Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія гатэлі запоўненыя ў сярэднім на 45%, але ў 2018 годзе чакаецца адкрыцьцё трох новых


Ілюстрацыйнае фота. Гатэль «Мінск»

Загрузка менскіх гатэляў у 2017 годзе павялічылася да 45%, паведаміў начальнік Упраўленьне бытавога і гатэльнага абслугоўваньня насельніцтва Менгарвыканкаму Юры Натычка, паведамляе БЕЛТА.

«Паводле апэратыўных дадзеных, загрузка гатэляў складае каля 45%, у параўнаньні з 2016 годам яна павялічылася на 5%. Па камунальных гатэлях, якія знаходзяцца ў нашым падначаленьні, — трохі вышэй», — адзначыў Юры Натычка.

Паводле чыноўніка, найбольшым попытам карысталіся гатэльныя нумары ў навагоднія сьвяты, сярэдняя загрузка з 30 сьнежня па 10 студзеня складала крыху менш за 80%, у пэўныя даты запаўняльнасьць дасягала 100%.

У 2018 годзе ў Менску чакаецца адкрыцьцё яшчэ трох новых гатэляў на 300 нумароў, паведаміў БЕЛТА Юры Натычка. Увесну павінен запрацаваць гатэль па вуліцы Гандлёвай, які будзе эксплюатавацца пад брэндам францускай сеткі. Яшчэ два гатэльныя комплексы зьявяцца ў раёне кінатэатру «Перамога» і аквапарку «Лябяжы». Паводле чыноўніка, разьвіцьцё канкурэнцыі ў сфэры аказаньня гатэльных паслуг паспрыяла зьніжэньню коштаў на пражываньне: на працягу апошніх шасьці гадоў штогод у сярэднім тарыфы памяншаюцца ў даляравым эквіваленце на 3-7%, а ў пэўныя пэрыяды — на 10%.

Як сказаў Юры Натычка, усяго ў Менску цяпер функцыянуе 51 гатэляў агульнай умяшчальнасьцю каля 6 тысяч нумароў. Інтэрнэт-партал «Гатэлі Беларусі» паведамляе, што ў сталіцы 60 гатэляў, гатэльных комплексаў, матэляў і хостэлаў.

Вялікая колькасьць гатэляў была пабудаваная ў сталіцы да чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году — напярэдадні чэмпіянату ў 2012 годзе паведамлялася, што плянуецца адкрыцьцё і рэканструкцыя 45 гатэляў, у 2014 пісалі пра 14 гатэляў, якія будуюцца ў сталіцы да чэмпіянату сьвету па хакеі ў траўні 2014 году, аднак ня ўсе зь іх былі адкрытыя.

«Хакейныя» гатэлі: адны — недабудаваныя, другія — звышдарагія

Самы вядомы гатэльны недабуд сталіцы, які ня так даўно выкупіў расейскі «Сбербанк», прыйшоў у непрыдатнасьць і патрабуе аднаўленьня.

Нядаўна быў прызначаны аўкцыён па продажы яшчэ аднаго недабудаванага ў Менску гатэлю — Hyatt Regency на Старавіленскім тракце, але ён не адбыўся «праз адсутнасьць заявак» — не знайшлося пакупнікоў.

У той жа час у Менску працягваюць будувацца і адчыняцца новыя гатэлі. У сьнежні 2017 году на вуліцы Кастрычніцкай у Менску быў адчынены гатэль Willing Hotel.

XS
SM
MD
LG