Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым пагражае адмена Ўказу аб свабодным інтэрнэце ў ЗША


Пратэсты ў ЗША пасьля адмены «сеткавага нэўтралітэту»

У сярэдзіне сьнежня ў Фэдэральнай камісіі сувязі ЗША прайшло галасаваньне наконт лёсу прынцыпу «сеткавага нэўтралітэту». Трое зь пяці членаў камісіі прагаласавалі за адмену Ўказу аб свабодным інтэрнэце, прынятага ў 2015 годзе пры прэзыдэнце Бараку Абаме.

Камісія таксама прыняла новы дакумэнт — ініцыятыву аб вяртаньні свабоднага інтэрнэту. Яна дае правайдэрам больш паўнамоцтваў для выбарачнага абмежаваньня доступу да інтэрнэт-рэсурсаў на карысьць пэўных патокаў дадзеных. Збольшага гэта барацьба ўнутры ЗША. Апанэнты ініцыятывы і яе прыхільнікі спрачаюцца пра выбар спажыўцоў і пра тое, як будзе працаваць інтэрнэт. Тым ня менш, адмена «сеткавага нэўтралітэту» можа зрабіць значны ўплыў на карыстальнікаў і за межамі ЗША, асабліва гэта можа закрануць тых, хто рэгулярна выкарыстоўвае амэрыканскія сеткавыя рэсурсы.

Зьмены, хутчэй за ўсё, адбудуцца не раптоўна. Аднак многія крытыкі папярэджваюць: у доўгатэрміновай пэрспэктыве карыстальнікі інтэрнэту ва ўсім сьвеце, магчыма, ня будуць ведаць, якія прадукты ці паслугі яны страчваюць з прычыны адмовы ЗША ад прынцыпу «сеткавага нэўтралітэту».

Што такое прынцып «сеткавага нэўтралітэту»?

Тэрмін «сеткавы нэўтралітэт» увёў у карыстаньне ў 2003 годзе прафэсар Калюмбійскага ўнівэрсытэту Тым Ву. Гэта прынцып, паводле якога інтэрнэт-правайдэр мусіць аднолькава апрацаваць усе дадзеныя, дасланыя кліентам. Па сутнасьці, ён забараняе правайдэру выбіраць, якія дадзеныя перадаваць хутчэй і доступ да якіх сайтаў будзе заблякаваны або абмежаваны. Блогер Адам Банэр патлумачыў прынцып «сеткавага нэўтралітэту» прасьцей: «Уявіце сабе, што вы карыстаецеся пошукавікам Google, а ваш сусед — пошукавікам Bing. Але ваш агульны правайдэр атрымлівае грошы ад Bing і таму запавольвае працу Google, Yahoo і іншых пошукавікаў. <...> сеткавы нэўтралітэт патрэбны для таго, каб не дапусьціць гэтага ».

Чаму прынцып «сеткавага нэўтралітэту» важны?

Прынцып сеткавага нэўтралітэту усталяваны законам больш чым у 40 краінах, улучна са Злучанымі Штатамі і дзяржавамі Эўрапейскага зьвязу. Праз рашэньне Фэдэральнай камісіі сувязі ЗША роўнасьць у кібэрпрасторы, як лічаць экспэрты, можа зьнікнуць. Кампаніі або прыватныя асобы, якія жадаюць атрымаць доступ да больш свабоднага ці больш хуткага правайдэра, будуць плаціць больш. Гэта можа прывесьці да зьяўленьня дзьвюх клясаў інтэрнэт-карыстальнікаў: у адных ёсьць грошы і інфармацыя, у другіх няма ні таго, ні таго.

«Адмена „сеткавага нэўтралітэту“ ў ЗША можа пакласьці канец адкрытаму, здольнаму да ўзаемадзеяньня свабоднаму інтэрнэту, — лічыць Куін Макк’ю, намесьнік выканаўчага дырэктара брытанскай некамэрцыйнай арганізацыі Article 19. — Узьнікае пытаньне, наколькі гэтае недальнабачнае рашэньне ўзбагаціць кампаніі, якія ўсталявалі амаль поўную манаполію на кантроль над інтэрнэтам у ЗША, адаб’ецца на свабодзе выказваньня меркаваньняў у сеціве».

Напрыклад, калі кампанія з балканскіх краінаў, з Расеі або Цэнтральнай Азіі разьвівае уласны сэрвіс патокавага відэа, то правайдэр можа запаволіць яго перадачу. Так будзе адбывацца, калі арганізацыя не пагодзіцца заплаціць больш высокую цану за пашырэньне сваёй прадукцыі. Відавочна, што гаворка ідзе ня толькі пра забаўляльны кантэнт.

Амэрыканскі некамэрцыйны навукова-выдавецкі праект Public Library of Science папярэдзіў: рашэньне Фэдэральнай камісіі адчыняе дзьверы для карпаратыўнай і ўрадавай цэнзуры. Даючы правайдэрам магчымасьць самастойна генэраваць трафік, улады значна ўскладняць доступ да навуковай інфармацыі па ўсім сьвеце. «Калі вы хочаце пашыраць іншую культуру ў ЗША і пачынаеце кіраваць вялікай колькасьцю інтэрнэт-трафіку праз тэрыторыю Злучаных Штатаў, то вам давядзецца выкарыстоўваць правайдэраў, якія могуць задушыць вас», — лічыць Дуэйн Вінсэк, прафэсар Карлтанскага ўнівэрсытэту ў Атаве і дырэктар канадзкага навукова-дасьледчага праекту ў сфэры мэдыяў.

Ці можа адмова ад прынцыпу паўплываць на абарону правоў чалавека?

Як і ў многіх іншых галінах, у сфэры інтэрнэту Злучаныя Штаты ўспрымаюцца як сусьветны лідэр. Таму крытыкі гэтага рашэньня асьцерагаюцца, што паслабленьне сыстэмы рэгуляцыі заахвоціць іншыя краіны да ўзлому сыстэмы адкрытага інтэрнэту. Эстэль Маса, палітоляг Access Now (няўрадавая міжнародная арганізацыя, якая выступае за свабодны інтэрнэт), выказала сваё меркаваньне аб новым абмежаваньні ЗША: «Адмена „сеткавага нэўтралітэту“ ізалюе ЗША ад надзвычай важнай праблемы, якая тычыцца будучыні інтэрнэту — як рухавіка інавацыяў і пляцоўкі для абароны правоў чалавека, на шкоду карыстальнікам».

Некаторыя крытыкі ўпэўненыя, што адмена «сеткавага нэўтралітэту» ЗША зможа прадухіліць палітычныя і грамадзкія падзеі, падобныя да «арабскай вясны» — тады сацыяльныя сеткі адыгралі важную ролю ў арганізацыі кампаніяў руху антыўрадавага пратэсту ў краінах Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі. «Амэрыканцы — не адзіныя, хто пацярпіць ад рашэньня ЗША адмяніць правіла «сеткавага нэўтралітэту», — лічыць Хадзі Гаемі, выканаўчы дырэктар Цэнтру правоў чалавека ў Іране. На яго думку, рашэньне Злучаных Штатаў можа даць «зялёнае сьвятло» аўтарытарным краінам, напрыклад Ірану , у працягу палітыкі рэпрэсій. «Інтэрнэт — гэта самае каштоўнае вынаходніцтва XX стагодзьдзя, і мы мусім змагацца за яго свабоду. ЗША павінны, фігуральна кажучы, несьці паходню „сеткавага нэўтралітэту“, а не прытрымлівацца інтарэсаў самадзержцаў», — мяркуе Гаемі.

Ці могуць ад гэтага выйграць іншыя краіны?

Адным з аргумэнтаў на карысьць адмены «сеткавага нэўтралітэту» зьяўляецца тое, што гэты прынцып перашкаджаў інвэстыцыям і інавацыям, а гэта магло, у сваю чаргу, нанесьці шкоду росту і разьвіцьцю інтэрнэту. У канчатковым выніку рашэньне можа стаць дабром для інаватараў за межамі ЗША — але толькі ў тым выпадку, калі амэрыканскія прадпрымальнікі зразумеюць, што яны знаходзяцца ў неспрыяльным становішчы. Цяпер буйныя кампаніі марнуюць вялікія грошы, каб атрымаць хуткі доступ да інтэрнэту. Джэніфэр Е, палітычны дарадца базаванай у Вашынгтоне грамадзкай групы Free Press, адзначыў, што адмова ад «сеткавага нэўтралітэту» можа абмежаваць паступленьне новага кантэнту за межамі ЗША. Пры гэтым ён лічыць, што рашэньне Фэдэральнай камісіі можа падштурхнуць многіх людзей з інавацыйным мысьленьнем пакінуць краіну «для рэалізацыі свайго патэнцыялу дзе-небудзь у іншым месцы».

І здаецца, некаторыя гатовыя ўхапіцца за гэтую магчымасьць. «Можа, я павінна запрасіць нядаўна абдзеленых амэрыканскіх стартапэраў ў ЭЗ, каб у іх быў яшчэ адзін, справядлівы шанец?» — напісала ў Twitter камісар Эўрапейскага зьвязу ў справе лічбавага парадку дня Нэлі Крус.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG