Быў СССР — стала СНД
11 кастрычніка ў Сочы пройдзе сустрэча кіраўнікоў краін-удзельніц СНД.

СНД — Садружнасьць незалежных дзяржаў. Міжнародная арганізацыя, якая рэгулюе адносіны паміж часткай былых краін СССР. СНД — не наддзяржаўная арганізацыя (як, напрыклад, Эўразьвяз), яна дзейнічае па добраахвотным прынцыпе. У СНД няма адзінага органа, які можа дыктаваць удзельнікам свае рашэньні. Гэтым арганізацыя кардынальна адрозьніваецца ад СССР, замест якога была ўтвораная.

8 сьнежня 1991 году, у дзень ліквідацыі СССР. Дакумэнт аб стварэньні СНД падпісалі кіраўнікі Расеі — Барыс Ельцын, Украіны — Леанід Краўчук і Беларусі — Станіслаў Шушкевіч. Там гаварылася, што СССР спыняе сваё існаваньне, аднак, улічваючы гістарычную супольнасьць народаў, якія ў яго ўваходзілі, вырашана стварыць новую арганізацыю — Садружнасьць незалежных дзяржаў.

Праз два тыдні, 21 сьнежня, была падпісаная Алма-Ацінская дэклярацыя, якая замацавала стварэньне СНД. Новы дакумэнт падпісалі Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Казахстан, Малдова, Кіргізстан, Расейская Фэдэрацыя, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан і Ўкраіна. Зь ліку былых рэспублік СССР у СНД не ўвайшлі Грузія, Латвія, Літва і Эстонія.

Яшчэ праз два гады, 22 студзеня 1993 году, быў прыняты Статут СНД. А ў канцы 1993 году да СНД усё ж далучылася Грузія.

Акрамя былых постсавецкіх рэспублік, удзел у працы органаў СНД пэрыядычна бяруць прадстаўнікі Аўганістану і Манголіі (у якасьці назіральнікаў).

Першым быў Туркмэністан. Гэта здарылася на саміце СНД у Казані ў 2005 годзе і стала пэўнай нечаканасьцю для іншых удзельнікаў арганізацыі. Паводле афіцыйнай заявы кіраўніцтва Туркмэністану, выхад з СНД прадыктаваны «нязгодай з палітыкай арганізацыі». У чым канкрэтна была тая нязгода, Ашгабат не тлумачыў. Сапармурат Ніязаў, які на той момант быў прэзыдэнтам, да выхаду з СНД шмат гадоў ігнараваў саміты арганізацыі.

У 2008 годзе, пасьля жнівеньскай вайны з Расеяй, са складу СНД выйшла Грузія. Гэта адбылося літаральна праз тыдзень пасьля завяршэньня актыўных баявых дзеяньняў. Прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі заявіў пра гатоўнасьць супрацоўнічаць з усімі краінамі-ўдзельніцамі СНД, аднак ужо на ўзроўні асобных двухбаковых пагадненьняў.

У 2014 годзе, пасьля падзей у Крыме і на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей, пра магчымы выхад са складу СНД заяўляў афіцыйны Кіеў, аднак далей за словы не пайшло, і на дадзены момант Украіна застаецца сябрам арганізацыі.

Пра гатоўнасьць увайсьці ў склад СНД у розны час заяўлялі Абхазія (4 разы), Нагорны Карабах (1 раз), Прыднястроўе (5 разоў), Чачэнская рэспубліка Ічкерыя (2 разы), Татарстан (1 раз), Крым (3 разы), Рэспубліка Сербская Краіна (1 раз), Югаславія (1 раз). Усе заяўкі гэтых тэрыторый аб уваходжаньні ў СНД былі з розных прычын адхіленыя.

Галоўны орган СНД — Рада кіраўнікоў краін-удзельніц. Зьбіраецца яна двойчы на год. Усе рашэньні прымаюцца шляхам кансэнсусу. Кіраўнікі краін дамаўляюцца паміж сабой, а калі існуюць невырашальныя супярэчнасьці і ніхто з бакоў не зьбіраецца саступаць, рашэньне проста не прымаецца. Абмяркоўваюць галоўным чынам пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва. А таксама — вайсковыя і сацыяльныя.

Каардынуе выкананьне рашэньняў Рады кіраўнікоў краін СНД яшчэ адзін орган — Рада кіраўнікоў урадаў краін-удзельніц. Акрамя гэтага, яшчэ існуюць Рады міністраў замежных спраў краін-удзельніц, міністраў абароны, міністраў унутраных спраў, Эканамічны суд СНД, Міждзяржаўны банк і іншыя органы. На дадатак ёсьць Міжпарлямэнцкая асамблея краін-удзельніц СНД, куды ўваходзяць дэпутаты парлямэнтаў. Асамблея павінна працаваць над збліжэньнем заканадаўства краін СНД.

Каардынуе працу СНД Выканаўчы камітэт. Яго штаб-кватэры разьмешчаныя ў Менску (на вуліцы Кірава) і ў Маскве. Згодна з «Палажэньнем аб Выканкаме СНД» гэта адзіны орган Садружнасьці, які дзейнічае стала. Яго супрацоўнікі маюць статус, блізкі да статусу дыпляматычных работнікаў. У прыватнасьці, карыстаюцца недатыкальнасьцю памяшканьняў і імунітэтам. Вядома, што ў Выканкаме СНД пасьля звальненьня з пасады кіраўніка МУС Беларусі працаваў Анатоль Куляшоў.

Дакладная колькасьць супрацоўнікаў Выканкаму СНД у Палажэньні не абазначаная. Вядома толькі, што кіраўнік Выканкаму можа мець да чатырох намесьнікаў, кіраўнікі дэпартамэнтаў — па адным.

Агулам у межах СНД створана 84 разнастайныя органы, 66 зь якіх займаюцца пытаньнямі галіновага супрацоўніцтва.

Да 2014 году бюджэт СНД складаў каля 20 мільёнаў даляраў і фінансаваўся ўсімі краінамі-ўдзельніцамі, прычым асноўную частку яго складалі сродкі РФ (каля 13 млн), Украіны (2 млн), Казахстану (1,5 млн) і Беларусі (каля 1 млн). Аднак пасьля 2014 году Ўкраіна перастала ўдзельнічаць у фінансаваньні дзейнасьці СНД, чым выклікала насьцярожанасьць кіраўніка Беларусі.

«Зараз украінскі бок дэ-факта згортвае ўдзел у дзейнасьці ў СНД, не фінансуе агульны бюджэт, а яна (Украіна. — РС) другая была па памеры напаўненьня бюджэту пасьля Расеі», — казаў кіраўнік Беларусі на нефармальным саміце СНД у Маскве. — «Разам з тым выхаду Ўкраіны з СНД наўрад ці варта чакаць. Я таксама шмат гаварыў з кіраўніцтвам Украіны пра тое, што сьпяшацца ня трэба. Калі ўжо ня хочацца бываць на пасяджэньнях, але навошта выходзіць, потым увайсьці будзе складаней, як вось паступілі нашы грузінскія таварышы»

Па-першае, колькасьцю ўдзельнікаў. У Эўразійскі саюз уваходзяць Армэнія, Беларусь, Малдова, Расея, Казахстан і Кіргізстан. Склад СНД значна шырэйшы. Па-другое, рашэньні, прынятыя на самітах Эўразійскага эканамічнага саюзу, абавязковыя для выкананьня ўсімі ўдзельнікамі арганізацыі. Так было, напрыклад, з прыняцьцем адзінага для ўсіх краін-удзельніц мытнага кодэксу. У выпадку з СНД усё іначай. Яна служыць для краін-удзельніц хутчэй пляцоўкай, дзе можна сустрэцца і абмеркаваць важныя пытаньні, падпісаць неабходныя дамовы. Аднак гэтыя дамовы не абавязкова будуць дзейнічаць паміж усімі ўдзельнікамі СНД. Краіны могуць выконваць толькі тыя пагадненьні, якія адпавядаюць іх інтарэсам.

Нягледзячы на тое, што краіны-ўдзельніцы СНД пасьля падпісаньня дамовы аб яе стварэньні паўваходзілі ў іншыя арганізацыі (Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі, напрыклад), а саму СНД часта крытыкуюць за неэфэктыўнасьць, назваць яе існаваньне бессэнсоўным нельга. «Кожная краіна-ўдзельніца СНД сама выбірае ўзровень і глыбіню інтэграцыі ў межах Садружнасьці, — кажа палітоляг Арсені Сівіцкі. — Мне здаецца, што гэта самая важная рыса гэтай структуры. СНД працуе даволі неэфэктыўна. Але тым ня менш для постсавецкіх краін гэта пляцоўка для навязваньня кантактаў. Трэба недзе зьбірацца і размаўляць. СНД паволі распадаецца, аднак пункты супадзеньня інтарэсаў трэба шукаць. СНД — акурат такая пляцоўка».

Па словах палітоляга, Беларусь разглядае ўдзел у СНД як важны фактар сваёй зьнешняй палітыкі, які дазваляе вырашаць шырокае кола пытаньняў. У склад СНД уваходзіць большасьць былых краін СССР, гэта самая шматлікая арганізацыя зь іхнім удзелам, таму афіцыйнаму Менску важна быць актыўным чальцом Садружнасьці. «Беларусь, безумоўна, выкарыстоўвае гэтую пляцоўку для дасягненьня зьнешнепалітычных мэтаў», — кажа Сівіцкі.