«У нас няма сьвятароў — усе роўныя».
«У нас няма сьвятароў — усе роўныя»
Рэпартаж пра менскіх бахаі, якія вераць ва ўсясьветны парлямэнт і адзіную мову

Адміністрацыйны цэнтар менскай суполкі веры бахаі знаходзіцца ў Брылевічах. Часам, у першы дзень кожнага зь 19 месяцаў іхнага календара там адбываецца сьвяточная сустрэча. Пры нас на ёй былі дзесяць вернікаў: маліліся, гралі на інструмэнтах і сьпявалі. Чытайце ў нашым рэпартажы, які новы ўсясьветны парадак прапагандуе гэтая рэлігія ды чаму некаторыя беларусы абралі менавіта яе.

Вера бахаі (у беларускай мове ёсьць і варыянт багаі) зьявілася ў ХІХ стагодзьдзі ў Іране. Тады частка мусульман чакала новага прышэсьця прарока, аб якім было напісана ў хадзісах прарока Махамада. У 1844 годзе пра сваю місію абвесьціў Саід Алі Махамад, ці Баб: нібыта яго прыслаў Бог, каб распавесьці пра больш значнага прарока, які мусіць неўзабаве адкрыць сябе сьвету. Такім у 1863 годзе аб’явіў сябе Мірза Хусэйн Алі, ці Бахаула. Яны й заснавалі новую рэлігію.

Яе пасьлядоўнікі ставяць гэтых прарокаў у адзін шэраг з Мухамадам, Хрыстом, Будам, Заратуштрам, Крышнам, Майсеем. Бахаі вераць у адзінага Бога, які й прыслаў усіх пералічаных прарокаў. Яны маюць на мэце палітычнае адзінства ўсіх краінаў з усясьветным парлямэнтам, усеагульнай грашовай сыстэмай, міжнароднай мовай, якую будуць ведаць усе нароўні з роднаю. Цяпер новую рэлігію вызнаюць пяць мільёнаў вернікаў.

Першы бахаі ў Беларусі — Гэльмут Вінкельбах. Ён тут жыў з 1978 па 2007 год і зьехаў у Нямеччыну. Цяпер зарэгістраваныя суполкі ёсьць ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Горадні — там яна спыніла існаваньне праз адток вернікаў. Усяго ў краіне жывуць каля 300 бахаі.

Менскія бахаі зьбіраюцца ў памяшканьні на першым паверсе жылога дому ў Брылевічах

Мы прыходзім на сход менскай суполкі ўвечары ў нядзелю. У невялікім памяшканьні, роўным дзьвюхпакаёвай кватэры, нас сустракаюць Васіль і Пётра. У калідоры на падлозе стаяць плякаты з інфармацыяй пра веравызнаньне і выявамі сямі Дамоў пакланеньня, у тым ліку адзінага ў Эўропе — франкфурцкага.

Пётра — адзін са старажылаў суполкі. У 1987 годзе ён прачытаў у часопісе «Наука и религия» артыкул пра замежныя сэкты.

— Я зразумеў, што неўзабаве такое зьявіцца ў нас, ды вырашыў стварыць нешта сваё, каб узначаліць, — кажа суразмоўца. — Я верыў у моц чалавечага розуму й зьбіраўся стварыць рух з моцнай дактрынай, каб ніводзін атэіст не падкапаўся.

Адначасова Пётра дасьледаваў існыя рэлігіі ды неўзабаве зразумеў, што Бог насамрэч існуе й «не пагладзіць па галаве за гэтую ідэю», таму й пачаў выбіраць рэлігію сярод існых. Менавіта да бахаі яго прывёў аднакурсьнік у пачатку 1990-х гадоў.

— Я зразумеў, што чалавецтва разьвівалася паступова й Бог адкрываў нам сваё вучэньне, патрэбнае на канкрэтным гістарычным этапе, праз розных прарокаў. Тэарэтычна з прыходам Мухамада ўсе вернікі, у тым ліку хрысьціяне, мусілі стаць мусульманамі, а з прыходам Бахаулы — бахаі. На новым этапе чалавечага разьвіцьця прыйдзе чарговы прарок, і мы мусім зьмяніць веру, — дадае ён.

Дзевяціканцовая зорка — адзін з сымбаляў веры бахаі

На нядзельным сходзе прысутнічаюць дзесяць дарослых бахаі ды дзіця. На падлозе стаяць плякаты «Чым мы займаемся» і «Наймаладзейшая незалежная рэлігія сьвету». У адзінай у пакоі шафе стаяць кнігі, пераважна пра бахаі, украінскага ці расейскага выданьня. На беларускай мове — адзін зборнік малітваў. Галоўнай сьвятой кнігі рэлігіі — Кітабу-і-Агдас — няма. Затое ёсьць пра Чабурашку й кракадзіла Гену

Цымбалістка Ліда запальвае сьвечку перад пачаткам сходу

Па цэнтру залі стаіць стол. Галяндзец Даніэль раскладвае кніжкі па коле. Мужчына шэсьць гадоў жыве ў Беларусі, ажаніўся тут. Зараз ён выконвае абавязкі старшыні Мясцовага сходу менскай суполкі, пакуль сталы старшыня не абраны. У бахаі няма прафэсыйных сьвятароў, таму ён ня мае ўлады над іншымі.

Штогод абіраюць два органы — мясцовы й нацыянальны духоўныя сходы. У выбарах удзельнічаюць мужчыны й жанчыны, старэйшыя за 21 год. Ніякай агітацыі няма — кожны кіруецца сваім сумленьнем.

— Добры вечар. Мы пачынаем з малітвы, затым будзе адміністрацыйны час, затым вольны ці сацыяльны. Можаце выбраць малітву, — кажа праз паўзу Даніель.

Канстанцін, хлопец з Калінінграду, грае на гітары, і прысутныя сьпяваюць: «Благословенны местность, и дом, и место, и город, и сердце, и гора, и убежище, и пещера, и долина, и земля, и море, и остров, и луг, где Бога упомянули и Его восхвалили». Гэта пераклад на расейскую словаў Бахаулы.

Вернікі па чарзе чытаюць малітвы па-беларуску й расейску, Даніель — па-ангельску. Хтосьці чытае са зборніку, хтосьці з памяці. Цішыню часам парушае маленькі хлопчык.

Затым зноў гучыць гітара й новая песьня «Взыскую Бога одного, Он Вседостаточен. Кто имеет Веру, верен будь Ему». Гэтыя словы шматкроць паўтараюцца. Празь 14 хвілін першая частка сустрэчы сканчваецца.

Гутарым з Канстанцінам. Ён прыехаў з Калінінграду ў 2012 годзе вучыцца ў кансэрваторыі. У Менску і пазнаёміўся з бахаі — празь аднакурсьніцу Ліду, якая тут грае на цымбалах.

— Мяне натхніла шчырасьць бахаі. Гэта наймаладзейшая рэлігія, няма напластаваньняў і скажэньняў пасьлядоўнікаў. Тут усё чыста й прыгожа. Таксама, што важна, жыцьцёвыя праекты: дапамагаем дзецям, займаемся творчасьцю. Вера зьмяняе жыцьцё, дае ўнутраны штуршок да самаразьвіцьця, — упэўнены хлопец.

Суразазмоўца жыве ў Менску апошні год і напэўна вернецца дадому. Ён ужо даведаўся пра калінінградзкую суполку бахаі ды зьбіраецца яе наведваць.

Вернікі застаюцца на другую — адміністрацыйную — частку. На ёй могуць прыстутнічаць толькі бахаі. Мы йдзем з Васілём у суседні пакой.

— Я стаў бахаі ў Віцебску, дзе жыў да пераезду ў Менск у 1996 годзе. Убачыў аб’яву з запрашэньнем на прэзэнтацыю ды прыйшоў. Раней шукаў сябе ў розных рэлігіях, а ў бахаі адразу адчуў, што гэта маё. Тут я атрымаў дасьведчаныя лягічныя адказы, — распавядае Васіль.

Спачатку ён каля дзесяці гадоў служыў сакратаром Нацыянальнага сходу: вёў усе справы суполкі, займаўся перакладамі, будаваў зносіны з уладамі й рознымі арганізацыямі. Па ягоных словах самы залаты час для беларускіх бахаі быў у пэрыяд з 2000 па 2005 гады. Раней арганізацыя выдавала газэту, іншыя паліграфічныя матэрыялы, мела ўласны танцавальны калектыў. Васіль заўважае, што асаблівага прагрэсу ў развіцці руху бахаі ня бачна: моладзь вырасла, шмат хто зьехаў, а новага прытоку няшмат.

— Пасьля таго як я скончыў служэньне ў Нацыянальным офісе, пайшоў добры кар’ерны рост: працую ў ІТ-сфэры, добра зарабляю. Як і большасьць, маю сталую працу: праз гэта не хапае часу разьвіваць нашую суполку. Грошы мы таемна кладзем ў скарбонку падчас трэцяй часткі 19-дзённага сьвята. Сума — на сумленьні кожнага. Замежная падтрымка з Ізраілю ёсьць, бо ня можам фінансаваць усю сваю дзейнасьць. Напрыклад, за арэнду гэтага памяшканьня мы плоцім 600 даляраў штомесяц. З нас не бяруць падатку на прыбытак, — кажа суразмоўца.

У суседнім пакоі скончылася другая, адміністрацыйная частка сходу ды пачынаецца трэцяя, творчая. Ліда грае на цымбалах, яе муж Сяргей на флейце, а Канстанцін — на гітары. Астатнія слухаюць ды частуюцца гарбатай і прысмакамі.



Над праектам працавалі:
Тэкст: Павал Дабравольскі
Фота: АШ
2017 © Радыё Свабода