Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя заявіла аб уцечцы радыяцыі ў Расеі або Казахстане ў канцы верасьня


Інстытут ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Францыі (IRSN) пацьвердзіў, што таксама зафіксаваў радыёактыўную хмару над Эўропай. Экспэрты інстытута лічаць, што гэта можа сьведчыць пра аварыю з уцечкай радыяцыі на ядзерным аб’екце ў Расеі ці Казахстане ў канцы верасьня.

Раней радыёактыўнае воблака над Эўропай зафіксавалі навукоўцы зь Нямеччыны і таксама паказвалі ў якасьці верагоднай крыніцы ўцечкі поўдзень Уралу, дзе адбыўся выкід радыеактыўнага рэчыва рутэній-106.

IRSN таксама кажа аб уцечцы рутэнія-106, які ў асноўным выкарыстоўваецца ў мэдыцыне. Аварыю на ядзерным рэактары экспэрты францускага інстытуту выключаюць, але спасылаюцца пры гэтым на расейскія ўлады, якія раней заявілі, што ніякіх аварый на расейскіх АЭС у верасьні не было. З уладамі Казахстана навукоўцы з IRSN пакуль не зьвязаліся.

Максымальная канцэнтрацыя радыёактыўнага рэчыва ў атмасфэры над Эўропай была зафіксавана ў пачатку кастрычніка, але з 6 кастрычніка яна лічбы рэзка пайшлі на спад. Зараз здароўю людзей ў Эўропе нічога не пагражае. Францускія навукоўцы падкрэсьліваюць, што калі б аналягічная уцечка адбылася ў Францыі, уладам давялося б эвакуяваць людзей, якія жывуць на адлегласьці некалькіх кілямэтраў ад месца выкіду. Аднак пра тое, што падобныя эвакуацыі ў верасьні адбываліся ў Расеі або Казахстане, да гэтага часу невядома.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG