Міністэрства ўнутраных справаў Гішпаніі абвясьціла аб адпраўцы паліцэйскага падмацаваньня ў Каталёнію для забесьпячэньня парадку ў рэгіёне і для таго, каб не дапусьціць правядзеньня рэфэрэндуму за незалежнасьць 1 кастрычніка. У суботу, 23 верасьня, гішпанскія СМІ паведамляюць, што каталёнскія сілы правапарадку маюць перайсьці пад кантроль Мадрыду.
МУС Гішпаніі не называе дакладных лічбаў, але мясцовыя СМІ паведамляюць, што ў рэгіён адправіліся 3000 — 4000 гішпанскіх паліцыянтаў і службоўцаў цывільнай гвардыі Гішпаніі.
У суботу гішпанская газэта El Pais піша, што аўтаномная паліцыя Каталёніі, у якой служаць 17 000 чалавек, і мясцовае падразьдзяленьне цывільнай гвардыі (5 000 чалавек) пераведзеныя пад непасрэднае кіраваньне МУС Гішпаніі. Гэта было зроблена на распараджэньне ўраду Гішпаніі на чале з прэм’ер-міністрам краіны Марыяна Рахоем.
Тым часам міністар унутраных справаў аўтаномнага каталёнскага ўраду Жаакім Форн паведаміў, што каталёнская паліцыя (Mossos d'Esquadra) застанецца пад кантролем аўтаномнага ўраду і ня будуць падпарадкоўвацца цэнтру.
Генэралітэт Каталёніі, якім кіруе Карлэс Пудждэмон, нягледзячы на непасрэдную забарону з боку цэнтральнага кіраўніцтва, пацьвярджае свой намер правесьці рэфэрэндум аб незалежнасьці 1 кастрычніка. Гішпанскія ўлады лічаць гэты рэфэрэндум замахам на тэрытарыяльную цэласьць краіны. Але парлямэнт Каталёніі два гады таму ўхваліў рэзалюцыю аб незалежнасьці, адкрыла шлях да аддзяленьня ад Гішпаніі.