Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бобрыкаў: «Казкі пра Печы мне расказваць ня трэба – я два гады імі камандаваў»


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Бобрыкаў, архіўнае фота
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Бобрыкаў, архіўнае фота

Пра трагічны выпадак гібелі салдата ў Печах і дзедаўшчыну ў войску Свабода паразмаўляла з намесьнікам старшыні пастаяннай камісіі ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Бобрыкавым.

— У Печах адбыўся чарговы выпадак самагубства салдата...

— Чаму вы сказалі «чарговы»?

— Бо 31 сакавіка быў яшчэ адзін выпадак, калі салдат павесіўся.

— Ня ў Печах, а ў Барысаве. Тое, што пішуць у інтэрнэце, у гэтым сьметніку, я яго так называю... Ёсьць факты. Калі б пару чалавек прыцягнулі да судовай адказнасьці за тое, што пішуць няправільна, адразу б перасталі пісаць. 31 сакавіка быў суіцыд у Барысаве, але ня ў Печах. У Печах стаіць шмат частак. У Печах не чарговая за гэты год трагедыя, а першая.

— Але ня першая за існаваньне «вучэбкі» ў Печах.

— Так, здарылася гора, факт ёсьць. Гэта гора, і ад яго ніхто не адварочваецца. Гэта для Ўзброеных сіл вялікая страта і праблема, што людзі сыходзяць у мірны час. Працуюць і інстытут псыхолягаў, інстытут ідэолягаў.

Пахаваньне Аляксандра Коржыча, архіўнае фота
Пахаваньне Аляксандра Коржыча, архіўнае фота

— Але пра жахі службы ў Печах расказваюць даўным-даўно, і што там ёсьць нестатутныя адносіны. Вы камандавалі часткамі, шмат гадоў служылі. Вы прызнаяце, што ў войску ёсьць дзедаўшчына?

— Як мы назавём такі варыянт? Прыйшоў на прадпрыемства малады хлопец працаваць кіроўцам. Яму ж не дадуць адразу новы аўтамабіль, новы дадуць заслужанаму таварышу. Гэта што — дзедаўшчына называецца?

— Дык гаворка ідзе не пра гэта...

Казкі пра Печы мне расказваць ня трэба, таму што я два гады імі камандаваў.

— Як не пра гэта? Мы размаўляем пра нейкую сацыяльную няроўнасьць людзей. Вы біяграфію маю добра вывучалі? У 2006 — 2008 гадах Бобрыкаў — начальнік 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах. І казкі пра Печы мне расказваць ня трэба, таму што я два гады імі камандаваў.

Калі я туды прыйшоў, таксама чуў, што там сякерамі бульбу абіраюць, траву фарбуюць, да дрэваў прывязваюць лісьце. Я паглядзеў: гэта размовы, папраўдзе нічога падобнага там няма. І гэта не інтэрнэт, а тое, што я сам там бачыў.

— Можна, я вам на электронную пошту дашлю здымкі цела хлопца, які загінуў? На ім шматлікія гематомы, пабоі — хлопца жорстка зьбівалі. У рэдакцыі яны ёсьць, з этычных прычынаў мы іх не выстаўлялі на сайт.

Бацькі яго таксама не спэцыялісты. Давайце фактам верыць. Калі чалавек нежывы, ёсьць трупныя плямы, падобныя да сінякоў.

— Ёсьць такое паняцьце, як судова-мэдыцынская экспэртыза. Вы вынікі яе бачылі? І я ня бачыў. На якой падставе вы кажыце, што ёсьць фатаздымкі зьбітага, пакалечанага? Бацькі яго таксама не спэцыялісты. Давайце фактам верыць. Калі чалавек нежывы, ёсьць трупныя плямы, падобныя да сінякоў. Ёсьць судмэдэкспэртыза, і там ніхто ня будзе нікога ўводзіць у зман. Пра палосы, плямы я ўсё чытаў. Будзе афіцыйнае заключэньне экспэртаў.

— Тады пра крымінал. А карыстаньне банкаўскай карткай хлопца, якой сяржанты і прапаршчыкі, прозьвішчы якіх вядомыя, плацілі ў клюбах, здымалі грошы на «Барысаў-Арэне», у Менску — гэта нармальна?

— У мяне такіх зьвестак няма, я да гэтых дадзеных не дапушчаны. Адкуль у вас такая інфармацыя, я ня ведаю.

Аляксандр Коржыч, архіўнае фота
Аляксандр Коржыч, архіўнае фота

— Але гэта нармальна, на вашу думку, што ў мірны час у беларускім войску столькі маладых людзей робіць суіцыд?

— А вы вазьміце статыстыку самагубстваў любога гораду ў такім самым узросьце — паміж 18 і 25 гадамі. Там лічбы ня большыя, чым у войску.

Я лічу, што пытаньнямі, пра якія мы зараз гаворым, павінны займацца адпаведныя органы, у тым ліку Сьледчы камітэт. А навешваць ярлыкі, казаць пра тое, што не існуе, ня трэба. Няхай разьбіраюцца тыя, каму належаць, а калі хто вінаваты, будзе адказваць перад законам.

Вы ня думайце, што хтосьці штосьці ўтойвае, хтосьці маўчыць. Такой практыкі няма ва Ўзброеных сілах.

Праблемы, якія мы абмяркоўваем, не схаваеш, яны навідавоку. Праваахоўнымі органамі будзе дадзена ацэнка, і ўсе, хто вінаваты, панясуць адказнасьць. Вы ня думайце, што хтосьці штосьці ўтойвае, хтосьці маўчыць. Такой практыкі няма ва Ўзброеных сілах. Калі камандзір, начальнік своечасова вызначыў склад злачынства, прыняў захады, далажыў па камандзе — зусім іншая адказнасьць. А калі гэта ўсё ўтойваецца, замоўчваецца, да такіх камандзіраў прымаюцца вельмі жорсткія захады. І ўсе заканадаўства ва Ўзброеных сілах менавіта на гэтым пабудаванае, каб такіх выпадкаў не адбывалася.

Генэрал Гайдукевіч: «Камандзіра часткі ў Печах адназначна трэба здымаць»

— А сам камандзір часткі палкоўнік Канстанцін Чарнецкі ў такіх выпадках асабіста разьбіраецца?

— Ва ўсіх выпадках, пра якія мы зараз казалі, камандзір асабіста павінен разьбірацца і асабіста прыняць захады, каб гэта больш не паўтаралася. Асабіста. Гэта ва ўсіх інструкцыях, статутах і законах прапісана. Асабліва ў выпадках гібелі вайскоўцаў камандзір разьбіраецца асабіста.

— Парлямэнцкую камісію па нацыянальнай бясьпекі не трывожыць гэты выпадак і наагул стан арміі? Дэпутат Ганна Канапацкая зьвяртаецца да старшыні камісіі, хоча ініцыяваць парлямэнцкія слуханьні па гэтым канкрэтным выпадку. У вас у камісіі столькі генэралаў — самі ня хочаце паехаць у Печы, паглядзець, паразмаўляць з асабовым складам, разабрацца?

У дзейнасьць Мінабароны ўмешвацца які сэнс? А калі туды прыедуць названыя вамі дэпутаты, што яны будуць там рабіць?

— Я лічу, што гэтымі пытаньнямі павінна займацца Міністэрства абароны. У дзейнасьць Мінабароны ўмешвацца які сэнс? А калі туды прыедуць названыя вамі дэпутаты, што яны будуць там рабіць? Там працуе Сьледчы камітэт. Вы прапануеце дэпутатам умешвацца ў дзеяньні Сьледчага камітэту, прававую ацэнку даваць?

— Не, безумоўна. Проста паглядзець, што там робіцца, паразмаўляць з салдатамі, няма такога жаданьня?

— А што там глядзець? Там ідзе сьледзтва. Што — сьледзтву перашкаджаць? Сэнсу гэтай паездкі я не разумею. У нас была размова са старшынём камісіі. Прыйдзе спадарыня Канапацкая — адкажам на яе пытаньні. Але казаць тое, чаго няма, ня трэба, ня трэба сабе піяр ствараць, танны аўтарытэт.

Ідзе сьледзтва. І яно адкажа на ўсе пытаньні, выявіць вінаватых, вызначыць ступень віны кожнага. Калі будзе суд — вызначыць адказнасьць кожнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG