Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень першы

У Менскім гарадзкім судзе 18 сьнежня пачаўся працэс у справе аўтараў пракрамлёўскага інтэрнэт-рэсурсу Regnum, якіх вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Свабода вяла жывую тэкставую трансьляцыю.

На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Паўлаўцу і Шыптэнку таксама выстаўленае абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Яны ўжо адбылі год у СІЗА КДБ. Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі. На Баранчыка завялі асобную справу. Праваабаронцы не выключаюць, што па выніках працэсу аўтараў Regnum давядзецца прызнаць палітвязьнямі.

Што вядома пра фігурантаў справы Regnum

Што пракурор казаў пра артыкулы Шыптэнкі:

«Беларусь павольна, але ўпэўнена рухаецца да мадэлі этнічнага нацыяналізму на ўкраінскі ўзор.

Кірыла Тураўскі са старарускага багаслова штучна ператвораны ў старабеларускага мысьляра, Эўфрасіньня Полацкая падаецца як «беларуская сьвятая», беларусам абвясьцілі польскага кампазытара Міхаіла Агінскага.

Узьвялічылі магнатаў Радзівілаў, вядомых як ворагі Расеі. Зь іх зрабілі ікон Беларусі.

Радзівілаўская Біблія 16 стагодзьдзя абвешчаная шэдэўрам беларускага кнігадрукаваньня.

Слуцкія паясы ператвораныя ў беларускую каштоўнасьць.

Нібыта да фармаваньня мэнталітэту беларусаў Расея ня мае дачыненьня.

У Беларусі ўсё рускае пасьлядоўна зьнішчаецца.

Беларусы ня мелі нават граматыкі.

Беларусізацыя насаджалася «вузкім колам людзей».

У СССР беларуская мова падтрымлівалася штучна.

У беларускай мове нават няма ўсіх словаў, каб выказацца».

«Рэвізіяй гісторыі» Шыптэнка назваў тое, што нібыта 200 гадоў беларусы мараць вырвацца з-пад прыгнёту Расейскай імпэрыі.

Беларусізацыю Шыптэнка лічыць небясьпечнай. Ён прыводзіў прыклад замены назваў населеных пунктаў, указальнікаў на дарогах з расейскіх на беларускія.

Польскіх дзеячаў прыпісалі да беларусаў, як было з Адамам Міцкевічам пры Шушкевічы. Нацыянальны арнамэнт, паводле Шыптэнкі, нагадвае гітлераўскую свастыку».

Пракурор мяркуе, што Шыптэнка наўмысна правакаваў міжнацыянальную варожасьць да беларусаў.

У чым распальваньне Шыптэнкам міжнацыяльнай варожасьці?

Другі пункт абвінавачаньня Шыптэнку — за распальваньне міжнацыяльнай варожасьці празь ягоныя артыкулы «Жорсткія наступствы мяккай беларусізацыі», «Разам супраць Расеі», «Кідок на Захад. Беларусь актывізуе супрацоўніцтва з Польшчай» ды іншыя, надрукаваныя на рэсурсах «Рэгнум» у інтэрнэце.

Абвінавачваньне Шыптэнку

Пракурор перайшоў да зачытваньня абвінавачаньня Сяргею Шыптэнку.

Яго вінавацяць таксама ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ў пэрыяд з 2013 па 2016 гады. У тым ліку ў артыкулах «Вышываначнае вар'яцтва» ды іншых на пракрамлёўскім сайце «Рэгнум». Аб’ём незаконных прыбыткаў склаў 22 тысячы рублёў, кажа пракурор.

Сумы, які атрымліваў Шыптэнка: красавік 2013 году — 70 даляраў, яшчэ 70, травень: 70 і 26 даляраў, жнівень: 70, 76, 76, 304, 76, 76, 152, 140, 86, 70 , 76, 76 даляраў.

У лютым 2014-га: 75, 85, 170, 80, 85, 80 даляраў.

Усяго Шыптэнка незаконна атрымаў 22 тысячы беларускіх рублёў, мяркуе пракурор.

У выніку Дзьмітры Алімкін, паводле пракурора, учыніў злачынства паводле часткі 3 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Цытаты Алімкіна пра «сьмерць» беларускай мовы

Пракурор агучвае таксама наступныя цытаты з артыкула падсуднага:

«У цяперашні час беларуская мова незапатрабаваная. Калі хто ня ведае, беларускую мову ўжываюць толькі дыктары радыё».

«Людзі ўпарта адмаўляюцца аддаваць дзяцей у беларускамоўныя клясы».

«Беларускай мовай карыстаюцца толькі апазыцыянэры».

«Абсалютная большасьць беларусаў жадае аб’яднацца са сваей гістарычнй радзімай — Расеяй».

«У беларускай мовы ўсё роўна няма ніякіх шанцаў».

«Сталін разграміў нацыяналістаў і спыніў беларусізацыю».

Алімкін пра беларускіх русафобаў і недабітых паліцаяў

Пракурор зьвяртаецца да артыкула Алімкіна «Беларуская мова. Не мыцьцём дык катаньнем». Там гаворка вядзецца пра «беларускіх русафобаў» і беларускіх дзяцей, якім вывучэньнем беларускай мовы «сапсуюць назаўсёды мазгі». У артыкуле падсудны Алімкін беларускіх чыноўнікаў ад адукацыі называе «недабітымі паліцаямі». Беларусую мову Алімкін пры гэтым называе «расейскім дыялектам».

Пра Ўкраіну

«Народ там ня вытрымаў русафобскай палітыкі і паўстаў. Пакуль толькі на Данбасе, потым гэтак будзе ва ўсёй Украіне» — цытаты з Алімкіна, якія прывёў пракурор адносна напісанага падсудным пра Ўкраіну.


Пра «аддзяленьне ад Расеі»

Як лічыць пракурор, артыкулы Алімкіна маглі садзейнічаць «узьнікненьню ў Беларусі канфлікту падобнага на той, які ўзьнік ва Ўкраіне». Алімкін пісаў, цяперашнія беларускія ўлады абвясьцілі вайну расейскай культуры пасьля таго, як ад Расеі зьменшылася грашовая дапамога.

Паводле пракурора, Алімкін сьцьвярджаў, што цяпер сапраўднай мэтай беларускіх уладаў ёсьць «далейшае аддзяленьне ад Расеі».

«Па-беларуску гаварыла ў канцы 90-х толькі жменька графаманаў, якія называлі сябе пісьменьнікамі» — пісаў Алімкін.

Пра варожасьць Алімкіна да нямецкага і амэрыканскага сьветаў

Кажучы пра ўзбуджэньне падсудным Алімкіным варожасьці да прадстаўнікоў «амэрыканскага і нямецкага сьветаў», пракурор працытаваў назву падзагалоўку артыкулу Алімкіна:

«Не падабаецца рускі сьвет, ідзіце ў амэрыканскі. Там аб вас ногі вытруць».

Паводле Алімкіна, паміж сусьветнымі мовамі адбылася сваесаблівая алімпіяда, па выніках якой у лідэрах аказаліся расейская, ангельская, гішпанская ды некаторыя іншыя мовы. А вось беларуская і ўкраінская «спазьніліся на алімпіяду» і ад іх нібыта трэба адмовіцца.

Паводле Алімкіна, у будучыні сьвет будзе падзелены не на краіны, а на мовы: «Нават рускамоўныя жыхары Ізраілю таксама носьбіты рускага сьвету». На пачатак 21 стагодзьдзя ў сьвеце засталося 20-30 асноўных моваў, а астатнія мусяць зьнікнуць. "Беларускага сьвету ня будзе, у тым ліку з-за адстутнасьці золатавалютнага рэзэрву», — пісаў Алімкін.

Таксама Алімкін, паводле пракурора, выказвае нэгатыўнае стаўленьне да палякаў.

Цытаты з артыкулаў Алімкіна, якія выкарыстаныя ў абвінавачаньні

Тэза пракурора пра распальваньне Алімкіным нацыянальнай варожасьці падмацаваная цытатамі зь ягоных публікацый:

«Беларуская нацыя была штучна створаная ў канцы 19 стагодзьдзя... Гэта была мясцовая папуляцыя расейцаў, якія тут жывуць». «Беларусы — толькі прамежкавы прадукт, каб падзяліць расейскі народ. Ва Ўкраіне гэта ўжо зрабілі».

Паводле пракурора, Алімкін сьцьвярджаў у сваіх артыкулах, што індустрыялізацыя Беларусі — заслуга выключна Расеі і расейскага народу. Таксама, што «Беларусь — частка расейскай тэрыторыі».

Працэс адноўлены

Пачалі зачытваць абвінавачаньне Дзьмітрыя Алімкіна.

У віну Алімкіну ставяцца артыкулы «Вышыванцы, мне вас не шкада», «Не мыцьцём дык катаньнем» і іншыя. У іх, паводле пракурора, дапушчаныя зьняважлівыя выказваньні пра беларусаў — «узбуджэньне міжнацыянальнай розьні да беларусаў, да прадстаўнікоў амэрыканскага і нямецкага сьвету».

Дзьмітры Алімкін
Дзьмітры Алімкін

Як зазначае пракурор, Алімкін зьмясціў гэтыя артыкулы на розных рэсурсах. Дзейнічаў з Брэста, вуліца Маякоўскага. Пісаў, што «толькі сьляпы ня можа заўважыць, што ў Беларусі на поўную магутнасьць уключылі трэці працэс прымусовай беларусізацыі», і што гэта робяць тыя, хто знаходзяцца цяпер ва ўладзе.

Паводле пракурора, беларускую мову падсудны залічыў да «па сутнасьці мёртвай мовы».

Прычым мовай, якая вымірае, падсудны Алімкін называў і ўкраінскую мову, на якой, паводле яго, «можна выразіць толькі думкі кшталту «Прынясі сала».

Алімкін, паводле пракурора, фармуе выснову пра далейшы разрыў адносінаў з Расеяй, пісаў, што «насельніцтва Беларусі пазбавіцца разьвітай мовы — расейскай», сьцьвярджаў пра выцісканьне расейскай мовы з ужытку ў Беларусі, што магло прывесьці да ўзбуджэньня варожасьці да беларусаў. Пракурор згадаў Юрыя Баранчыка, што Алімкін дзейнічаў разам зь ім і іншымі неўстаноўленымі асобамі. Што той унёс у артыкул рэдакцыйныя зьмены і разьмясьціў у інтэрнэце на сайце «Рэгнум».

У артыкулах няма распальваньня варожасьці, — маці Паўлаўца

Валянціна, маці Юрыя Паўлаўца, у перапынку заявіла Свабодзе: «А вы чыталі артыкулы майго сына? Пачытайце, там жа няма нічога з таго, што гаварыў пракурор», — сказала Валянціна, маці падсуднага Юрыя Паўлаўца, але далей адмовілася камэнтаваць справу.

Пра выгляд сына сказала, што схуднеў: «Асунуўся. Канешне, пасядзіце гэтак год». Пра ўмовы на Валадарцы нічога ня ведае, сказала, пра гэта сын не пісаў нічога, а спатканьняў у яе не было. «Жонцы з дачкой давалі спатканьне», — сказала Валянціна.

Паводле маці падсуднага, сын пачаў пісаць лісты адразу пасьля арышту ў сьнежні 2016 году, лісты з таго часу прыходзяць без праблем. Яна выпісала сыну газэты і часопісы, пра праблемы з атрыманьнем ен не паведамляў. Маці кажа, што будзе прыходзіць на суд штодня.

«Ён не беларусафоб» — Бухвостаў заступіўся за падсуднага па справе Regnum

На суд над аўтарамі расейскага сайту «Рэгнум», абвінавачанымі ў распальваньні нацыянальнай варожасьці, які адбываецца ў Менскім гарадзкім судзе, прыйшоў апазыцыйны палітык, прафсаюзны лідэр Аляксандар Бухвостаў.

Бухвостаў паведаміў у перапынку судовага працэсу, што Юры Паўлавец быў у кіраўніцтве ягонай Партыі працы (ліквідаваная ў 2004 годзе).

«Ён гісторык і спрабуе даць ацэнку падзей у краіне. Гэта навуковая спрэчка. Ён не беларусафоб. У ягоных артыкулах больш крытыкі пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі. Але ён мае права выказваць свае думкі», — мяркуе былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Аляксандар Бухвостаў.

Перапынак у працэсе да 14.00.

У чым пракуратура выявіла распальваньне нацыянальнай варожасьці Паўлаўцом

Паводле пракурора, да 6 траўня 2016 году Юры Паўлавец, знаходзячыся ў Прылуках пад Менскам, разам з групай нявысьветленых асобаў з дапамогай інтэрнэту рыхтаваў артыкулы «Ідэнтычнасьць беларусаў. Мінулае і сучаснасьць» ды іншыя, чым «чыніў дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне варожасьці паводле нацыянальнай прыналежнасьці».

Паводле пракурора, у артыкулах Паўлавец выказваў сумненьні ў нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, казаў, што ўсе пэрыяды фармаваньня беларускай нацыі адрозьніваюцца русафобіяй і, маўляў, гэтая русафобія нікуды ня зьнікла, цяпер яна перайшла і ў падручнікі гісторыі. Гэта назіраецца у тым ліку ў звальненьні некаторых дзяржаўных чыноўнікаў, лічыць Паўлавец.

Ідэалягічны шантаж, паводле Паўлаўца, палягае ў сьцьвярджэньнях, што беларусы ніяк не зьвязаныя са славянствам. Ідэя адзінства славянскіх народаў стала замяняцца ідэяй асаблівасьці беларускай нацыі, мяркуе абвінавачваны.

Ён сьцьвярджае, што беларуская мова «наступае», і прыводзіць у прыклад шыльды ў мэтро па-беларуску. Паўлавец піша, што беларуская мова «мёртвая» і спасылаецца на вынікі перапісу, паводле якіх больш за 90 працэнтаў дома не карыстаюцца беларускай мовай.

Паводле пракурора, Паўлавец адмаўляе гістарычную спадчыну ВКЛ, «зьмяншае» значнасьць беларускай мовы, штучна трактуе стаўленьне беларусаў да расейцаў як варожае, «выклікае ў расейскіх грамадзянаў пачуцьцё абурэньня тым, што адбываецца ў Беларусі».

Зачытваюць абвінавачваньне Паўлаўца

Пачалося судовае сьледзтва. Пракурор Аляксандар Кароль пачаў зачытваць абвінавачваньне на падсуднага Паўлаўца.

У ім адзначаецца, што Юры Паўлавец ня быў зарэгістраваны як журналіст для асьвятленьня падзей у Беларусі. Між тым займаўся прадрымальніцкай дзейнасьцю па зборы і рэдагаваньні друкаваных матэрыялаў, «аказваў паслугі» на рэсурсах «Regnum.ru» ды іншых. Атрымаў незаконны прыбытак усяго на суму ня меней за 40 тысяч рублёў. Эпізоды пачаліся з 2011 году.

Юры Паўлавец
Юры Паўлавец

Потым пералічылі эпізоды за 2012 год — кожны месяц прыкладна па 2 тысячы расейскіх рублёў. Часам атрымліваў грошы ў далярах.

За красавік 2013 году — 100 даляраў ЗША, у траўні 2013 году — таксама 100 даляраў і яшчэ каля 2-3 тысяч расейскіх рублёў.

У канцы 2014 году — 500 і 800 даляраў. Сумы ў расейсіх рублях тыя ж — па 2-3 тысячы, ганарар. У красавіку 2015 году — 500 даляраў. У траўні яшчэ 500, 300, у чэрвені — 600, 300, 600, 480, жніўні — 300, верасьні — 300, кастрычнік — 480, 300, лістапад — 375, 300, сьнежань — 300, 400 даляраў.

Усяго ня менш за 40 тысяч беларускіх рублёў, што зьяўляецца буйным памерам.

«Такім чынам Паўлавец зьдзейсьніў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць», — заявіў пракурор.

Зачытваюць звароты з Расеі пра «невінаватасьць» падсудных

Судзьдзя зачытвае дакумэнты з Расеі, у тым ліку зь Дзярждумы, дзе сказана пра невінаватасьць падсудных, адсутнасьць законых падставаў для іх арышту. Таксама судзьдзя зачытвае скаргу Шыптэнкі, накіраваную з «Валадаркі», на адказ, які ён атрымаў зь Міністэрства адукацыі.

Паўлавец удае, што сьпіць

Пасудны Паўлавец у клетцы дэманстрацыйна паклаў галаву на рукі, нібыта сьпіць седзячы. Ахоўнікі ня робяць яму заўваг.

Паўлаўца пакінулі пад вартай

Пасьля 40-хвіліннага перапынку суд адмовіў адвакату Паўлаўца ў зьмене для яго меры стрыманьня. Такім чынам Юры Паўлавец застаўся пад вартай, у судзе яго па-ранейшаму будуць трымаць у жалезнай клетцы.

Суд выйшаў, каб вырашыць, ці задавальняць хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня для Паўлаўца.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG