Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Попыт дакладна ёсьць». Менскі праграміст стварыў онлайн-каталёг беларускамоўных сэрвісаў


Онлайн-каталёг ​svaje.by зьбірае інфармацыю пра кампаніі, якія абслугоўваюць кліентаў на беларускай мове. Свабода пагутарыла з заснавальнікам ініцыятывы Паўлам Коласам.

Павал Колас —​ кіраўнік невялікай ІТ-кампаніі ў Менску, матэматык-праграміст па адукацыі. Праектам яны пачалі займацца на пачатку 2017 году, а запусьцілі яго ў верасьні.

Стваральнікі сайту беларускамоўнага бізнэсу Васіль Мелех, Юрась Адамовіч і Павал Колас (зьлева направа)
Стваральнікі сайту беларускамоўнага бізнэсу Васіль Мелех, Юрась Адамовіч і Павал Колас (зьлева направа)

Асноўныя тэхнічныя працы выканалі супрацоўнікі Паўла Коласа. Напаўняў сайт ён разам з жонкай Аленай. Крыху пазьней да іх далучыўся вядомы абаронца беларускай мовы Ігар Случак. Цяпер у камандзе працуе 6 чалавек.

«Набываць корм для коткі мне прыемней у краме, дзе адказваюць па-беларуску»

— Асноўная праблема, якую мы імкнёмся вырашыць, — зрабіць ужытак беларускай мовы натуральным, каб на ёй адбывалася двухбаковая жывая камунікацыя. Цяпер у Беларусі ў 15 гарадах працуюць курсы «Мова Нанова», а дзе выпускнікам тых курсаў папрактыкавацца ў беларускай і ўжыць свае веды? Можна, вядома, размаўляць самому ўсюды і заўсёды, але куды прыемней чуць адказ на сваёй жа мове.

Людзі і хацелі б размаўляць па-беларуску, і шмат хто гатовы, але яны ня ведаюць месцаў. Тое актуальна найперш для вялікіх гарадоў ад ста тысяч жыхароў, у малых і так усе ўсіх ведаюць.

Людзі і хацелі б размаўляць па-беларуску, і шмат хто гатовы, але яны ня ведаюць месцаў

Я жыву ў Менску, і, прыкладам, набываць корм для сваёй коткі мне прыемней у заалягічнай краме, дзе адказваюць па-беларуску. Раней я пра такое месца ня чуў, а цяпер дзякуючы свайму каталёгу даведаўся.

Яшчэ адна праблема, якую вырашае каталёг, — стварэньне канкурэнтных перавагаў для тых бізнэсаў, якія здольныя абслугоўваць кліентаў па-беларуску.

Калі вы паглядзіце на наш каталёг, на сэкцыю «Зьніжкі» на сайце «Мова Нанова», шмат хто дае зьніжкі беларускамоўным кліентам. Гэтак беларускамоўныя бізнэсы даюць сыгнал кліентам: дзе ж вы, даражэнькія, мы для вас і адкрыліся і для вас існуем. І кліенты павінны прыйсьці і падтрымаць, калі ім такія бізнэсы цікавыя і патрэбныя. Але каб прыйсьці, спачатку трэба ведаць месцы. То мы спадзяёмся, што беларускамоўныя спажыўцы такія «свае» месцы знойдуць — дзякуючы ў тым ліку і нашаму каталёгу.

«У сярэднім рэгіструецца адзін новы бізнэс штодня»

— Ці ёсьць на гэта попыт у Беларусі?

— Попыт дакладна ёсьць, найперш з боку беларускамоўных людзей. Трэба казаць шчыра, няшмат дзе здольныя падтрымаць гаворку па-беларуску. Але проста вялізная колькасьць расейскамоўных беларусаў мае сантымэнт да беларускай мовы. Яны ведаюць, што гэта свая мова, што беларускамоўных мала, таму што была русыфікацыя і гады ўціску.

Вялізная колькасьць расейскамоўных беларусаў мае сантымэнт да беларускай мовы

Падсьвядома яны ведаюць, што яны нешта вінныя беларускай мове, таму ніхто ня супраць беларускай мовы. За ўвесь час (два месяцы) нашага існаваньня мы атрымалі толькі адзін адмоўны камэнтар у сацсетках у стылі «навошта гэтая мова». Астатняе ўспрыняцьцё вельмі пазытыўнае.

За два месяцы з дапамогай рэсурсу ўдалося сабраць каля 90 беларускамоўных бізнэсаў, паслуг і каля 10 беларускамоўных месцаў. У сярэднім цяпер рэгіструецца адзін новы бізнэс штодня.

— Ці мае праект камэрцыйныя мэты?

— Мы гарантуем усім бізнэсам, што разьмяшчэньне іх кантактнай інфармацыі заўсёды будзе бясплатным у нашым каталёгу. З карыстальнікаў за прагляд інфармацыі таксама браць грошы ніколі ня будзем. Магчыма, калі-небудзь у будучыні зьявяцца платныя сэрвісы для бізнэсаў, але толькі каб пакрыць выдаткі на адміністраваньне каталёгу. У бліжэйшы год і, магчыма, гады ўвесь гэты праект — толькі выдаткі.

Дадавайце ў каталёг, нават калі там «трасяняць»

— Якой дапамогі чакае каталёг «Свае»?

— Былі б удзячныя за распаўсюд інфармацыі і за рэкамэндацыю новых месцаў. Калі ёсьць месца, дзе адказваюць і абслугоўваюць на беларускай мове, нават калі там «трасяняць», але «размаўляюць», дадайце яго ў наш каталёг. У нас на тое ёсьць досыць простая форма, трэба літаральна хвіліну часу.

— Якія найцікавейшыя, на ваш погляд, беларускамоўныя бізнэсы сталі больш вядомымі дзякуючы вашаму рэсурсу?

— Сёньня апублікавалі вельмі цікавы бізнэс — «Хатні бровар», які прадае кампанэнты для хатняй піваварні, і там беларуская мова без праблемаў. Я ўпэўнены, што дзякуючы рэкляме на нашым сайце ён займее дадатковых кліентаў.

Ёсьць асобныя бізнэсы, якія на нашым сайце апублікаваныя ўпершыню. Напрыклад, кампанія, якая ўсталёўвае плястыкавыя вокны ў Менску і ваколіцах — чалавек проста распачаў уласную справу, прыйшоў да нас, і мы яго адразу прарэклямавалі — і праз наш сайт прыходзяць кліенты.

Агулам, мы імкнёмся рэклямаваць усе прадстаўленыя ў нас бізнэсы, таму што выйграюць усе — і бізнэсы, і спажыўцы, і мы самі. Бо чым болей людзей наведвае наш сайт і падпісваецца на нашы суполкі, тым лепей мы можам распаўсюджваць інфармацыю пра новыя месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG