганічна спалучаецца з рамантычнымі гітамі, лёгкай і спакойнай музыкай для рэляксу.

— У Беларусі вяшчае ўжо больш за 20 FM радыёстанцый. Здавалася б, якіх толькі няма — цяжка канкураваць. Чаму абралі такі фармат — «лёгкі і спакойны» — як вы самі сябе пазыцыянуеце?

— Якраз таму, што гэтага і не хапала — не было радыёстанцыі, якая б грала лёгкую ды спакойную музыку. Вось і вырашылі зрабіць Радыё Relax з лаўндж-музыкай, клясыкай, рамантычнымі гітамі, кавэрамі на сучасныя гіты. Здаецца, сваю аўдыторыю мы знайшлі, мяркуючы па водгуках.

Хутка будуць замеры і лічбы рэйтынгаў, тады і пабачым.

Аляксандар Ажынскі
Аляксандар Ажынскі

— Ня так шмат беларускамоўных станцый, акрамя «Сталіцы» нічога і не прыгадаю. Чаму абралі беларускую мову?

— Калі мы кажам пра Радыё Relax, мы маем на ўвазе лёгкую, спакойную, вельмі мэлядычную музыку. У нейкі момант мы зразумелі: калі мы абяром беларускую мову, усё разам будзе гучаць больш арганічна, мілагучна, прыемна. Усё ж наша мова больш прыгожая, мяккая, яна больш прыдатная менавіта для рэляксу.

Мы амаль паўгода шукалі чалавека, які запіша абвесткі так, як нам патрэбна. Перабралі вельмі шмат актораў, дыктараў, запісалі шмат розных варыянтаў, пакуль не знайшлі тое, што цяпер гучыць. Гэта актор Аляксандар Цімошкін, дарэчы, заслужаны артыст Беларусі. Тут жа справа ня толькі ў тэмбры, але і ў інтанацыйных момантах. Ёсьць вельмі прыемныя галасы, але людзі ня могуць гаварыць па-беларуску без акцэнту.

— Давайце пагаворым пра кантэнт. Якія прынцыпы адбору літаратурных твораў, цытат, якімі вы разбаўляеце музыку?

— Першы прынцып — тэкставыя ўстаўкі даволі кароткія. Гэта невялікія ўрыўкі, літаральна 1–2 абзацы. Па-другое, радыё — гэта эмоцыі, і адной музыкай цяжка выклікаць эмоцыі. Таму мы вырашылі дадаць у эфір нейкі тэкст. Але замест звыклых вядучых, якія часьцяком проста балбочуць у эфіры ці прамаўляюць нейкі тэкст, абвяшчаюць, якая песьня будзе далей, мы вырашылі паставіць у эфір трапныя цытаты знакамітых людзей, урыўкі зь літаратурных твораў.

Усё ж наша мова больш прыгожая, мяккая, яна больш прыдатная менавіта для рэляксу

Выбіраем мы гэтыя фрагмэнты вельмі проста. Павінна быць завершаная думка ў адным-двух абзацах. Пажадана пра жыцьцё, каханьне, філязофскія роздумы — тое, што спрыяе добраму настрою. То бок наша радыё павінна выклікаць толькі станоўчыя эмоцыі, ствараць добры настрой, ратаваць людзей ад мітусьні.

— А беларуская мова — прынцыповы момант? Гучыць жа і расейская мова на вашым радыё.

— Так. Мы не перакладаем на беларускую мову расейскую літаратуру. Калі гэта творы замежных аўтараў і ёсьць пераклад на беларускую мову, чытаем па-беларуску. Калі прафэсійнага перакладу на беларускую мову няма, а ёсьць на расейскую — чытаем па-расейску. Самі не адважваемся перакладаць мастацкую літаратуру, бо пераклад павінен быць прафэсійны.

А вось цытаты мы абавязкова перакладаем на беларускую. Цяпер у эфіры абвешчана гульня — да дня сьвятога Валянціна прымаем цікавыя гісторыі каханьня, будуць прызы ад «Камунаркі». Дарэчы, даволі шмат гісторый слухачы дасылаюць па-беларуску, некаторыя — па-расейску. Але тыя, якія адбяром для эфіру, абавязкова прагучаць па-беларуску. З расейскай мовы перакладзем. Гэта прынцыповы момант.

— Якія літаратурныя творы гучаць у эфіры? Хто іх адбірае?

— Зь беларускіх пісьменьнікаў чытаем Уладзімера Караткевіча, фрагмэнты зь «Дзікага паляваньня караля Стаха», з «Ладзьдзі роспачы», з «Каласоў пад сярпом тваім». Чытаем Яна Баршчэўскага, Максіма Гарэцкага — «Дзьве душы». Гучаць урыўкі з твораў сучасных літаратараў — Алеся Разанава, Людмілы Рублеўскай, Віктара Марціновіча (у прыватнасьці, фрагмэнты з «Возера радасьці» і «Мовы»).

Дарэчы, адбор даволі строгі — мастацкая рада, сурʼёзныя людзі даюць дабро. Але пакуль мы толькі на пачатку шляху — будзем разьвівацца, шукаць новыя формы.

Страта роднай мовы — на другім месцы сярод фобіяў беларусаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG