Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пакістане вызваленыя амэрыканскія закладнікі, якіх трымалі 5 гадоў


Амэрыканка Кайтлан Колман, яе муж, грамадзянін Канады Джошуа Бойл, і іх дзеці, Архіўнае фота 2016 году

Амэрыканка Кайтлан Колман, яе муж, грамадзянін Канады Джошуа Бойл, і іх дзеці, якіх утрымлівалі ў закладніках баевікі групоўкі «Хагані» ў Аўганістане, у мінулую сераду былі вызваленыя і цяпер знаходзяцца на шляху ў ЗША.

Кайтлан і Джошуа зьніклі ў кастрычніку 2012 году. Пара падарожнічала па Расеі і краінах Цэнтральнай Азіі і ў сярэдзіне восені перасекла мяжу Аўганістану. На той момант Колман знаходзілася на сёмым месяцы цяжарнасьці, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У сьнежні мінулага году ў сетцы YouTube невядомымі было разьмешчана відэа, на якім муж і жонка прасілі ўрады ЗША і Канады зрабіць усё для іх вызваленьня. Разам зь імі на відэакадрах фігуравалі і трое дзяцей, якія нарадзіліся ўжо пасьля зьнікненьня пары.

Паводле дадзеных амэрыканскіх СМІ, спэцслужбам ЗША атрымалася высьветліць, што муж і жонка былі захопленыя баевікамі руху «Хагані» і потым перапраўленыя ў Пакістан.

Пакуль не вядома, як менавіта былі вызваленыя Колман і Бойл.

«Апэрацыя, праведзеная пакістанскімі сіламі на падставе выведнай інфармацыі, атрыманай ад амэрыканскіх уладаў, была пасьпяховай. Усе закладнікі жывыя, здаровыя і знаходзяцца на шляху дадому», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве, распаўсюджанай Ісламабадам.

У заяўцы ад імя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа асабліва падкрэсьліваецца, што вызваленьне закладнікаў можа спрыяць паляпшэньню амэрыканска-пакістанскіх адносінаў.

«Сёньня яны вольныя. Гэта пазытыўны момант для нашых адносінаў з Пакістанам», — заявіў прэзыдэнт ЗША.

XS
SM
MD
LG