Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка
Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка

Судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень трэці

18 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс па справе аўтараў пракрамлёўскага інтэрнэт-рэсурсу Regnum, якіх вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Гэта грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Паўлаўцу і Шыптэнку таксама выстаўленае абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Пры гэтым год яны ўжо адбылі ў сьледчым ізалятары КДБ.

За што судзяць аўтараў Regnum. Цытаты з артыкулаў

Што вядома пра фігурантаў справы Regnum

«Рэгнумаўцы» ў судзе: «Дыктатура перасьледуе нас па палітычных меркаваньнях»

Ці трэба саджаць за нелюбоў да Беларусі. 5 тэзаў Карбалевіча і Цыганкова

15:09 20.12.2017

Прапануе незалежную экспэртызу з Расеі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны

Калі гаворка ідзе пра нібыта варожасьць да Расеі, дык трэба выслухаць і меркаваньне экспэртаў з Расеі, мяркуе Шыптэнка.

«Як можа быць, што беларускія экспэрты кажуць пра распальваньне варожасьці ў Расеі да Беларусі, а ў Расеі гэтага нават не заўважылі?».

Шыптэнка паведаміў, што ад пачатку сьледзтва падсьледныя настойвалі на ўключэньні расейскіх экспэртаў у экспэртную групу па справе, але гэта ігнаравалася. Называе прозьвішчы расейскіх экспэртаў у справах экстрэмізму Кукушкіну, Галяшыну. «Ці давайце з Польшчы, зь Літвы, зь Нямеччыны запросім экспэртаў, у чым справа?»

15:07 20.12.2017

Пажартаваў наконт сувязі экспэртаў з каналам СТВ

Адвакат Ігнаценка запытала ў Шыптэнкі, ці валодае ён мэтодыкай узьдзеяньня на людзей, як гэта пра яго сьцьвярджаюць экспэрты. Шыптэнка адказаў, што такім мэтодыкам не навучаўся і згадаў беларускі тэлеканал СТВ, дзе, як ён лічыць, занадта захапляюцца паказам перадач пра шаманства, магію ды іншыя небясьпечныя, на яго думку, рэчы. Шыптэнка ня выключыў, што аўтары экспэртызы па справе Рэгнуму зьяўляюцца трывалымі гледачамі тэлеканалу СТВ.

14:47 20.12.2017

Пра сувэрэнітэт Беларусі і інтэграцыю з Расеяй

Шыптэнка лічыць, што Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі — недастатковая форма інтэграцыі паміж гэтымі краінамі, дамова аб адзінай дзяржаве, паводле Шыптэнкі, ня выкананая.

«Я заўсёды быў прыхільнікам максымальнай інтэграцыі Расеі і Беларусі». Пры гэтым Шыптэнка запэўнівае, што ён ня супраць сувэрэнітэту Беларусі і нікому не прапаноўваў адмовіцца ад яе сувэрэнітэту. «Гэта інтэрпрэтацыі маіх тэкстаў».

14:43 20.12.2017

Шыптэнка абверг зьвесткі, што раней ён нібыта прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці. «Ані да крымінальнай, ані да адміністрацыйнай адказнасьці мяне не прыцягвалі ніколі».

14:42 20.12.2017

Тэлевізара ў камэры Шыптэнкі год не было

Шыптэнка паведаміў пра ўмовы ўтрыманьня ў сваёй камэры на Валадарцы: «Да мінулай суботы ў камэры не было магчымасьці глядзець тэлебачаньне і слухаць радыё. Тэлевізара не было, радыё і цяпер не працуе». Паводле падсуднага, ён толькі атрымліваў лісты і газэты — «гэта — уся сувязь са зьнешнім сьветам».

14:41 20.12.2017

Чалавек, якому Шыптэнка пазычыў грошы, — журналіст Regnum Зотаў

Шыптэнка назваў імя чалавека, якому ў 2011 годзе пазычыў каля 4 тысяч даляраў. Гэта журналіст Regnum Зотаў. Паводле матэрыялаў справы, Зотаў пазьней пералічыў Шыптэнку пэўную суму грошай — нібыта «вяртаў доўг». Раней Шыптэнка імя Зотава як даўжніка не называў.

14:25 20.12.2017

Шыптэнка паведаміў суду, што знаёмы з Паўлаўцом даўно, а з Алімкіным пазнаёміўся 3 месяцы таму на Валадарцы. Адмовіўся, што дапамагаў Паўлаўцу у кантактах з рэсурсам lenta.ru.

14:24 20.12.2017

Пасьля перапынку працэс адноўлены.

Пракурор працягвае допыт Сяргея Шыптэнкі.

Цяпер пытаньні тычацца працы падсуднага рэдактарам часопіса «Новая эканоміка»: адкуль часопіс атрымліваў грошы? Шыптэнка даводзіць, што аўтары і сябры рэдкалегіі самі дасылалі часопісу грошы, каб падтрымаць выданьне. Аўтарам за гэта гарантаваўся экзэмпляр часопісу, сябрам рэдкалегіі гарантавалася магчымасьць надрукавацца ў выданьні.

«Гэтак больш за 10 гадоў рэалізуем гэты праект безь дзяржаўнай і зьнешняй дапамогі», — сказаў Шыптэнка.

13:14 20.12.2017

У судзе перапынак да 14.00.

13:14 20.12.2017

Шыптэнка пісаў у Regnum бясплатна

Падсудны Шыптэнка адмовіў, што атрымліваў грошы за свае артыкулы на сайце «Рэгнум». На пытаньне, чаму пагаджаўся друкавацца бясплатна, адказаў, што з-за ідэйных меркаваньняў: «Бо, як і Натальля Андрэева, я ня мог паступіцца прынцыпамі».

Прызнаў, што ведаў рэдактара аддзелу з «Рэгнум» Юрыя Баранчыка, але чаму пытаюцца толькі пра яго: «Чаму сьледчых цікавіць толькі Баранчык?»

Падсудны Шыптэнка пацьвердзіў, што карыстаўся электроннай паштовай скрыняй, якая названая ў крымінальнай справе як ягоная.

12:32 20.12.2017

Ня згодны, што «ўніжальна» ставіўся да назвы краіны, калі называў яе Белорусиией, а не Беларусьсю. «А як жа такія прыклады, як назвы газэт: „Совеская Белоруссия“, „Комсомольская правда в Белорусии“? Чаму яны застаюцца?»

12:30 20.12.2017

Зачапіў праблему карупцыі

Шыптэнка спасылаецца на леташняе інтэрвію з генпракурорам Канюком, які сказаў, што на трэць павялічылася карупцыя. «А калі пра гэта пішуць аўтары Рэгнум, хіба гэта паклёп на беларускую дзяржаву?»

12:29 20.12.2017

«Экспэрты паўсюль шукаюць здраднікаў»

Шыптэнка сказаў, што экспэрты «паўсюль шукаюць здраднікаў». Сябе здраднікам ён не лічыць.

12:28 20.12.2017

«Эўфрасіньню Полацкую неабгрунтавана запісалі ў беларускія дзеячы»

Шыптэнка пра сябе: «Пра Эўфрасіньню Полацкую аўтар падкрэсьліваў яе „агульнарасейскасьць“, а не нацыянальнасьць. Пра нацыянальнасьць у той час, калі жыла сьвятая, казаць цяжка». Экспэрты палічылі, што Шыптэнка абвінаваціў беларускія ўлады ў тым, што Эўфрасіньню Полацкую неабгрунтавана запісалі ў беларускія дзеячы".

12:27 20.12.2017

Шыптэнка абвінаваціў экспэртаў у паклёпе, нязгодны, што ён асьмейваў беларускую нацыю. «Аўтар сапраўды крытыкуе, але не беларускае як такое, а беларускіх чыноўнікаў» — Шыптэнка.

11:58 20.12.2017

Шыптэнка абвінаваціў экспэртаў у паклёпе, нязгодны, што ён асьмейваў беларускую нацыю. «Аўтар сапраўды крытыкуе, але не беларускае як такое, а беларускіх чыноўнікаў», — сказаў Шыптэнка.

11:20 20.12.2017

«Экспэртыза суб’ектыўная»

Падсудны Шыптэнка згадаў, што шмат разоў ён з адвакатам заяўляў адвод экспэртам, але гэта было праігнаравана. Падсудны ўсклаў адказнасьць за недакладасьць (як ён лічыць) экспэртызы і на Сьледчы камітэт. Мяркуе, што суд «ня можа прымаць за аснову ў сваім рашэньні такую суб’ектыўную экспэртызу».

Экспэрты зрабілі выснову пра варожасьць аўтара артыкулу да беларускай дзяржавы, але Шыптэнка нязгодны, што ён варожа ставіцца да Беларусі і беларусаў.

11:09 20.12.2017

Згадаў імя Яраслава Раманчука — калі казаў пра тое, што экспэрты чапляліся да выразаў у ягоных артыкулах:

«Той таксама ўжываў выраз „беларуская манілаўшчына“ і што? Аўтар на свабодзе».

11:08 20.12.2017

«Гэта бяздоказна»

Шыптэнка назваў гіпатэтычнай выснову экспэртаў пра тое, што ягоныя артыкулы ў Расеі могуць выклікаць незадавальненьне палітыкай уладаў Беларусі, а ў Беларусі — незадавальненьне тым, як у Расеі асьвятляюць падзеі ў Беларусі і што гэта можа спарадзіць канфлікт.

«Можа, і што? Канфлікт адбыўся?» — сказаў Шыптэнка.

11:06 20.12.2017

Мяркуе, што яго пасадзяць

Шыптэнка ў паказаньнях: «Мы ужо год у турме і на падставе гэтай экспэртызы нам дадуць яшчэ некалькі гадоў лягераў».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG