Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Нямеччыны падтрымаў ідэю стварэньня Злучаных Штатаў Эўропы

Міністар замежных справаў Нямеччыны Зыгмар Габрыэль
Міністар замежных справаў Нямеччыны Зыгмар Габрыэль

Міністар замежных справаў Нямеччыны Зыгмар Габрыэль падтрымаў прапанову лідэра Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Мартына Шульца стварыць Злучаныя Штаты Эўропы.

«Палітыкаў часта крытыкуюць за адсутнасьць уяўленьняў пра будучыню. Цяпер у кагосьці — а менавіта у Мартына Шульца — ёсьць ідэя аб тым, як Эўропа павінна разьвівацца ў далейшым, і вось усе адразу накінуліся на яго», — цытуе Габрыэля Deutsche Welle.

Кіраўнік сацыял-дэмакратаў Мартын Шульц на зьездзе сацыял-дэмакратаў 7 сьнежня прапанаваў да 2025 году пераўтварыць Эўразьвяз у Злучаныя Штаты Эўропы. На думку Шульца, у гэтага аб’яднаньня, у адрозьненьне ад ЭЗ, павінна быць агульная канстытуцыя.

У шэрагах нямецкіх кансэрватараў прагучала крытыка ідэі Шульца. Старшыня фракцыі Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу і Хрысьціянска-сацыяльнага саюзу у Бундэстагу Фолькер Каўдэр заявіў, што бачыць у прапанове «небясьпеку для ЭЗ і для згоды паміж грамадзянамі Эўропы». А кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера Пэтэр Альтмайер назваў ідэю кіраўніка сацыялдэмакратаў нерэалістычнай.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG