1 сьнежня ў Менску адзначаюць 620-ю гадавіну пасяленьня татараў у Беларусі. Свабода зьезьдзіла ў Іўе — «сталіцу» беларускіх татараў. У гэтым горадзе найбольшая доля мусульманскага насельніцтва ў краіне.

Арабскую мову вывучалі падпольна

Раніцай 30 лістапада на вуліцы Савецкай у Іўі незвычайна людна. Каля 10 гадзіны некалькі дзясяткаў людзей сьцягваюцца да сьвятыні, нясуць кошыкі з пачастункамі. Калі ня ведаць, што гэта татары ідуць да мячэту, можа падацца, што сёньня Вялікдзень.

Але розьніца ёсьць. Мусульмане адзначаюць дзень народзінаў прарока Махамада. Яны вітаюць адзін аднаго словамі «салям алейкум» і прыкладаюць пры гэтым руку да сэрца. Пачастункі прыносяць на кожны намаз. У канцы абменьваюцца паміж сабой цукеркамі, печывам і садавіной.

У 8-тысячным Іўі жыве 500 татараў-мусульманаў. Гэта найбольшая кампактная грамада татараў у краіне. Яны пасяліліся тут на запрашэньне Вітаўта і па сучасных міжнародных нормах ужо лічацца карэннымі жыхарамі. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый вызначае карэнным народ, які пражыў на адной тэрыторыі больш за 500 гадоў.

За шэсьць стагодзьдзяў татары забыліся на сваю мову. Цяпер для іх родная — беларуская. Арабскай яны карыстаюцца толькі падчас намазу. Арабскай мове навучаюць у «школцы», як татары называюць грамадзкі цэнтар. За савецкім часам мову Карана яны вучылі падпольна. Школы не было, вучыліся адзін у аднаго.

«Я вучыўся не на футары, як іншыя. Быў старэнькі чалавек Алюнь. Мы яго называлі Алюнец. Проста пісьменны чалавек. Бацькі адводзілі да яго, каб вучыў арабскую мову», — тлумачыць 85-гадовы Сулейман Мустафавіч Шабановіч.

Бацькі казалі, каб у школе не сябравала з «рускімі» і «палякамі»

«Я вам зараз усё раскажу», — запрашае да сябе ў хату Айша Мустафаўна Шабановіч.

Яна жыве каля мячэту. Як і многія мясцовыя татары, мае прозьвішча Шабановіч. Але большасьць Шабановічаў — не сваякі. Татары папросту стараліся выдаваць дзяцей за сваіх жа. У сем’ях было па дзевяць-дзесяць дзяцей. А таму тут шмат падобных прозьвішчаў. Каб адрозьніваць, абавязкова згадваюць імя па бацьку.

Айшы Мустафаўне 82 гады. Яна нарадзілася і вырасла ў Мураўшчызьне. Мела восем братоў і сясьцёр. Такія вялікія сем’і раней былі нормай у мясцовых татараў.

У польскую школу Айша Мустафаўна схадзіць не пасьпела — у 1939-м заходнебеларускае Іўе стала часткай БССР. У савецкай школе яна скончыла толькі чатыры клясы. Потым захварэла маці, і трэба было дапамагаць па гаспадарцы.

Са школы ёй запомніўся тыповы абутак — «абіянікі». Гэта жаночыя туфлі з драўляным абцасам. Яна іх шанавала, насіла толькі ў школу.

Айша Мустафаўна кажа, бацькі не дазвалялі сябраваць у школе з «рускімі» і «польскімі» дзецьмі. Татары дагэтуль разьдзяляюць мясцовых не па нацыянальнасьці, а па рэлігіі. «Рускія» — гэта праваслаўныя, «палякі» — каталікі. Хоць да хрысьціянаў татары ставяцца паважліва, але раней стараліся жыць сваёй грамадой.

І выдаваць дзяцей замуж таксама імкнуліся толькі за татараў. У Іўі сёньня жыве шмат татараў з суседніх гарадоў — Наваградку і Ашмянаў. Ёсьць і літоўскія, якія пераехалі сюды пасьля шлюбу. Звычайна гэта старэйшыя людзі, якія езьдзілі зь Беларускай у Літоўскую ССР, пакуль паміж краінамі ня стала мяжа.

Айша Мустафаўна ў Вільню таксама часта езьдзіла. Самая знакавая яе паездка была, калі яна набыла ў Вільні ахвярнага быка. У мусульман ёсьць традыцыя, што кожны год нехта з супольнасьці купляе ахвярную жывёлу на Курбан-Байрам. Яе потым рэжуць, а мяса раздаюць бедным. Лічыцца, гэта прынясе бласлаўленьне і ўдачу.

«Пасьля афяры каб вы бачылі, які быў ураджай, — узгадвае Айша Мустафаўна. — Усім так ураджай быў, хто рабіў афяру».

Татары маюць шмат падобных павер’яў. Напрыклад, кожны павінен насіць з сабой «хамаіл» — выпіскі з Карану. Гэта нататнік, у якім ад рукі перапісваюцца малітвы ад розных няшчасьцяў — ад хваробы, злодзеяў. І многія, як Айша Мустафаўна, дагэтуль заўжды носяць яго з сабой.

Свой хамаіл арабскай вязьзю яна напісала яшчэ ў дзяцінстве. Арабскай мове яе як дзяўчыну не вучылі. Бацькі вучылі брата. Айша падглядала за ўрокамі і вывучыла арабскую таксама.

Малітвы яна сьпявае на памяць. Але ў мячэт ня ходзіць, бо моцна баляць ногі. Хоць ісьці ўсяго 50 мэтраў.

«Ісьці і стагнаць — навошта гэта?» — кажа Айша Мустафаўна.

Татарскім горадам Іўе стала пры Савецкім Саюзе

Да другой паловы ХХ стагодзьдзя Іўе не называлі мусульманскай сталіцай Беларусі, бо мусульман у мястэчку не было. Усе татары жылі ў суседнім паселішчы — Мураўшчызьне. Але Іўе разрастаўся, і ў савецкі час Мураўшчызну далучылі да яго. Цяпер гэта вуліца Савецкая. Былую Мураўшчызну дагэтуль насяляюць пераважна татары.

Татары жылі і ў іншых гарадах краіны. Наваградак, Ашмяны, Слонім, Сьмілавічы, Клецак — паўсюль былі татарскія раёны. Але такога кампактнага паселішча, як у Іўі, нідзе не захавалася.

Лічыцца, што івейскую супольнасьць уратаваў мячэт. Тут была адзіная дзейная ў БССР мусульманская бажніца, вакол якой і гуртаваліся татары. Імам праводзіў намаз кожную пятніцу і на сьвяты. Некаторыя адмыслова пераяжджалі зь іншых гарадоў у Іўе, каб хадзіць тут у мячэт. І пакуль татарскія паселішчы ў іншых рэгіёнах распадаліся, у Іўі яно захавалася да нашых дзён. І ўжо ў канцы ХХ стагодзьдзя горад займеў славу мусульманскай ці татарскай сталіцы краіны.

У 2012 годзе ў цэнтры Іўя паставілі помнік чатыром рэлігіям — каталіцтву, праваслаўю, ісламу і юдаізму. За мірнае суіснаваньне розных народаў і канфэсій мястэчка таксама часта называюць беларускім Ерузалемам.

«Пакуль палітыкі не пачнуць варушыць балючыя месцы, простыя людзі жывуць нармальна, не зважаючы на рэлігію, — кажа Іван Шабановіч, старшыня татарскай грамады ў Іўі. — Усе ў нас маюць сяброў рознай веры».

Мячэт не зачынялі, бо ня ведалі пра яго

На пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беларусі было 40 мячэтаў і малітоўных мусульманскіх дамоў. Але ўсе іх пазачынялі ці пабурылі. Толькі ў Іўі мячэт дзейнічаў заўжды. Ад часу пабудовы ў 1882 годзе ён ні разу не зачыняўся. Ні падчас войнаў, ні падчас перасьледу рэлігіі ў Савецкім Саюзе.

Мячэт у Іўі не зачынялі, бо пра яго ня ведалі, лічыць Айша Мустафаўна. Ён стаіць пасярод прыватнага сэктару на былым ускрайку гораду. Будынак драўляны, невысокі і моцна не выбіваецца з агульнай забудовы.

«Пра нас казалі: „Хай хоць калені пааблазяць, сядзіце і маліцеся“. Бо ў нас на каленках моляцца», — кажа Айша Мустафаўна.

Будоўлю мусульманскага храму фундавала Эльвіра Замойская — уладальніца мясцовых земляў у канцы ХІХ стагодзьдзя. Яна дала і пляц пад будоўлю, і дрэва. У Івейскім музэі нацыянальных культур распавядаюць, што перад кожным намазам татары згадваюць Эльвіру Замойскую. А таксама Вітаўта, бо ён запрасіў татараў пасяліцца ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Іван Шабановіч удакладняе, што перад намазам чытаюць Каран за спачын душ усіх людзей, якія будавалі і падтрымлівалі мячэт.

«А ў старыя часы ў нас чыталіся малітвы за кагосьці з князёў. Яго татары называлі па-свойму», — узгадвае Іван Шабановіч.

Татары ў ваколіцах Іўя жылі здаўна. Да таго, як яны займелі свой мячэт, маліліся ў стадолах — адмысловых гумнах, якія прыстасоўвалі для намазу.

Тыя, хто даўно ня быў у Іўі, могуць не пазнаць мячэт. Да 2014 году ён быў пафарбаваны ў зялёны колер. Але потым грамада назьбірала грошы на рамонт. Цяпер бажніца пакрытая драўляным брусам. Зрабілі рамонт і ўсярэдзіне.

На пятнічны намаз прыходзяць зь некалькі дзясяткаў чалавек. А на вялікія сьвяты часам ня ўсе зьмяшчаюцца ў мячэце.

Ксёндз раіцца з імамам, як будаваць парнік

Пазнаць татарскую хату ў Іўі можна па вялікіх парніках. Традыцыйна татары займаліся гародніцтвам. Нават у савецкія часы многія не хадзілі на працу, жылі толькі з гароду. Дзеці мусілі дапамагаць бацькам, некаторыя не хадзілі ў школу. Сулейман Мустафавіч Шабановіч мае сем клясаў. Але сёмы скончыў у 17 год.

«У гародзе працавалі, на зямлі. На працу мала хадзілі, бо непісьменныя», — кажа ён.

Сулейман Мустафавіч кажа, што раней гародніну вырошчвалі ў адкрытым грунце. А потым сталі рабіць парнікі. Накрываць грады плёнкай, кажуць, навучыліся ў палякаў. Цяпер высокія, мэтры тры, парнікі тырчаць амаль з кожнага ўчастка на Мураўшчызьне.

Яшчэ ў лютым у парніках высаджваюць радыску. Калі зьбяруць ураджай у красавіку-траўні, на тым жа месцы саджаюць памідоры. Таксама Іўе вядомае расадай кветак — тут яна ці не найтаньнейшая ў краіне.

Мясцовыя беларусы вучацца ў татараў вырошчваць розныя гатункі гародніны. Кажуць, што пробашч мясцовага касьцёла ксёндз Ян раіўся з імамам, як правільна ставіць парнік.

У апошнія гады тут пачаўся памідорны бум. Мясцовыя памідоры — адны зь першых, якія прывозяць у Менск увесну. Гарадзкія ўлады нават вырашылі зрабіць памідор сымбалем гораду. Сёлета ў Іўі правялі першы дзень памідора. Цяпер сьвята, якое пайшло ад татараў, думаюць зрабіць традыцыйным.

«Мы сюды прыйшлі ваярамі, баранілі гэтую зямлю, аднаўлялі. Сталі карэннымі жыхарамі. А цяпер ужо беларусы ў нас вучацца», — кажа Іван Шабановіч.

Татары маюць покуць у хатах і шануюць хрысьціянскія сьвяты

«Коляды сьвяткуем яшчэ як! — кажа Айша Мустафаўна. — І польскія, і рускія. Таму што полька дала нам зямлю і мячэт пабудавала. А рускія таксама сьвяткуем. Паспрабуй не пасьвяткаваць, цэлы год будзе няўдача».

За шэсьць стагодзьдзяў жыцьця на беларускіх землях мясцовыя мусульмане дасканала вывучылі мясцовыя традыцыі. Яны ня толькі ведаюць каталіцкія і праваслаўныя сьвяты, але і пазычаюць сёе-тое з хрысьціянства.

Прыкладам, у хатах мясцовыя мусульмане маюць «покуць». Замест іконы там вісіць цытата з Карану ў рамцы. А замест арабскага слова «садака», што значыць «ахвяраваньне», татары кажуць «афяра».

У музэі кажуць, што татары захавалі ці перарабілі забытыя беларускія традыцыі. Напрыклад, падчас вясельля татарскія маладыя дагэтуль становяцца не на ручнік, а на кажух — сымбаль дабрабыту. А на вясельлі нявесту ў татараў саджаюць на дзяжу.

«Як хлеб зараджаецца, так зараджаецца і будучыня дзіцяці, — тлумачыць Марыя Вацлаваўна зь Івейскага музэю. — Беларусы забыліся на гэтую традыцыю. А татары яе пазычылі і захавалі».

Уплыў хрысьціянства можна пабачыць на старажытных могілках. Хрысьціяне і мусульмане дагэтуль строга хаваюць памерлых асобна. І хоць традыцыйна мусульмане ня носяць на могілкі кветкі, на большасьці новых магіл можна пабачыць плястыкавыя букеты.

Ня ведаць звычаі адзін аднаго тут немагчыма, бо каталікі, праваслаўныя і мусульмане жывуць на суседніх вуліцах. Апошнім часам у Іўі ўсё часьцей здараюцца шлюбы паміж людзьмі розных канфэсій, і тады каталікі пачынаюць хадзіць у мячэт, а мусульмане — у касьцёл. Тут гэта не забараняецца. Наадварот, ксёндз і бацюшка прыходзяць у мячэт на важныя мусульманскія сьвяты, а імам наведвае хрысьціян у іхныя сьвяты.

«Мы тут не жылі самі па сабе, — кажа Іван Шабановіч. — Жывём тут як адна сям’я».