Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп можа скараціць фінансаваньне Палестынскай аўтаноміі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў урэзаць фінансаваньне Палестынскай аўтаноміі за нежаданьне весьці мірныя перамовы з Ізраілем.

«Мы плацім мільярды даляраў ні за што ня толькі Пакістану. Напрыклад, мы плацім палестынцам сотні мільёнаў даляраў у год, але яны гэтага не шануюць. Яны нават ня хочуць весьці перамовы аб міры з Ізраілем», — напісаў Трамп ў Twitter.

Прадстаўнік «Арганізацыі вызваленьня Палестыны» Ханан Ашраўі, камэнтуючы паведамленьне Трампа, заявіла, што кіраўніцтва аўтаноміі не паддасца на «шантаж» амэрыканскага прэзыдэнта.

Агенцтва Associated Press са спасылкай на Дзярждэпартамэнт ЗША паведамляе, што з 2012 па 2016 год Вашынгтон вылучыў Палестынскай аўтаноміі больш за 1,5 мільярдаў даляраў у рамках гуманітарнай дапамогі. Акрамя гэтага, ЗША штогод пералічваюць палесцінскім уладам 100 мільёнаў даляраў на ўтрыманьне службаў бясьпекі. Па дадзеных Сусьветнага банку, альтэрнатывы фінансавай дапамогі ЗША для Палестынскай аўтаноміі цяпер няма, адзначае агенцтва.

Напярэдадні стала вядома, што ЗША могуць спыніць фінансаваньне Пакістану ў рамках праграмы ў барацьбе з тэрарызмам. У Вашынгтоне мяркуюць, што Ісламабад пакрывае тэрарыстаў, зь якімі Злучаныя Штаты змагаюцца ў Аўганістане.

6 сьнежня Дональд Трамп прызнаў Іерусалім сталіцай Ізраіля і даручыў перанесьці туды амэрыканскае пасольства з Тэль-Авіву. У адказ лідэр палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС Ісмаіл Ханія заклікаў палестынцаў да новай інтыфады.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG