У адным з далёкіх рэгіёнаў Грузіі кожную восень адбываецца бадай самы прыгожы ў сьвеце перагон авечак. Пастухі са сваімі статкамі і сабакамі спускаюцца з гор Тушэтыі у даліны Кахетыі — дарога цяжкая і небясьпечная, але гэта не прычына, каб ня выпіць вечарам каля вогнішча.

Улетку схілы ў гарах Тушэтыі пакрытыя шыкоўнай зялёнай расьліннасьцю, але восень прыходзіць сюды рана, і ўжо ў пачатку кастрычніка пастухі пачынаюць зьбіраць свае статкі, каб пасьпець спусьціцца, пакуль не прыйшла зіма.

Гэтыя шасьцёра маладых прыяцеляў - адна з дзясяткаў груп, якія на лета падымаюцца ў горы Тушэтыі. Пад іх апекай 1200 авечак, і на тое, каб спусьціцца ўніз з горнай стаянкі, ім спатрэбіцца тры дні.

Выглядае, што галоўны ў гэтай групе Сулхан Гігаідзэ. Яму 29 гадоў, некалі ён кінуў тэхнічны інстытут і стаў пасьвіць авечак. «Не хацелася жыць з людзьмі», — кажа ён.

Другі дзень пераходу — самы цяжкі: Чараду трэба перагнаць празь небясьпечны Абанскі перавал (2800 мэтраў над узроўнем мора). Раніцай мы мінаем адно за адным горныя азёры. Даводзіцца быць асьцярожным: час ад часу са скал зрываюцца важкія абломкі.

Адзін з пастухоў ідзе гэтай дарогай ўпершыню ў жыцьці. Джорджыка (цяпер гэтаму шчанюку грузінскага горнага сабакі тры месяцы) кінула маці, але ў людзей ён стаў любімчыкам.

Грузінскі горны сабака - цягавітая старажытная парода. Ён зганяе авечак у чароды і абараняе іх ад ваўкоў.

Гэтую пароду адмыслова стваралі так, каб сабакі не адрозьніваліся ад авечак ні памерам, ні колерам. Здалёк іх проста не відаць, а значыць, ваўкам прыходзіцца ставіцца з асьцярогай да ўсіх авечых чародаў бяз выняткаў.

У Дато Чхарэулі авечкі зьбіліся з дарогі - на горных сэрпантынах лёгка страціць арыентацыю.

Перад перавалам мужчыны сядаюць паабедаць: салёны авечы сыр, хлеб і нават чырвоная ікра...

... і чача — моцная гарэлка, якую робяць з адходаў віннай вытворчасьці. Пастухі выпіваюць па тры чаркі. Кожны раз з тостам — за горы, за гасьцей, за сябра, які нядаўна загінуў на гэтым жа перавале.

Узыходжаньне пачынаецца адразу пасьля абеду. Дарога, якая вядзе праз Абанскі перавал, лічыцца адной з самых небясьпечных у сьвеце.

Нас абганяе грузавік, з абломкамі машыны, якая сарвалася зь перавалу. Гігаідзэ кажа, што менавіта на гэтай машыне разьбіўся іх сябар, за якога яны пілі.

Гігаідзэ сочыць, каб авечкі не адбіваліся ад чарады. Дождж зьмяняецца градам, а потым і сьнегам.

Прыкладна 85% чарады складаюць авечкі, астатнія — бараны. Тушэтыннскія авечкі славяцца сваёй цягавітасьцю, і мяса ў іх вельмі сакавітае, з густым прыемным смакам. Іхняя воўна занадта грубая, таму пасьля стрыжкі яе проста спальваюць. У задняй частцы тулава у авечак гэтай пароды фармуецца запас тлушчу — на выпадак непрадбачаных абставінаў. Пры хадзе ён боўтаецца з боку ў бок. За адну такую авечку даюць прыкладна 60 даляраў.

Наверсе дзьме жудасны пранізьлівы вецер. Схавацца няма дзе, таму авечкі рвуцца наперад. Ім трэба як мага хутчэй трапіць у цяпло па іншы бок перавалу.

На другім баку пастухі зганяюць авечак з дарогі-сэрпантыну і пускаюць чараду проста па схіле.

Тут пастухам спатрэбяцца кіі — авечак, якія адбіваюцца ад чарады раз-пораз даводзіцца біць.

Пакуль авечкі цягнуцца ўніз па схіле, сабакі кладуцца паспаць.

Маленькі Джорджык зусім стаміўся. На самых крутых схілах ён скуголіць ад страху, а ў небясьпечных месцах пастухі бяруць яго на рукі.

Чарада вяртаецца на дарогу, але ненадоўга. Ім трэба любой цаной дабрацца да цяпла, пакуль не сьцямнела.

Дайшоўшы да мяжы лесу, авечкі кідаюцца ўніз па крутым схіле.

Цямнее. Змучаныя дарогай авечкі пераадольваюць апошнія кілямэтры маршруту. Яны практычна безупынна рухаліся на працягу 12 гадзін. Сулхан падлічвае страты: восем авечак — тыповая лічба для вялікай чарады, якая пераадолела перавал.

Варта толькі авечцы спыніцца — праз стому ці траўму — і ёй ужо ня жыць. Альбо яна загіне ад холаду, альбо яе задзяруць ваўкі, альбо заб’юць на мяса мясцовыя жыхары.

На прывале высьвятляецца, што дровы не гараць — занадта мокрыя. Адзін з пастухоў прасоўвае паміж паленамі спачатку адзін, а потым і другі гумовы бот, і празь некаторы час вогнішча шугае полымем.

Пастухі імкнуцца абсушыцца і пры гэтым раз-пораз прыкладаюцца да чачы. Нарэшце, ўсе кладуцца спаць. Маленькі Джорджык залазіць у спальнік да Чхарэулі. Там цёпла, спальнік лямцавы.

На наступны дзень чарада даходзіць да цывілізацыі. Надвор'е зноў такое, што можна хадзіць у футболках.

Мужчыны адразу ж купляюць піва.

Цяпер, калі горы засталіся ззаду, чарада правядзе тыдзень у даліне, каб прызвычаіцца да цяпла і ад'есьціся, а потым працягне свой шлях. Ад зімовай стаянкі на мяжы з Азэрбайджанам іх аддзяляе прыкладна 200 кілямэтраў.

Самае цяжкае скончылася, і Джорджык прыкметна павесялеў. Але хутка ён даведаецца, што пасьля спуску заўсёды бывае ўзыходжаньне. Вясновы ўздым у горы яшчэ больш небясьпечны. Але да таго часу ён стане ўжо дарослым сабакам: пастухі перастануць з ім няньчыцца, і ні ў чый спальнік ён ужо ня зьмесьціцца.